Беларуская медыцына і санкцыі: што насамрэч дабівае ахову здароўя?

Чыноўнікі спіхваюць усе няўдачы на санкцыі. Але ці толькі праз іх пакутуе беларуская медыцына?

fota__novy_czas2_logo.jpg


Беларускія ўлады працягваюць дамагацца скасавання заходніх санкцый у дачыненні да Мінска, і гэтым разам гаворка ідзе пра медыцыну. Прадстаўніца Беларусі пры ААН папярэдзіла, што беларусы, якія маюць патрэбу ў леках, могуць застацца без іх.

Наўпроставай забароны на продаж Беларусі медпрэпаратаў ні ЕС, ні ЗША не ўводзілі. А выдаткі беларускага дзяржбюджэту на медыцыну апошнія пяць гадоў толькі растуць, і ўсё ж ускосна ўведзеныя Захадам абмежаванні закранулі і гэту сферу: правалены праект па стварэнні нацыянальнай сістэмы электроннай аховы здароўя. З якімі яшчэ праблемамі сутыкнулася медыцына ў краіне — у матэрыяле «Нямецкай хвалі».

Як харвацкая кампанія сышла з беларускага рынку

Пастаянная прадстаўніца Беларусі пры аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская заявіла, што санкцыі шкодзяць беларускай медыцыне і могуць стварыць «рэальную пагрозу для забеспячэння неабходнымі прэпаратамі тых, хто найбольш у гэтым мае патрэбу». Залежнасць краіны ад замежнага абсталявання, паводле даных Міністэрства аховы здароўя, дасягае 60%, ад лекаў — 50%.

Заходнія краіны не ўводзілі ў дачыненні да Мінска санкцый, якія непасрэдна тычацца сферы медыцыны. Наадварот, у рашэннях аб прыняцці абмежаванняў адзначаецца, што забарона не тычыцца медыцынскіх вырабаў і прэпаратаў. Дзякуючы садзейнічанню Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) Беларусь уключана ў ліцэнзійнае пагадненне па шэрагу прэпаратаў для лячэння ВІЧ і гепатыту С. У бягучым годзе Міністэрства аховы здароўя зарэгістравала і закупіла некалькі новых еўрапейскіх прэпаратаў, якія змяняюць цячэнне рассеянага склерозу.

Але ўскосна санкцыі ўсё ж уплываюць на медыцыну, гэта прызнаваў і міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч: «2022 год унёс істотныя санкцыйныя карэктывы ў працу па стварэнні нацыянальнай сістэмы электроннай аховы здароўя». Амбітны праект быў прадстаўлены ў 2020 годзе. Тады ж Міністэрства аховы здароўя заключыла дамову з кампаніяй «Ericsson Nikola Tesla» (харвацкая філія шведскага вытворцы тэлекамунікацыйнага абсталявання), у якой да пачатку вайны ва Украіне быў офіс у Мінску. Сума кантракта перавышала 57 млн долараў.


У 2022 годзе праект павінны былі запусціць. Яшчэ мінулай вясной харвацкая кампанія ў сваіх справаздачах адзначала, што Мінск хоць і цесна супрацоўнічае з РФ, але наўпрост не ўдзельнічае ў вайне, аднак праз год сышла з рынку. Да гэтага яе аперацыйны прыбытак зменшыўся на 15%. «Пасля ўвядзення санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі нам давялося скасаваць дамову на праект укаранення сістэмы электроннай аховы здароўя і спыніць усе новыя продажы на гэтым рынку», — паведаміла прэзідэнтка «Ericsson Nikola Tesla» Гардана Кавачэвіч.

Цяпер Міністэрства аховы здароўя шукае новага партнёра, які ўсё-ткі створыць сістэму электроннай аховы здароўя да канца 2024 года.

За пяць гадоў фінансаванне медыцыны павялічылася на 90 млн еўра

Яшчэ адзін аргумент беларускіх улад супраць санкцый агучыў старшыня праўладнага прафсаюза медыкаў Вячаслаў Шыла: «Ахова здароўя — гэта бюджэтны сектар. І ад таго, як паступаюць падаткі ў казну, залежыць устойлівасць працы гэтай сферы. Санкцыі могуць негатыўна адбіцца на паступленні падаткаў і, адпаведна, выклікаць зніжэнне фінансавання».

Аднак афіцыйна выдаткі Беларусі на ахову здароўя не скарачаліся. Так, у 2020 годзе з бюджэту на меддапамогу насельніцтву было выдзелена 577 млн рублёў (243 млн еўра), у 2021-м — 684 млн (216 млн  еўра), у 2022-м — 760 млн (262 млн еўра), а на 2023-ці запланавана 872 млн рублёў (292 млн еўра).


Пры гэтым асабістыя выдаткі беларусаў на лячэнне застаюцца на высокім узроўні, адзначаюць эксперты праекта «Нашы грошы». У чацвёртым квартале 2022 года, паводле іх падлікаў, гэта 6,5% спажывецкіх выдаткаў насельніцтва. У дапандэмійны час гэты паказчык складаў 4%, яго максімум быў зафіксаваны на пачатку 2022 года — 7,2%.

Што насамрэч шкодзіць беларускай медыцыне

Фонд медыцынскай салідарнасці, заснаваны для дапамогі беларускім медыкам, якія пацярпелі ад рэпрэсій з боку ўлад, праводзіць грамадскі маніторынг сістэмы аховы здароўя Беларусі. З пачаткам вайны ва Украіне, паводле ацэнак фонду, пагоршылася сітуацыя з пастаўкамі некаторых лекаў і абсталявання, узніклі праблемы з разлікамі і лагістыкай — што і з'яўляецца ўскосным эфектам ад заходніх санкцый. Частка вытворцаў не чакаюць, пакуль ім забароняць працаваць з Беларуссю, а сыходзяць самі — занадта высокія рэпутацыйныя рызыкі, тлумачыць каардынатарка фонду Лідзія Тарасенка.

«Змяніліся і правілы рэгістрацыі прэпаратаў: раней выдавалі дазвол на групу, цяпер на кожны прэпарат трэба атрымліваць асобны дакумент. Гэта павышае выдаткі, а ў нас не такі вялікі рынак, так што пастаўшчыкі сыходзяць і з камерцыйных прычын», — дадае суразмоўца «Нямецкай хвалі».

Аднак значна больш праблем, на яе думку, стварае неэфектыўная праца ўлад. Тарасенка раней працавала ў аддзяленні эндаскапіі ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Яна згадвае, як гадамі разам з калегамі адпраўляла заяўкі на абсталяванне, чакаць часам даводзілася 10 гадоў, і «тады яшчэ і санкцый аніякіх не было».


Яшчэ адзін прыклад, паводле слоў Тарасенка, — праваленая праграма па скрынінгу раку тоўстай кішкі. «У 2014 годзе запусцілі пілотны праект у некалькіх клініках. Гэта складаны працэс, які павінен быць добра арганізаваны. У выніку праект правалены: дзесьці не хапіла абсталявання, а дзесьці яно праз год выйшла са строю з прычыны няправільнай эксплуатацыі. Так што не санкцыі дабіваюць беларускую медыцыну, а неэфектыўная ўлада, якая, да таго ж, хавае звесткі пра захворванні і смяротнасць», — рэзюмавала Лідзія Тарасенка.