Чаму Беларусь ператвараецца ў краіну штрафнікоў?

Клапаціцца трэба не пра тое, каб сабраць пабольш штрафаў, а думаць, што зрабіць, каб людзі менш парушалі законы, — лічыць эканаміст Леў Марголін.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__3__logo_1.jpg

Паводле Мінгарсавета, у 2022 годзе ў Мінску план па штрафах перавыканалі амаль у тры разы. Паводле прагнозаў чыноўнікаў, гарадскі бюджэт павінен быў атрымаць за кошт штрафаў крыху больш за 11 мільёнаў рублёў, але ў выніку ў сталічную казну паступіла 30,7 мільёна!

Адзначым, што агульны бюджэт Мінска па выніках мінулага года роўны 7,4 млрд, ільвіную долю якога склалі падаткі. Сабраныя штрафы складаюць усяго толькі каля 0,4% бюджэту.

«Філін» абмеркаваў гэту навіну з эканамістам Львом Марголіным.

— Ці вядомыя вам прыклады іншых краін, дзе сумы штрафаў для папаўнення бюджэту загадзя плануюцца ўладамі?

— Не магу сказаць, што вывучыў вопыт усіх краін свету. Але гэта цікавая з'ява: памер паступленняў ад сабраных штрафаў не толькі плануецца, але і закладваецца ў бюджэт. У бюджэт раёнаў, абласцей, у кансалідаваны бюджэт.

Для чаго гэта робіцца, мне складана зразумець. Вы правільна заўважылі, што гэтая не тая лічба, дзеля якой трэба так старацца. А вось чаму план быў перавыкананы, цалкам зразумела.

Па-першае, у нас увесь час расце колькасць крымінальных і адміністрацыйных артыкулаў, па якіх можна збіраць штрафы.

Па-другое, летась прыкметна павысіліся памеры гэтых штрафаў. Там, дзе раней было 2–3 базавыя велічыні, сёння можна ўбачыць і 50, і 100.

Таму нядзіўна, што план быў перавыкананы ў тры разы. Думаю, што актуальны план будзе скарэктаваны, як у нас гэта часта бывае, і мы будзем і далей ісці па шляху перавыканання планавых паказчыкаў. Ну, хоць адзін артыкул бюджэту па даходах будзе перавыкананы.

У праекце закона аб нацыянальным бюджэце на 2023 год закладзены даходы ад штрафаў у памеры 189 млн рублёў — гэта на 56,6 млн больш, чым было прадугледжана на 2022-і.

Я не сустракаў такой практыкі, калі ў бюджэт краіны закладваюцца штрафы. Бо ў большасці краін свету гэта разглядаецца ў якасці вымушанай меры.

А калі гэта вымушаная мера, то клапаціцца трэба не пра тое, каб сабраць пабольш штрафаў, а думаць над тым, што зрабіць, каб насельніцтва менш парушала законы і правілы. Як зрабіць так, каб гэтыя штрафы зусім не трэба было збіраць.

Але замест таго, каб змагацца за тое, каб было менш парушэнняў і не трэба было збіраць штрафы, мы іх павялічваем і нават закладваем у планы. А калі ў нас ёсць план, то трэба пытацца з адказных за яго выкананне чыноўнікаў.

Мы гаворым пра Мінск, а я ўпэўнены, што гэтыя планы даведзены і да раёнаў сталіцы, і да розных структур — міліцыі, пажарных. І ўсім ім даведзены запланаваныя паказчыкі, якія яны павінны выканаць.

— Улічваючы, мякка кажучы, нязначную долю сабраных штрафаў у агульным бюджэце, ці можа гэта быць выкарыстана з іншай мэтай? Напрыклад, каб пастаянна трымаць у тонусе тых жа чыноўнікаў, ды і патэнцыйных штрафнікоў?

— Калі б гэта было так, то, напэўна, сума штрафаў скарачалася б год ад года. Было б прыкметна, што штрафы выконваюць адведзеную ім ролю.

Але калі яны не скарачаюцца, калі іх даводзіцца павялічваць, пашыраць іх геаграфію, то гэта, як мне здаецца, не вельмі эфектыўны сродак для таго, каб трымаць людзей у тонусе, прывучаць іх да такога роду планавання.

Я не хачу сказаць, што заўтра штрафы трэба адмяніць. Трэба шукаць іншыя падыходы.

— А як даўно ў Беларусі існуе гэтая практыка?

— Не вазьмуся дакладна сцвярджаць, але думаю, што ўсё гэта цягнецца яшчэ з савецкіх часоў.