Эканаміст: Беларускі рубель будзе паступова слабець

Толькі адзін фактар тармозіць падзенне беларускага рубля: праца на расійскую абаронку. Эканаміст Леў Марголін пра тое, што чакае беларускую валюту.

Беларускія грошы. Ілюстрацыйная выява

Беларускія грошы. Ілюстрацыйная выява


— Беларускі рубель не можа быць стабільным: перыяды стабільнасці змяняюцца перыядамі падзення. Праблема ў тым, што наша эканоміка вельмі моцна завязаная на Расію. Праўда, ёсць адзіная рэч, якая можа паўплываць на ўмацаванне беларускага рубля — праца на расійскую абаронку. У Расіі расце абаронны заказ, у які ўцягваецца і беларуская прамысловасць. Не выключана, што на прадпрыемствах машынабудавання павялічацца заказы, вырасце іх аб’ём, некаторыя прадпрыемствы могуць перайсці на працу ў тры змены. Так як гэта звязана са знешнім гандлем, хай сабе і з Расіяй, то гэта тармозіць падзенне беларускага рубля, — кажа эканаміст Леў Марголін.
Па словах эксперта, «рэзкага падзення рубля не будзе, але ён будзе паступова падаць».
Беларускія ўлады заклалі ў рэспубліканскі бюджэт на 2023 год разліковы курс долара на ўзроўні 2,7843 рубля за 1 долар. Летась у сярэднім за 2022 курс склаў 2,6199 рубля за 1 долар пры прагнозе 2,8279 рубля.
МВФ разлічыла, што сярэдні курс за 2023 год можа скласці 2,77 рубля за долар, а ў 2024 годзе — 3,05 рубля.
Эканамісты Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) прагназуюць на 2023 год сярэднія курсы беларускага рубля на ўзроўні 2,75 рублёў за долар і каля 4 беларускіх рублёў за 100 расійскіх.