Інфляцыя 8% і долар па 2,9. Ці спраўдзіцца аптымістычны прагноз?

Мы ўжо зазначалі, што ў беларускай эканомікі ёсць аптымізм, і гэтыя аптымістычныя паказчыкі цалкам апраўданыя — за кошт матэматыкі. Днямі даследчы цэнтр BEROC таксама выдаў аптымістычны прагноз развіцця беларускай эканомікі. Паглядзім, што там.

_belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo.jpg


Макрапрагноз для Беларусі на 2023-2024 гады BEROC зрабіў на аснове квартальнай мадэлі прагназавання па базавым сцэнары. Базавы сцэнар — гэта той, які не прадугледжвае якіх-небудзь форс-мажораў і прагназуе, што будзе, калі сітуацыя застанецца «як ёсць». Менавіта гэты сцэнар выглядае даволі аптымістычным. Але і агаворак у макрапрагнозе BEROC хапае.

«Рэалізацыя базавага сцэнару залежыць ад выканання закладзеных у яго перадумоў і дапушчэнняў. У бягучых умовах ступень нявызначанасці вельмі высокая, у сувязі з чым дыяпазон верагодных адхіленняў дынамікі макрапаказчыкаў ад траекторыі базавага прагнозу ў 2023-2024 гадах з'яўляецца шырокім» — адразу папярэджваюць эксперты.


ВУП, канечне, вырасце. У лічбах

Эксперты BEROC прагназуюць, што ВУП краіны вырасце на 2,5% па выніках 2023 года. Аднак ён будзе насіць «аднаўленчы характар» пасля моцнага спаду 2022 года. Нагадаем, што паводле афіцыйных звестак у 2022 годзе ВУП краіны прасеў на 4,3%.

Ключавой умовай росту эканомікі эксперты называюць захаванне схем паставак тавараў у краіну і ланцужкоў экспарту беларускай прадукцыі, якія склаліся ў другой палове 2022 года (гэта значыць, пасля санкцый). Тым не менш, дынаміка эканамічнага росту будзе мець «згасальную» траекторыю: гадавы тэмп прыросту ВУП стане станоўчым у II квартале 2023 года, па выніках якога будзе дасягнуты лакальны пік паблізу 5%. І звязаны гэты паказчык будзе не з аднаўленнем эканомікі, а з эфектам нізкай базы. Таму што II квартал 2023 года будзе параўноўвацца з II кварталам 2022 года, калі на фоне гэтых санкцыйных шокаў выпуск прадукцыі рэзка сціснуўся.

Аднак пасля аднаўлення ВУП пачне паступова «згасаць», бо ў далейшым параўнанне будзе ісці з перыядамі, калі наша эканоміка прыстасоўвалася да санкцый і нейкім чынам спрабавала аднавіцца пасля рэзкага падзення.


Рост зарплаты як паказчык праблем

Эксперты даследчага цэнтра прагназуюць, што рост рэальнай заработнай платы будзе вышэй тэмпаў росту ВУП. Паспрыяе гэтаму не толькі «сацыяльная» палітыка дзяржавы, але і напружаная сітуацыя на рынку працы. Скарачэнне занятасці ў выніку неспрыяльных дэмаграфічных трэндаў і міграцыі павялічыць канкурэнцыю сярод працадаўцаў за кваліфікаваных работнікаў. А прывабіць гэтых «кваліфікаваных работнікаў» можна толькі прыстойным заробкам

З улікам падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў рост рэальнага заробку, які пачаўся ў другой палове 2022 года, працягнецца цягам 2023 года і складзе блізу 8%, прагназуюць адмыслоўцы. У выніку памер рэальнай зарплаты будзе перавышаць яе раўнаважны (або інфляцыйна-нейтральны) узровень у 2023 годзе. Такая дынаміка адпавядае сярэдняму памеру намінальнага заробку каля Br1858 у 2023 годзе і Br2062 у 2024-м.


Інфляцыя — да 9%? Магчыма

Паводле прагнозу BEROC, гадавая інфляцыя часова замарудзіцца ніжэй за 5% да сярэдзіны года, але паскорыцца да 7-9% да канца 2023 года. Пры гэтым эксперты лічаць, што ў першай палове 2023 года паказчыкі інфляцыі ў Беларусі будуць дэманстраваць «рознанакіраваную дынаміку».

З аднаго боку, інфляцыйны ціск мае перадумовы для ўзмацнення — пасля вяртання спажывецкіх цэн да росту ў I квартале 2023 года. Гэтаму будуць спрыяць паслабленне беларускага рубля, змякчэнне адміністрацыйнага кантролю за цэнамі і моцны рост заробкаў.

З іншага боку, інфляцыя запавольваецца і ў сувязі з яе «высокай базай» у сакавіку-красавіку 2022 года. Таму аднаўленне гадавога паказчыка інфляцыі ў дыяпазон 7-9% адбудзецца толькі ў IV квартале 2023 года.


Не захоўвайце грошы ў банку

«Пры ўмове адсутнасці новых істотных шокаў» Нацбанк, на думку эканамістаў, працягне паніжаць стаўку рэфінансавання ў рамках абранай ім стратэгіі стымулявання попыту без аглядкі на інфляцыю. Да канца года стаўка рэфінансавання складзе каля 9%.

У гэтым ёсць мінусы. Нізкая стаўка рэфінансавання пакіне сярэднія стаўкі па крэдытах і дэпазітах паблізу гістарычна нізкіх узроўняў. Сярэдні кошт рублёвых крэдытных рэсурсаў эксперты прагназуюць у раёне 9%. А сярэдняя стаўка па новых тэрміновых рублёвых укладах складзе 3-4% у 2023 годзе.

«У такіх умовах не будуць падтрымлівацца стымулы да зберажэнняў у выглядзе тэрміновых укладаў, а доля актыўнага складніка (наяўных грошай і сродкаў на бягучых рахунках) у структуры рублёвай грашовай масы застанецца гістарычна высокай» — адзначаецца ў справаздачы.

Зразумела, што ўрад і Нацбанк не зацікаўленыя ў тым, каб у сённяшняй крытычнай сітуацыі насельніцтва зберагала грошы на дэпазітах. Яны хочуць, каб гэтыя грошы былі ў абароце, гэта значыць, стымулявалі ўнутраны попыт. Каб людзі іх не захоўвалі, а трацілі. Таму стаўка рэфінансавання, ад якой залежыць працэнт па крэдытах і дэпазітах, і зніжаецца.


Долар па 2,9 будзе «калі»…

Беларускі рубель, па прагнозах эканамістаў, нічога добрага не чакае: у 2023-2024 гадах ён працягне паслабленне да валют краін — асноўных гандлёвых партнёраў. Сёлета, па прагнозу, ён аслабне прыкладна на 6% «з прычыны скарачэння прафіцыту знешняга гандлю і падтрымання нізкіх працэнтных ставак па актывах, намінаваных у беларускіх рублях». У асноўным яго стан будзе залежаць ад таго, наколькі ўстойлівым і стабільным застанецца расійскі рубель. Пры знаходжанні курсу USD/RUB паблізу 80 расійскіх рублёў за долар курс USD/BYN складзе ў сярэднім за 2023 год 2,92 беларускага рубля за долар.

«Траекторыя паслаблення беларускага рубля захаваецца ў сувязі з нізкім патэнцыялам росту эканомікі краіны», — тлумачаць эксперты.


Рызыкі, якія могуць усё абрынуць

Як ужо было сказана, базавы сцэнар прадугледжвае, што да нас не прыляціць ніякіх «чорных лебедзяў». Але над іх прылётам, на жаль, актыўна працуюць беларускія ўлады.

Як зазначаюць эксперты, «трываласць і стабільнасць ланцужкоў паставак тавараў у Беларусь і экспарту беларускай прадукцыі, у тым ліку нафтапрадуктаў, не гарантаваныя». Узмацненне жорсткасці падыходаў да такіх паставак з боку краін-пасярэднікаў і пагаршэнне цэнавых умоў знешняга гандлю могуць прывесці да памяншэння як імпартных, так і экспартных паставак.

«Нельга выключаць узмацнення жорсткасці санкцыйнага рэжыму ў дачыненні да Беларусі і Расіі», — кажуць даследнікі. У якасці падставы новых санкцый яны называюць анансаванае размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі.

Але эксперты не адзначылі ў прагнозе сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі і Дзяніса Пушыліна, так званага «кіраўніка» так званай «ДНР». Раней былі звесткі, што менавіта Украіна блакавала ўключэнне Беларусі ў пакеты расійскіх санкцый з боку Еўрасаюза. Пасля той сустрэчы падыход да санкцыйных пакетаў можа змяніцца.

«Калі новыя санкцыйныя абмежаванні будуць спалучаныя з лагістычнымі цяжкасцямі і актывізацыяй сыходу заходніх кампаній з Беларусі, то ВУП краіны скароціцца ў 2023 годзе, і, верагодна, у 2024 годзе», — адзначаюць эксперты.

Але не толькі санкцыі могуць абрынуць увесь прагноз. Багата і ўнутраных фактараў. У прыватнасці, «звышстымулюючая» эканамічная палітыка дзяржавы сапраўды можа прывесці да больш высокага росту ВУП. Але коштам росту ВУП будзе галапуючая інфляцыя і істотнае паслабленне беларускага рубля. А пры такой палітыцы з высокай верагоднасцю ўжо ў 2024 годзе беларуская эканоміка можа зноў увайсці ў рэцэсію нават без новых санкцыйных праяў і пры захаванні настроеных лагістычных ланцужкоў.

Ну і, вядома, залежнасць эканомікі Беларусі ад расійскай. Эксперты назвалі галоўныя рызыкі расійскай эканомікі, якія могуць прывесці да падзення беларускай. Гэта: узмацненне жорсткасці санкцыйнага рэжыму; праблемы з пераарыентацыяй нафтагазавага экспарту; пагаршэнне фінансавых вынікаў арганізацый; міграцыя насельніцтва; пагаршэнне якасці чалавечага капіталу; разрастанне недаверу сярод насельніцтва і бізнесу; выцясненне прыватных інвестыцый менш прадуктыўнымі дзяржаўнымі. Астатняе засталося ў раздзеле «і іншае».

Калі расійская эканоміка «кашляе», беларуская «чхае», бо занадта залежная ад Расіі. Адное толькі падзенне расійскага рубля можа выклікаць абвал беларускага.

Такім чынам, прагноз беларускай эканомікі добры. Але вельмі і вельмі хісткі.