Фрыдман: За рэпрэсіі ў Беларусі адказвае не Пуцін, а Лукашэнка

Як характарызуюць Лукашэнку пастаянныя візіты ў Маскву? Ці сапраўды Крэмль дабіваецца паўнавартаснага ўцягнення Беларусі ў вайну? І ці можна лічыць рэжым Лукашэнкі акупацыйнай адміністрацыяй? Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

_belarus_2022_drot_turma_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas_logo.jpg


Лукашэнка лётае ў Расію як на працу. Сёння адбылася яго чарговая сустрэча з Пуціным. За апошні месяц — трэцяе іх спатканне.
— Пастаянныя візіты ў Расію характарызуюць Лукашэнку як чалавека залежнага, гэта абсалютна асіметрычныя адносіны, — мяркуе Аляксандр Фрыдман. — І самае галоўнае, мы фактычна не ведаем, што яны абмяркоўваюць падчас гэтых сустрэч: інфармацыя ў публічнай прасторы з’яўляецца вельмі селектыўна. Мінулым разам была гісторыя з ядзернай зброяй. І гэтым разам таксама. Але пра што яны не дамовіліся, калі Лукашэнку даводзіцца раз за разам лётаць у Маскву, цяжка сказаць. Чаму яны не могуць правесці перамовы праз тэлефон? Выглядае досыць кур’ёзна. Можа, гэтыя людзі проста не давяраюць сучасным сродкам камунікацыі, можа, яны і сапраўды лічаць, што найлепшая камунікацыя для іх — сустрэчы сам-насам? Паколькі для Пуціна нейкія паездкі пасля ордэра Гаагскага суда вельмі рызыкоўныя, то ездзіць даводзіцца Лукашэнку.
А можа, тут галоўную ролю адыгрывае псіхалагічны чыннік. Абодва апынуліся ў міжнароднай ізаляцыі, таму маюць патрэбу адзін у адным? Я б не выключаў і такога матыву.
— Напярэдадні дэпутат Дзярждумы РФ Канстанцін Затулін патрабаваў, каб «і Беларусь прыняла ў гэтым удзел (у вайне). Калі і не напрамую, дык гэтак жа, як і на першым этапе спецыяльнай аперацыі, даць сваю тэрыторыю, каб нашы Узброеныя сілы маглі з гэтай тэрыторыі праводзіць аперацыі». Крэмль сапраўды дабіваецца поўнамаштабнага ўдзелу Беларусі ў вайне?
— Я б не перабольшваў ролі Затуліна. У Расіі дэпутаты, чыноўнікі карыстаюцца большай самастойнасцю, чым у Беларусі; яны ўсе адданыя, гавораць толькі патрэбнае, але межы дазволенага ў іх шырэйшыя. У Беларусі поўнасцю ўсё нівеліравана. У лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, прапагандыстаў ёсць пэўныя адрозненні ў форме падачы: ёсць хамы кшталту Азаронка або Мукавозчыка — гэта іхні стыль паводзінаў, «дэпутату» Гайдукевічу таксама адведзена роля «хама», які выходзіць, каб абразіць іншых. Ёсць людзі, якія выглядаюць больш «цывілізавана», хаця паводзіны Гігіна або Марзалюка цяжка назваць цывілізаванымі. Але калі вы параўнаеце выступленні Азаронка і Марзалюка, то пачуеце-прачытаеце адно і тое ж. Лукашэнка нешта сказаў — прапагандысты займаюцца далейшым парафразам: самастойнасці няма ніякай; нават творча развіваць думкі Лукашэнкі нельга — трэба арыентавацца на арыгінал. У гэтым сэнсе Лукашэнка — беларускі «таварыш Сталін», бо гэта схема менавіта так функцыянавала ў Савецкім Саюзе: таварыш Сталін нешта сказаў — астатнія паўтаралі яго словы.


У Расіі сітуацыя выглядае трохі інакш. Канешне, дэпутаты, чыноўнікі арыентуюцца на Пуціна, але некаторая самастойнасць дазволена: галоўная лінія не змяняецца, а ступень радыкальнасці можа быць рознай. Што да Затуліна, то ён даўно праводзіць лінію на падпарадкаванне постсавецкіх краін Расіі, уцягванне іх ва ўсе працэсы, якія адбываюцца ў РФ. І ягоныя словы абсалютна лагічныя, як з расійскай званіцы: у нас ёсць саюзнік, які павінен зрабіць тое, тое і тое. Затулін не адзін такі, калі паглядзець на расійскіх персон, якія лічаць сябе спецыялістамі па Беларусі — той жа публіцыст Суздальцаў. Ён жа пастаянна папракае Лукашэнку: робіць мала, можа падмануць. Гэта дазволена. Праблемы ў Затуліна ўзніклі не з-за таго, што ён пакрытыкаваў трохі Беларусь ці больш патрабуе ад Лукашэнкі; праблемы ўзніклі з-за таго, што ён пакрытыкаваў вайну, галоўныя мэты Расіі ў вайне. А крытыкаваць Лукашэнку — чаму не? Тым больш што яны слушна абураюцца, з пункту гледжання расійскай званіцы. Шпакоўскі ў адной з прапагандысцкіх перадач павучаў, што Расія павінна абвясціць мабілізацыю, павінна па-сапраўднаму змагацца; пры гэтым ён ужываў займеннік «мы». Гігін паўсюль кажа, што ў нас супольныя інтарэсы — звяржэнне Зяленскага адпавядае інтарэсам Беларусі. Калі расійскія імперыялісты, шавіністы кшталту Суздальцава ці Затуліна такое чуюць, то ў іх узнікае слушнае пытанне: хлопец, гэта ў вашых інтарэсах, гэта вам патрэбна, а заклікаеш нас да мабілізацыі. А дзе ж Лукашэнка? Гэта яго «спецыяльная ваенная аперацыя»? Калі яго, то хай дасылае войска, хай нешта робіць. Балбатня Лукашэнкі — гэта яго галоўны бізнес: прадаваць паветра, прадаваць пацалункі, якія патрэбны закамплексаванай расійскай палітычнай эліце, каб яе паважаў хоць нехта. А Лукашэнка гэта добра адчувае і гуляе на іх комплексах, прычым гуляе выдатна ўжо колькі дзесяцігоддзяў. І зараз працягвае сваю лінію. Але любоў такая штука, што проста словы не працуюць: я для вас усё зраблю, калі вы нешта зробіце і для мяне.
Лукашэнка заместа спраў упірае расіянам словы. А што ён можа зрабіць, калі нават тая частка беларускага грамадства, якая падтрымлівае Расію, выступае супраць удзелу ў вайне? Даследаванні Chatham House паказваюць, што падтрымлівае толькі некалькі маргінальных адсоткаў.
Пэўная логіка ў словах Затуліна ёсць. Але за гэта Лукашэнка яго і не паважае: у іх заўсёды былі складаныя адносіны. Затулін належыць да той фракцыі, якая лічыць, што Расію ўсе павінны паважаць. Але затулінскай фракцыі гэтага замала — яна жадае канкрэтных спраў. Таму Лукашэнку не паважаюць і Затулін, і Суздальцаў — менавіта за тое, што ён такі прарасійскі, але асноўным чынам на словах, а на справе ён зрабіў вельмі мала. Гэта такі парадаксальны погляд, прыхільнікам якога можна лічыць і ўльтранацыяналіста Стралкова. З пункту гледжання нацыянальна арыентаванай часткі беларускага грамадства Лукашэнка даўно ўжо расійская марыянетка, якая цалкам працуе на Расію. З пункту гледжання рускіх ультранацыяналістаў Лукашэнка ніякая не марыянетка, Лукашэнка нібыта беларускі нацыяналіст, які прасоўвае «беларускую справу» і выкарыстоўвае Расію ў сваіх інтарэсах.
— Рэжым Лукашэнкі называюць акупацыйнай адміністрацыяй. Ці адпавядае гэта характарыстыка рэчаіснасці?
— Гэта вельмі эмацыянальная характарыстыка. Чаму яна прасоўваецца, таксама зразумела — гэта наратыў беларускіх дэмакратычных сіл. Яны прасоўваюць фактычна вобраз дзвюх зусім розных краін. З аднаго боку, існуе рэжым Лукашэнкі — цалкам прарасійскі, русафільскі; Зянон Пазняк з 1994 года паўтарае, што гэта рэжым небеларускі, прамаскоўскі, навязаны Крамлём. У пэўным сэнсе гэты наратыў сёння выкарыстоўвае не толькі Пазняк, не толькі Полк Каліноўскага, гэты наратыў узяла на ўзбраенне Святлана Ціханоўская. Яна паказвае, што ёсць рэжым Лукашэнкі — фактычная марыянетка Крамля, які выконвае ўсё, што патрэбна Маскве — гэта нават не Беларусь, гэта акупацыйны рэжым. А сапраўдная Беларусь — тая, што паднялася супраць дыктатуры ў 2020 годзе, тая Беларусь, якая падтрымлівае Украіну, тая Беларусь, якая выступае супраць вайны. Тут прысутнічае імкненне паказаць, асабліва Захаду, што рэжым Лукашэнкі не адпавядае інтарэсам большасці беларусаў і што большасць беларусаў не прымае гэты рэжым. У такім кантэксце ўзнікае вобраз акупаванай краіны.
Насамрэч мне такая карціна падаецца значным перабольшаннем. Трэба прызнаць, што рэжым Лукашэнкі адпавядае жаданням пэўнай часткі беларускага грамадства. Нельга сёння сказаць, што Лукашэнка не карыстаецца ўвогуле ніякай падтрымкай. Не, хапае людзей, якія падтрымліваюць Лукашэнку, яго курс, хапае людзей, якія стаяць на прарасійскіх пазіцыях — гэта пацвярджаюць і згаданыя даследаванні Chatham House.

Рэжым Лукашэнкі не навязалі беларусам — гэта выбар саміх беларусаў у 1994 годзе. Беларусы абралі Лукашэнку, а потым, у другой палове 90-х гадоў, большасць пагадзілася з усталяваннем дыктатарскага рэжыму. І на працягу нулявых і 2010-х гадоў суіснавала з гэтым рэжымам.


У 2020 годзе таксама нічога прынцыпова не змянілася: не прынесла Расія рэжым Лукашэнкі на сваіх штыках.
Нельга параўноваць падзеі 2020 года з тым, што адбылося ў Італіі ў часы Другой сусветнай вайны: спачатку Мусаліні быў звергнуты, а затым немцы вярнулі яго да ўлады. У Беларусі да гэтага не дайшло; магчыма, калі б падчас пратэстаў Лукашэнку зрынулі (гледзячы на сітуацыю з вышыні сённяшняга дня), хутчэй за ўсё, у Беларусь увайшлі б расійскія войскі і паспрабавалі б вярнуць яго да ўлады. Але гэта толькі гіпатэтычныя разважанні.
Рэжым Лукашэнкі — прарасійскі, які арыентуецца на Расію і займаецца насаджэннем ідэалогіі «рускага свету» ці, прынамсі, не супраціўляецца яго прыходу ў Беларусь, ён знішчае беларускую культуру, вядзе барацьбу з беларускай мовай, фактычна абраў шлях у Расію і з Расіяй. Але ўсё гэта не робіць рэжым Лукашэнкі акупацыйнай адміністрацыяй. Акупацыйная адміністрацыя з’явіцца тады (я спадзяюся, што гэтага ніколі не адбудзецца), калі, напрыклад, амбасадар РФ Грызлоў стане фактычным кіраўніком Беларусі. Але да гэтага яшчэ далёка.


Я б не выкарыстоўваў характарыстыку «акупацыйны рэжым», бо яна пабудавана на эмоцыях. Гэта эмоцыі і пэўны палітычны разлік. Беларуская рэчаіснасць выглядае трохі інакш: гэты рэжым трымаецца не толькі на Расіі, гэты рэжым трымаецца і на наменклатуры. А лукашэнкаўская наменклатура — не прывезеныя з Расіі чыноўнікі, гэта мясцовыя кадры. Можна казаць, што на чале сілавых структур Беларусі стаяць людзі, якія не паходзяць з Беларусі, якія маюць расійскую сацыялізацыю і арыентуюцца на Расію — усё так. Але шараговыя службоўцы, супрацоўнікі карных органаў, у юстыцыі — гэта беларусы, з Беларусі, людзі, якія ў такіх умовах робяць кар’еру. Гэта не імпартаваныя кадры. І за рэпрэсіі адказвае не Пуцін, а Лукашэнка: усе рэпрэсіі, усе ўнутрыбеларускія падзеі — гэта лукашэнкаўская дзейнасць, без асаблівага ўмяшання Масквы. Крэмль у пэўнай ступені кантралюе сілавыя органы. Я б не стаў перабольшваць самастойнасць Лукашэнкі, але і не стаў бы яе змяншаць.


Мы знаходзімся ў цяжкім становішчы: рэжым аўтарытарны, жорсткі, непразрысты, і ў нас няма інсайдаў. У нас і блізка няма той сітуацыі, як у Расіі, дзе нават незалежная прэса час ад часу друкуе інфармацыю з адміністрацыі прэзідэнта. Расія ўсё ж такая вялікая краіна і такія розныя інтарэсы сярод уладных груповак, што ад гэтага выйграюць назіральнікі: ад розных крыніц ідзе розная інфармацыя, якая дазваляе лепш зразумець палітычныя працэсы. У Беларусі гэтага няма, ну няма інсайдаў! Колькі часу ўжо ідуць разважанні пра сённяшні стан беларускага войска, якія настроі там пануюць.
І вось на гэтым тыдні выйшла публікацыя ў «Нашай Ніве»: яны паразмаўлялі з былым вайскоўцам, які расказаў пра настроі ў войску. Але гэта не афіцэры, не вышэйшыя афіцэры — з гэтых колаў няма інсайдаў. Сістэма настолькі герметычная, што мы пра многае проста не ведаем: няма ніякіх інсайдаў з КДБ, з іншых сілавых структур, нягледзячы на тое, што сярод кіраўнікоў дэмакратычных сіл ёсць людзі, якія доўгі час з’яўляліся часткай гэтага рэжыму. Так, раз-пораз нешта трапляе ў публічную плоскасць, але гэтыя ўцечкі не носяць сістэматычнага характару. Насамрэч мы і не ведаем, як функцыянуе гэты рэжым, мы толькі можам спекуляваць на гэту тэму.
Але ў ацэнках самастойнасці Лукашэнкі я б усё ж не зводзіў яго да ролі расійскай марыянеткі.