«У галовах чыноўнікаў рухаюцца адны плыні, а ў сэрцах людзей — зусім іншыя»
Мар’яна Ліс у сваім блогу на «Штодні» разважае пра тое, як існуюць дзве паралельныя Беларусі: адна захоўваецца ўладай, другая — ствараецца народам. І якая з іх мае больш прывабную і перспектыўную будучыню?
Вы таксама заўважылі: што бярэцца паляпшаць дзяржава — таму прыходзіць канец? Хоць прадпрымальніцтва, хоць адукацыя, хоць медыцына. Успомніце ўсе гэтыя мінулыя гады «культуры», «навукі», «малой радзімы»…
- 2021 год быў абвешчаны годам народнага адзінства;
- 2022 — годам гістарычнай памяці;
- 2023 — задумайцеся на хвіліначку — годам міру і стварэння.
Правільней было б пасля слова «год» пісаць яшчэ адно трапнае слова: «год пахавання народнага адзінства», «год пахавання гістарычнай памяці» — тады б усё стала на свае месцы.
Калі зірнуць на нашых суседзяў, у адной дзяржаве ўлада стварае культ асобы і сілы, зброі, парадаў ды помнікаў Леніну. А ў другой дзяржаве народам ствараюцца дабрачынныя фонды, найцудоўнейшыя песні і вершы, здымаюцца фільмы, ладзяцца творчыя сустрэчы.
Цягам апошніх гадоў улады Беларусі імкнуцца зрабіць з краіны «рэжымны аб’ект», раз’яднаць нас і трымаць пад строгім наглядам.
А мы аб’ядноўваемся і ствараем сапраўдную талаку — калі разам, калі гуртам, калі побач. Мы выходзілі цэлымі дварамі, выносілі гарбату і печыва, знаёміліся, частаваліся, спявалі. Лісты палітвязням, збор сродкаў на штрафы і прадукты, любая дапамога бежанцам і адно аднаму… Здаецца, што беларусы зроблены са шчодрасці, міласэрнасці і дабрыні.
І думаецца, што ўлады не разумеюць слова «талака» — ім бліжэй «арда». Калі кожны сам за сябе і супраць усіх, а яднацца можна толькі для таго, каб кагосьці абрабаваць, растаптаць і зжэрці.
Мы аб’ядноўваемся, каб бараніць адно аднаго, яны — каб рваць адно аднаго на часткі. Таму і ў народ закідваецца такая ж, звыклая ім і чужая нам, варажнеча. Помніце: падзяляй і ўладар?
Таму заклікаю не высвятляць адносіны, хто больш зрабіў для Беларусі; не мерацца аб’ёмамі гераізму і беларускасці нашых дэмакратычных лідараў; не вінаваціць тых, хто з’ехаў за мяжу, у адарванасці ад падзей і рэчаіснасці; не называць тых, хто застаўся, калабарантамі і здрайцамі.
Кожны мае свой выбар, бо ў кожнага свой асабісты боль, за які нельга асуджаць.
Беларусы выжываюць у сённяшніх рэаліях, хто як можа, але ўсе мы робім каштоўны ўнёсак у агульную справу — вольную Беларусь.
Нягледзячы на ўсе перыпетыі жыцця, нягоды і бедствы, ёсць у беларусаў тая якасць, якой можна пазайздросціць — гэта наша еднасць, наша спрадвечная беларуская талака. Таму гэты народ здужае, выжыве і расквітнее.