Абяцанкі-цацанкі… За чый кошт улады будуць рэалізоўваць беларускі эканамічны цуд?

Лукашэнка паабяцаў, што ў гэтым годзе беларуская эканоміка будзе развівацца ў 2 разы хутчэй за сусветную! Як гэта, тлумачыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Мурал "Ну вы же сами все понимаете"

Мурал "Ну вы же сами все понимаете"

Лукашэнка ў сваім штогадовым пасланні паабяцаў, што да канца 2023 года беларуская эканоміка павінна вырасці на 4% ВУП. Гэта ў 2 разы хутчэй, чым сярэдні паказчык штогадовага росту сусветнай эканомікі.

Як Лукашэнка ва ўмовах заходніх санкцый збіраецца забяспечыць такі, мякка кажучы, вар'яцкі рост? Чакана: з дапамогай рэйдарскага захопу прадпрыемстваў, пераарыентацыі эканомікі на краіны–ізгоі, кантрабанды і паралельнага імпарту.

Пляваць, што ў пачатку 2023 года атрымалася мінус прыкладна 3,5% ВУП.

Пляваць, што інвестыцыі ў асноўны капітал ужо многія гады ў хранічным мінусе.

Пляваць, што ўлада растаптала права ўласнасці амаль дзвюх тысяч замежных кампаній, абнуліла інстытут прыватнай уласнасці.

Пляваць, што рэзка абмежаваныя магчымасці экспарту традыцыйных тавараў беларускага экспарту (угнаенні, нафтапрадукты, металы).

Пляваць на дакладнасць лічбаў.


Самае галоўнае ў фокусах Лукашэнкі на працягу амаль 30 гадоў — гэта вера публікі. Бо ёсць жа людзі, якія ў гэты «цуд» вераць. Ёсць людзі, якія да гэтага часу гуляюць у напарсткі, вераць у поспех і выйгрыш. Ёсць людзі, якія пацвярджэннем ісціны лічаць «па тэлевізары сказалі».

Калі людзі, якія паўтараюць як мантру «абы не было вайны», калі гэтая самая вайна ўжо раздзірае суседа, у тым ліку рукамі Лукашэнкі-суагрэсара.

Ёсць людзі, якія дагэтуль уважаюць Расію за дружалюбную краіну, хоць яна ўжо прызнаная тэрарыстам, агрэсарам, а яе кіраўнік учыніў дзікае злачынства ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей.

Ёсць людзі, якія, нягледзячы на ўзрост, вокладкі з дыпломамі і нават узровень даходу, да гэтага часу не зразумелі, навошта ім галава і сумленне.