«Калі дзяржава сабралася нешта абмеркаваць з народам, значыць, усё ўжо вырашана»
Рэальны сэнс перашамайскага свята даўно знік — і цяпер у дзяржаве, якой «не да законаў», няма правоў нават у рабочых, затое шмат абавязкаў. Што думаюць людзі, якім выпала жыць у гэтай краіне, пра сваё штодзённае жыццё, дазнавалася «Салідарнасць».
У Беларусі з 1 мая ў сярэднім на 5% павысяцца пенсіі. Вырасце бюджэт пражытачнага мінімуму — а значыць, павялічацца дапамогі на дзяцей, старэйшых за 3 гады, сацыяльныя пенсіі, даплаты і надбаўкі да іх.
Але ці лічаць самі беларусы, што ўзровень жыцця простых рабочых у краіне паляпшаецца і як ставяцца сёння да ранейшых лозунгаў пра «мір, працу, май»? Карэспандэнтка «Салідарнасці» паразмаўляла пра гэта з прадстаўнікамі розных прафесій і пакаленняў. З меркаванняў бяспекі імёны суразмоўцаў змененыя.
***
Мінчанка Ірына ўжо больш за 10 гадоў працуе выхавацелькай у адным з дзіцячых садкоў — кажа, што праца падабаецца, нягледзячы на невялікі заробак (на рукі выходзіць да 900 рублёў), дзеці добрыя, а да бацькоў і начальства пры жаданні можна знайсці падыход.
А вось што Ірыну шчыра хвалюе — гэта стаўленне да яе і калег як да «жабракоў-бюджэтнікаў», якія вечна выпрошваюць грошы, у той час як усе астатнія іх зарабляюць:
— Мая цяперашняя група — выпускная, вельмі добрая. І ведаеце, за што я асобна ўдзячная «сваім» бацькам? Што яны дамовіліся на выпускны купіць нам торцік, чай і кветкі — а не зневажальныя сертыфікаты ў гаспадарчую краму і тым больш не «прадуктовы набор» з каўбасы, распушчальнай кавы і шампанскага. Таму што вельмі часта на Дзень настаўніка, 8 сакавіка, Новы год прэзентуюць менавіта такія рэчы — з пасылам «ну, у іх жа зарплата маленькая, хай сабе купяць што-небудзь».
А выхавальнікі хай і не самыя забяспечаныя людзі, але, на хвілінку, большасць з вышэйшай адукацыяй і курсамі перападрыхтоўкі, а не з вуліцы па аб'яве прыйшлі, і вельмі многія працуюць па прызванні, таму такая таварная ацэнка нашай працы вельмі крыўдзіць.
Прычым, калі ўдумацца, такое стаўленне ў нас квітнее на ўсіх узроўнях: спачатку ў дзяцінстве табе даводзяць, што «ўсе прафесіі патрэбныя, усе прафесіі важныя», а потым — ты бюджэтнік, які нібыта сядзіць на датацыях дзяржавы, у адрозненне ад сумленных работнікаў, і сантэхнік, які прыходзіць па выкліку і які зарабляе больш за цябе, глыбакадумна заўважае: «Хто на што вучыўся...»
Ірына прызнаецца, што 1 траўня ніколі не лічыла святам — «успаміны пра шэсці са сцягамі, нешта такое камуністычнае і пафасна-паказальнае, з савецкіх часоў»:
— А паколькі ў краіне не засталося незалежных прафсаюзаў нават на тры дні, то пра рэальны сэнс даты, пра абарону правоў працоўных, пра 8-гадзінны, а не як атрымаецца, працоўны дзень і годную аплату ў кожнай прафесіі нават гаворкі не ідзе.
Таму асабіста я правяду выходныя на маміным лецішчы — вось там, хочаш не хочаш, давядзецца і ўдарна папрацаваць, і, калі складзецца з надвор'ем, адпачыць на свежым паветры.
***
40-гадовы Павел — аўтамеханік у абласным цэнтры. Кажа, што, паколькі працуе не ў дзяржарганізацыі, паскардзіцца не можа ні на заробак, ні на адносіны з начальствам і калегамі:
— Хоць калісьці, на світанку туманнага юнацтва, пасля вучылішча працаваў некаторы час на заводзе (не буду называць, але цяпер гэта адзін з «флагманаў») — і гэта быў жах. З аднаго боку, начальства імкнулася выслужыцца, паказаць, што мы даём план ого-го, а з іншага — бясконцыя прыдзіркі, нейкія перапрацоўкі ў стылі «мужыкі, трэба», затрымкі зарплаты.
Для мяне Першамай — з гэтай жа оперы абсалютна, штучнае свята. Выйсці і заклікаць усіх да працоўных подзвігаў, расказаць пра тое, як дзяржава захоўвае нікому не патрэбныя працоўныя месцы, пажадаць моцнага здароўя і далейшых поспехаў — ну і ўсё, зарплату можна не дадаваць.
***
Алеся, цырульніца з немалым стажам, фактычна «згодная з папярэднім аратарам»:
— Мне ў сям'і заўсёды гаварылі: не звязвайся з прыватнікамі, ідзі на дзяржаўнае прадпрыемства, там гарантаваны сацпакет. А навошта ён мне, калі на самай справе графік плануеш не ты і даводзіцца ўвесь час адпрошвацца — у паліклініку, у дзіцячы сад дзіця забраць або на бацькоўскі сход схадзіць, — і ўсё гэта падаецца як вялікая ласка?
Затое калі я дарасла да думкі арандаваць працоўнае месца і працаваць на сябе, адчула, як змянілася якасць жыцця. Так, няма стабільнага заробку, вышэй за які ты не скокнеш — а ёсць той, на які асабіста ты заробіш, разлічваючы сваю нагрузку, вольны час. А грошай нават пасля выплаты арэнды і падаткаў выходзіць больш, чым на дзяржпрадпрыемстве бытавых паслуг.
І, шчыра кажучы, мне вельмі шкада, што права працаваць на сябе (прытым добра, якасна працаваць!) у нас можна рэалізаваць далёка не ва ўсіх абласцях — усё сумна з прыватнай адукацыяй, з медыцынай, пра прыватнікаў у сферы ЖКГ наогул маўчу. Затое квітнее ўсё тое самае «ўмоўна-бясплатнае», нібыта гарантаванае дзяржавай, а на самой справе аплачанае з нашых кішэняў.
На просьбу ацаніць, як змяніўся ўзровень жыцця беларусаў, Алеся ненадоўга задумваецца:
— Асабіста я не скажу, каб моцна зрэзала свае выдаткі і стала эканоміць — але працаваць, каб забяспечыць звыклыя запыты, паводле адчуванняў, даводзіцца больш. А вось па маме, яна на пенсіі, абсалютна дакладна магу сказаць: нягледзячы на ўсе індэксацыі і павышэнні, старэйшаму пакаленню з кожным годам усё складаней — становіцца менш якасных імпартных лекаў, даражэюць прадукты і адзенне.
Ці вось мая сястра, яна працуе ў аддзеле ўласнай вытворчасці ў гіпермаркеце вядомай сеткі — у яе за год пяцёра напарнікаў змянілася, цякучка страшная — як думаеце, ад добрага жыцця?
***
Пенсіянер Юрый Аляксеевіч прапануе вярнуцца да вытокаў:
— Калі ўспомніць гісторыю, 1 траўня — гэта ж пра правы рабочых, пра права на годную, бяспечную, адэкватна аплочваемую працу. А ў нас неяк дзіўным чынам склалася, што права на працу даўно стала абавязкам, — а вось адпачынак, аказваецца, трэба заслужыць. Хоць ён таксама гарантаваны па Канстытуцыі.
І ведаеце, мяне, напрыклад, вельмі палохае прапанова ініцыятыўнай Качанавай ацаніць «сацыяльную карыснасць» і «ўтрыманства» грамадзян. Па-першае, мы ўсю гэтую эпапею з дармаедскімі дэкрэтамі і лозунгамі «хто не працуе, той не есць» ужо праходзілі, і яна дрэнна скончылася. Па-другое, значыць, грошай у бюджэце ўсё менш, сацыяльную сферу падтрымліваць няма чым — і ўлады шукаюць, з чыіх кішэняў яшчэ можна дастаць.
І нарэшце, калі кажуць, што збіраюцца нешта абмеркаваць з народам — значыць, на самай справе ўсё ўжо вырашана, але трэба адцягнуць увагу і, каб захаваць уладу, падзяліць у чарговы раз грамадства на тых, хто сумленна працуе, і тых, каго нібыта першая катэгорыя ўтрымлівае за свае падаткі.
Вось я на пенсіі, як і яшчэ некалькі мільёнаў беларусаў — як ацэніць умоўная Качанава наш індэкс «сацыяльнай карыснасці»? Блізка да нуля?