У Беларусі — рэкорды па заробках: адкуль яны ўзяліся і ці варта радавацца?
Белстат апублікаваў свежыя звесткі аб заробках у краіне. Нагадаем, што яны заўсёды з'яўляюцца амаль на месяц пазней, таму гэтым разам мы ўбачылі, што адбывалася ў Беларусі з заробкамі ў сакавіку.
Трэба сказаць, што з першага погляду карціна выглядае вельмі аптымістычна: сярэдні заробак прырас з лютага адразу на 126 рублёў і цяпер гэта цэлых 1814 рублёў. Калі лічыць у доларах, то ён роўны $638 па курсе «бруднымі». А «чыстымі», на рукі, атрымалася каля 550 долараў. За кошт асаблівасцяў разліку, у рэальным выражэнні, заробак у сакавіку гэтага года на 7% вышэйшы, чым у сакавіку мінулага. Пагадзіцеся — выдатна! Калі не ўдавацца ў падрабязнасці. А мы гэта рабіць любім, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Давайце вывучым, як складваецца карціна па асобных відах дзейнасці. Калі паглядзець на графік, то мы ўбачым, што большасць галін эканомікі значна прыраслі ў заробках у параўнанні з сакавіком мінулага года.
Пачнём з усяго двух «мінусаў».
- IT-галіна, на якую яшчэ зусім нядаўна ўскладалі велізарныя і небеспадстаўныя надзеі, працягвае падаць (цяпер паказчык мінус 5,8% у рэальным выражэнні, гэта значыць з улікам інфляцыі). Нічога дзіўнага: адток айцішнікаў і IT-кампаній з краіны самым жорсткім указам не спыніць, а значыць, з гэтым проста даводзіцца мірыцца.
- Моцна аселі «Фінансы і страхаванне» — мінус 10,2%, але, хутчэй за ўсё, прычына тут у тым, што пачатак мінулага года быў адзначаны вельмі высокім ростам заробкаў у гэтай сферы, і цяпер мы назіраем адставанне ад «высокай базы».
А што з астатнімі галінамі?
- Сельская гаспадарка, часта адсталая дадала 12, 3%.
- Будаўнічая і транспартная галіна, якія перажываюць глыбокі крызіс, дадалі больш за 10%.
- Ахова здароўя і адукацыя радуюцца плюсу больш чым у 8%.
- Вельмі дэпрэсіўны гандаль змог дадаць 5%.
Але самы галоўны ўнёсак у рост сярэдняй заработнай платы па краіне зрабіла прамысловасць, у якой занята чвэрць усіх працуючых беларусаў. Рост зарплаты тут склаў адразу 15,4% у рэальным выражэнні, а ў намінальным — цэлых 22%. Калі цяпер яна перасягнула планку ў 2 тысячы рублёў, то годам раней была ўсяго 1642 рубля.
Што ж здарылася? Калі прыгледзецца, мы ўбачым, што відавочна моцна прыраслі ў гэтай сферы вось якія падгаліны:
- У нафтавай прамысловасці ў намінальным выражэнні заробак вырас на 30%.
- У хімічнай прамысловасці рост склаў 29%.
- У сферы «вытворчасць іншых транспартных сродкаў» рост нечакана склаў 19%.
- А ў «вытворчасці лятальных апаратаў» рост адразу 50%.
Якія ў вас ёсць ідэі, адкуль гэты рост узяўся? Мы мяркуем, што для беларускай нафтавай і хімічнай прамысловасці пачаў стабільна працаваць механізм абыходу санкцый праз Расію ці праца за кошт прэферэнцый на расійскім рынку. Гэта самае верагоднае развіццё падзей.
Нашмат цікавей, што гэта за «іншыя транспартныя сродкі» і «лятальныя апараты». Тычацца гэтыя вытворчасці толькі грамадзянскай сферы ці неяк звязаныя з дапамогай усходняму суседу, які цяпер паказвае не самыя дрэнныя эканамічныя паказчыкі (прынамсі, фармальна) у тым ліку і дзякуючы раскручванню махавіка ваеннай прамысловасці?
Вядома, мы можам цяпер толькі гадаць, адкрытай інфармацыі на гэтую тэму няма, і дакладна не з'явіцца. Так што вернемся да тэмы высокіх заробкаў.
Ці варта моцна радавацца іх росту? Калі ў краіне назіраецца масавы адток людзей і бізнесу за мяжу, чакаецца дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту больш за 3 млрд рублёў (гэта — 9% яго расходнай часткі), 10% таго ж бюджэту фактычна спансуецца іншай дзяржавай і пры гэтым за год заработная плата расце на 137$ у эквіваленце, пачынаеш падазраваць: нешта тут не так.
Наша эканоміка нагадвае цяпер Франкенштэйна, які накшталт як напалову мёртвы, але, калі праз яго прапускаюць разрад шалёных расійскіх грошай, цалкам праўдападобна рухаецца.
Раней мы ўжо неаднаразова перажывалі падобны невытлумачальны рост заробкаў некалькі разоў — і прыпадалі гэтыя хвалі акурат да заканчэння электаральнага цыклу.
Пераклад «НЧ»