Аляксандр Фрыдман: Пошук ворагаў — звычайная справа сярод апазіцыі, якая не мае шанцаў на ўладу

Беларуская эміграцыя ідзе шляхам іспанскай, якая таксама спадзявалася на звяржэнне дыктатуры Франка пасля завяршэння Другой сусветнай вайны, мяркуе Аляксандр Фрыдман.

Фота: BYPOL

Фота: BYPOL


Пачаліся разборкі ўнутры Байпола, які прэзентаваў сябе як сілавы складнік беларускіх дэмакратычных сіл. І ўжо няма вялікай розніцы, ці Аляксандр Азараў звольніў Мацвея Купрэйчыка за адмову праходзіць паліграф і прыхватызацыю сацсетак, ці, наадварот, звольнілі якраз Азарава за адмову даваць фінансавую справаздачу. Як і не іграе ніякай ролі тая акалічнасць, што Аб'яднаны пераходны кабінет абвясціў пра пачатак праверкі канфлікту ў ByPol.
Унутраны канфлікт падрывае давер да беларускай дэмакратычнай апазіцыі ў цэлым.
Што азначаюць разборкі ў дэмакратычным лагеры? «Новы Час» пагаварыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Для апазіцыі ў выгнанні, якая не мае рэальных шанцаў прыйсці да ўлады, з абмежаванымі магчымасцямі ўплыву, з фінансавай залежнасцю ад еўрапейцаў і амерыканцаў (іншых крыніц фінансавання няма!), гэта звычайная з'ява. У Расіі ёсць каму фінансаваць расійскую апазіцыю, у Беларусі — няма, асноўны донар беларускай дэмакратычнай апазіцыі — Захад. Калі Захад перастане выдаткоўваць грошы, то ўся выбудаваная ў эміграцыі дэмакратычная інфраструктура праз пэўны час проста можа перастаць існаваць. Ва ўмовах, калі ўсё вельмі неспрыяльна ўнутры Беларусі, калі шанцаў на перамогу сёння няма і ўвогуле калі беларусы сёння не вырашаюць свайго лёсу (Лукашэнка знаходзіцца пад кантролем Масквы, а дэмакратычныя сілы могуць атрымаць шанец толькі пры ўмовах, што Украіна пераможа, а Захад працягне іх падтрымліваць), пачынаецца змаганне паміж сабой, прычым радыкальнае змаганне. Зразумела, пэўную ролю адыгрывае фрустрацыя: ты нічога не можаш зрабіць з Лукашэнкам, але пад бокам ёсць апаненты, з якімі ты можаш змагацца.
Што яшчэ трэба падкрэсліць? Пошук ворагаў — гэта нармальная з’ява для людзей, якія атрымалі палітычную сацыялізацыю ва ўмовах дыктатуры. Пошукі ворагаў, пошукі агентаў у такіх структурах становяцца звычайнай справай. Я вельмі многа казаў у розных эфірах: тое, што адбываецца зараз у Беларусі на палітычным узроўні (зараз гэтыя працэсы дайшлі да Байпола), не з’яўляецца беларускай асаблівасцю. Гэта праходзілі многія рухі, якія апынуліся ў эміграцыі, якія сварыліся да апошняга. Гэта адбылося з расійскімі сацыял-дэмакратамі: бальшавікі і меншавікі вялі жорсткую барацьбу паміж сабой, тое ж самае адбывалася і сярод палітычных эмігрантаў у Іспаніі пасля ўсталявання дыктатуры Франка. У іх, дарэчы, таксама была надзея, што Другая сусветная вайна скончыцца і іспанская дыктатура будзе зрынута. Так, іспанская дыктатура ў вайне паводзіла сябе нейтральна, але Франка прыйшоў да ўлады з дапамогай Гітлера; Франка дасылаў добраахвотнікаў на фронт, каб змагацца з Савецкім Саюзам. У іспанскіх праціўнікаў дыктатуры цеплілася надзея, што пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, пасля падзення рэжымаў Гітлера і Мусаліні саюзнікі (брытанцы і амерыканцы) дабяруцца і да Франка. Але яны вырашылі гэтага не рабіць, бо палічылі, што ў Іспаніі да ўлады могуць прыйсці камуністы, а з дыктатарам Франка прасцей дамовіцца. І проста пакінулі яго ў спакоі. І што пачалося сярод іспанскіх эмігрантаў, калі яны зразумелі, што Франка застаецца, што ўсе мары пра знікненне дыктатуры марныя? Яны пачалі барацьбу паміж сабой: Франка далёка — яму ты нічога зрабіць не можаш, а твае канкурэнты за палітычную ўвагу — побач.


Менавіта гэта мы і назіраем сярод беларускай эміграцыі. З аднаго боку, Ціханоўская і розныя іншыя плыні, напрыклад, той жа Цапкала, якія вядуць з ёй барацьбу, а цяпер гэтыя працэсы дайшлі і да Байпола. Для беларускіх дэмакратычных сіл гэта вельмі дрэнна, бо гэта іх аслабляе. Значна аслабляе.
Але гэта ўнутраныя сваркі — каго яны цікавяць? Тых, хто сочыць за беларускай дэмакратычнай апазіцыяй, і ўладу, бо ёй гэтыя сваркі падабаюцца, яны паціраюць ад радасці рукі. А на Захадзе гэты скандал нікога асабліва і не зацікавіць. На Захадзе пытанне пра стаўленне да Ціханоўскай у Беларусі сёння звычайна не разглядаецца. Яе называюць нацыянальным лідарам ці лідарам апазіцыі. Пытанне пра ўзровень яе папулярнасці ў Беларусі не ўздымаецца. Галоўны козыр Ціханоўскай па-ранейшаму — яе кантакты на Захадзе, а што зараз засталося ад яе папулярнасці ў Беларусі? І гэта аб'ектыўны працэс. Палітыкі, што дзейнічаюць у эміграцыі, страчваюць папулярнасць на Радзіме.