«Лукашэнка — частка інфармацыйнага крамлёўскага спектакля»

Аляксандр Лукашэнка расчахліў ядзерную дубінку, каб спыніць баявыя дзеянні ў Белгарадскай вобласці? «Новы Час» пагаварыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Ілюстрацыйная выява

Ілюстрацыйная выява


Беларускі правіцель абвясціў, што «зробленая Захадам у 2022 годзе беспрэцэдэнтная спроба абмежаваць нашы зносіны з вамі, свабодны рух (памятайце) грузаў чыгуначным і аўтамабільным транспартам як з Расіі, так і з Беларусі», была асуджаная на правал.
«Потым няхай не крыўдуюць. Пры тым мы ж нікому не пагражаем. Мы проста захоўваем нашы інтарэсы — Беларусі і Расіі. Пакуль з цяжкасцю, але ўдаецца неяк трываць усе гэтыя выхадкі. Але бясконца гэта проста працягвацца не можа. Таму кіраўніцтва, падкрэсліваю, кіраўніцтва балтыйскіх дзяржаў, ды, мусіць, і Польшчы, павінна гэта выдатна разумець», — заявіў Лукашэнка, прымаючы губернатара Калінінградскай вобласці РФ Антона Аліханава.
Па завядзёнцы, Лукашэнка слоў не выбіраў і называў дзеянні Захаду «эканамічнай вайной, і не толькі эканамічнай, якую нам варʼяты гэтыя вядомыя спрабуюць абвясціць».
Знявагі і абразы даўно ўжо сталі візітоўкай Лукашэнкі — гэта не навіна. Але чаму ён ізноў абрынуўся на сваіх «любімых» суседзяў?
— Лукашэнка на сустрэчах з прадстаўнікамі Расіі (а такія сустрэчы рэгулярныя) проста бярэ апрабаваную рыторыку, задзейнічае свой традыцыйны інструментарый і творча яго апрацоўвае: галоўныя тэзісы не змяняюцца, а форма крыху змяняецца, — лічыць Аляксандр Фрыдман. — Лукашэнка — частка інфармацыйнага крамлёўскага спектакля, ён робіць гэтыя заявы, каб прыцягнуць увагу да сябе і спадабацца расійскай аўдыторыі. Мне падаецца, што калі мінулым разам ён сустракаўся з Пуціным, напэўна, абмеркавалі прынцыповыя пытанні, і Лукашэнку дазволена выкарыстоўваць ядзерны шантаж. Тым больш, што Расіі якраз гэта зараз і патрэбна ў кантэксце падзеяў у Белгарадскай вобласці. Каб паўплываць на заходнюю аўдыторыю, каб заходнія палітыкі націснулі на Кіеў з мэтай спыніць тое, што адбываецца ў Белгарадскай вобласці.


Відавочна, што сама Расія не ў стане ўсё гэта спыніць, у яе няма нейкага адэкватнага адказу.

А гэта значыць, што раней ці пазней у сувязі з падзеямі ў Шэбекіна, у Белгарадзе прыйдзецца зноў расчахляць ядзерную дубінку. Адсюль і пагрозы. Магчыма, сённяшнія паводзіны Лукашэнкі — гэта пачатак.

Усё астатняе — творчая апрацоўка звычайных наратываў, але гэтым разам у дачыненні да Калінінграда: тэрыторыя памежная, побач з Беларуссю. Лукашэнка дакладна ведае, што казаць, што абавязкова павінна спадабацца Расіі, якімі словамі і каго трэба абражаць. Гэта не экспромты, гэта хатняя загатоўка, якая была выплюхнутая ў інфармацыйную прастору. Але ўмовы неспрыяльныя: на яе не звярнулі ўвагу, я маю на ўвазе заходнюю прэсу. На фоне падзеяў у Белгарадскай вобласці, на фоне скандалу з удзелам Прыгожына, на фоне ўкраінскага контрнаступу не да развагаў Лукашэнкі.
Пакуль уся ягоная рыторыка — тыповы лукашэнкаўскі пшык, які захад амаль не заўважыў.
— Як і ягоную «вар’яцкую» лексіку»…
— Да ягоных абразаў ужо прызвычаіліся. Тут жа пытанне ў чалавечай псіхалогіі: калі адэкватны палітык раптам пачынае абражаць сваіх апанентаў, тады на гэта звяртаюць увагу. А для Лукашэнкі гэта тыповая палітыка, тыповая рыторыка, усе адрасаты дакладна ведаюць, што ён чалавек, мякка кажучы, спецыфічны, і паводзіны таксама спецыфічныя. У яго такая агульная палітычная культура. Дык чаго абражацца? Калі Лукашэнка крытыкуе сваіх праціўнікаў, то ён, не задумваючыся, выкарыстоўвае словы «хворыя», «псіхічна хворыя» — гэтую лексіку ён выкарыстоўвае для абразаў. Ён паказвае свае стаўленне да хворых людзей, да людзей з псіхічнымі захворваннямі — ён выкарыстоўвае гэтых людзей, іхнія хваробы, каб некага абразіць. І гэта многае нам гаворыць пра яго светапогляд.
Але ён не выйшаў на якасна новы ўзровень. Калі б Лукашэнка стаў ужываць прыгожынскую лексіку, вось гэта маглі заўважыць.
— Тое, што выпады скіраваныя супраць Польшчы і краін Балтыі — самых заклятых яго ворагаў — таксама не навіна.
— Гэта насамрэч галоўныя ворагі Лукашэнкі. Тэма Польшчы і Літвы ўсплыла на паверхню, бо гэта традыцыйныя яго ворагі. І тут прысутнічае яшчэ і калініградскі кантэкст: абедзве краіны Еўразвяза мяжуюць з Калінінградскай вобласцю.


У Польшчы напярэдадні выбараў абвастраюцца палітычныя працэсы, яны лёсавызначальныя: цалкам магчыма, што перыяд панавання ПіСа скончыцца, можа стацца так, што з’явіцца зусім новы ўрад, і ПіС пакіне ўрад. Той жа Лукашэнка ды іншыя афіцыйныя асобы выказваліся, што Польшча выкарыстоўвае беларускую тэму. Але і Лукашэнка, і Расія паўсталі перад дылемай: у Польшчы для іх няма добрых варыянтаў. Калі ПіС застанецца ва ўладзе — нічога добрага, але і прыход да ўлады Дональда Туска харошых сюрпрызаў не абяцае: польская палітыка ў дачыненні да Лукашэнкі і да Пуціна прынцыпова не зменіцца. Лукашэнка дакладна разумее, як мне падаецца, што на ўкраінска-беларуска-расійскім кірунку магчымае абвастрэнне, звязанае з унутрыпалітычным становішчам у Польшчы. Тое, што ў Белгарадскай вобласці засвяціліся польскія добраахвотнікі, то польскія ўлады, напэўна, ведаюць пра гэта — момант яшчэ большай эскалацыі ў адносінах з Расіяй таксама выкарыстоўваецца ў польскай палітыцы, таму што гэта магчымасць заваяваць дадатковыя галасы. Думаю, выбары не прынясуць зменаў Лукашэнку і Пуціну, рыторыка будзе вельмі жорсткай.
З аднаго боку, Лукашэнка і Пуцін хацелі б, каб ПіС выбары прайграў, але адначасова яны ведаюць, што ўплываць на вынікі выбараў яны не здольныя, а нават змена ўрада ў Польшчы прынцыпова не паўплывае на палітыку.


Лукашэнку вельмі трэба, каб яго заўважалі, каб яго ўспрымалі. А насамрэч акрамя рыторыкі ў яго нічога няма. Мне падаецца, што сённяшні Лукашэнка ўспрымаецца як у прымаўцы: як сабака, які моцна гаўкае, але не кусаецца. А навошта на яго звяртаць увагу? Выглядае так, што на Захадзе пытанне Лукашэнкі закансерваванае: там дабіліся, што ён у вайне не ўдзельнічае, а астатняе — неяк будзе.
Дарэчы, Еўразвяз пашырыў санкцыйны спіс, у які ўключылі шэраг асобаў, датычных да працэсу над Уладзімірам Кара-Мурзой у Маскве. Гэта зроблена вельмі аператыўна. Калі заходзіць гаворка пра тое, каб дадаць у санкцыйныя спісы суддзяў ці паліцыянтаў, то пытанняў не ўзнікае, тут ніякіх эканамічных інтарэсаў няма. І тут няма вядомых асобаў, кшталту патрыярха Кірыла, супраць уключэння якога ў санкцыйныя спісы выступала Венгрыя. Усе шараговыя службоўцы патрапілі ў санкцыйныя спісы. Але тут узнікае пытанне: чаму персоны, датычныя да расправы над Кара-Мурзой, уключаныя ў санкцыйныя спісы, а датычныя да расправы над Алесем Бяляцкім па-ранейшаму знаходзяцца па-за санкцыямі, хаця ўжо колькі месяцаў мінула з прысуду. 
Для мяне гэта — сімптом кансервацыі сітуацыі.