«Нуль праблем з суседзямі»: Беларусь працягне губляць транзіт
У Еўрапейскім Саюзе плануюць забараніць транзіт некаторых тавараў праз тэрыторыю Расіі ў рамках новага 11-га пакета санкцый супраць дзяржавы-агрэсара, піша Bloomberg. Гэта адаб'ецца і на Беларусі. Выратаваць сітуацыю магла б палітычная разрадка паміж Мінскам і суседзямі, але ў цяперашніх умовах гэта немагчыма.
Статус «надзейнага транзіцёра», якім так ганарыўся Аляксандр Лукашэнка, ён сваімі ж рукамі і пахаваў, канстатуюць «Белнавіны».
У папярэднім пакеце ЕС ужо забараніў транзіт праз тэрыторыю Расіі экспартуемых у іншыя краіны тавараў і тэхналогій падвойнага прызначэння (якія могуць быць выкарыстаны ў ваенных мэтах). Яны не ўводзіліся супраць Мінска, аднак памяншэнне транспартных плыняў праз Расію аўтаматычна негатыўна адбіваецца на Беларусі. Перавозкі падаюць, транспартныя кампаніі і краіна ў цэлым губляюць даходы.
Падбіты расійскі паравоз
Добрай ілюстрацый залежнасці беларускага транзіту ад расійскага з'яўляецца леташняе падзенне кантэйнерных перавозак праз Беларусь паміж Еўрасаюзам і Кітаем, што наўпрост звязана з санкцыямі супраць РФ.
Да 24 лютага 2022 года адным з маршрутаў кантэйнернага транзіту з Кітая ў Еўрасаюз быў кірунак Казахстан — Расія — Беларусь — Польшча. Але сёння шматлікія кампаніі ў ЕС адмаўляюцца ад супрацоўніцтва з «Расійскімі чыгункамі» і транзіту сваіх грузаў праз Расію і Беларусь.
Паводле беларускай статыстыкі, транзіт кітайскіх грузаў у Еўропу па чыгунцы скараціўся ў першым паўгоддзі 2022-га на 25,7%. Звестак за ўвесь год пакуль няма, але меркаваць пра іх ускосна можна з польскай статыстыкі. На працягу 2022 года з Кітая ў Польшчу было перавезена грузаў на 21,5% менш, чым годам раней.
Кітай, нягледзячы на дэклараваную падтрымку Лукашэнкі і Пуціна імгненна адрэагаваў на змяненне палітычнага статусу транзіцёраў, актывізаваўшы маршруты ў абыход Расіі і Беларусі.
Цюркскі канкурэнт славянскага транзіту
Санкцыі, накладзеныя на Расію і Беларусь за агрэсію супраць Украіны, далі шанец праявіцца іншым гульцам на рынку перавозак. Напрыклад, рост паказаў Транскаспійскі або так званы сярэдні маршрут: Кітай — Сярэдняя Азія (у першую чаргу Казахстан) — Азербайджан — Грузія — Турцыя — ЕС. Гэты маршрут перасякае Каспійскае і Чорнае мора ў рамках змешаных перавозак чыгуначным і марскім транспартам, але ўсё ж больш выгадны і надзейны, чым маршрут праз РФ і РБ.
Больш за тое, у Турцыі і Азербайджане ўжо даўно вырашылі мэтанакіравана працаваць на перацягванне таварных патокаў з Кітая ў Еўропу на сваю тэрыторыю. Турцыя пабудавала ўнікальны «падводны» чыгуначны тунэль Мармарай, які злучае кантыненты Азіі і Еўропы. Быў запушчаны чыгуначны транспартны калідор Баку — Тбілісі — Карс (Турцыя).
Яшчэ да пачатку вайны Расіі супраць Украіны міністр транспарту Турцыі Адыль Караісмаілаглу заявіў, што Анкара плануе забраць на сабе перавозку 300 тысяч кантэйнераў з 1,1 мільёнаў, якія перавозіліся з Кітая праз Расію. Верагодна, краіны Транскаспійскага маршруту ўжо выканалі пастаўленую мэту або блізкія да яе, фактычна адабраўшы гэтыя патокі і даходы ў РФ і Беларусі.
У пошуках дна
Вайна РФ супраць Украіны паскарае працэс перабудовы сухапутнай лагістыкі Кітай — Еўропа так, каб тавары не заходзілі ні ў Расію, ні ў, адпаведна, Беларусь.
Гэта выразна відаць па паказчыках эканомік Беларусі і Грузіі. Эканамічны рост Грузіі па выніках мінулага года склаў 10,1% ВУП. У Беларусі, наадварот, ВУП упаў на 4,7%.
Беларусь магла б паўтарыць тактыку Турцыі пачатку ХХІ стагоддзя, спрабуючы завязаць на сабе ўсе гандлёвыя патокі, уключаючы «Поўнач — Поўдзень», вядомы Беларусі яшчэ з эпохі вікінгаў. Або паспрабаваць паўтарыць стратэгію Польшчы, стварыўшы некалькі рэгіянальных мікрафарматаў у розных напрамках.
Аднак для такой стратэгіі ў Беларусі няма ні дастатковага ўзроўню суверэнітэту, ні адпаведнай эліты. А галоўнае — важным элементам стратэгіі звязвання на сябе гандлёвых патокаў з'яўляецца тактыка «нуль праблем з суседзямі».
Лукашэнка праецыруе праблемы сваёй асабістай легітымнасці ў міфічную праблему «знешняй пагрозы», якую ён спецыяльна прыдумаў і раздзімае на шкоду эканамічным інтарэсам народа і краіны.
У такіх умовах ні пра які рост транзіту не можа быць і гаворкі. Застаецца хіба што спадзявацца, каб Беларусь не трапіла ў 11-ты пакет санкцый ЕС.