Беларускія прадпрыемствы могуць забыць пра поспех

Эканаміст Яраслаў Раманчук — пра тое, што адбываецца цяпер у беларускай эканоміцы. Якія перспектывы чакаюць беларускія прадпрыемствы?

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

— Беларуская эканоміка — гэта ваенны камунізм, які спрабуе ўбудавацца ў розныя фінансавыя патокі, і гэта вельмі відавочна, — кажа эканаміст Яраслаў Раманчук у інтэрв'ю «Філіну». — Па-першае, ЕАБР (гэта, вядома, Расія). Потым мы бачым адтэрміноўку Расіі ад выплаты доўгу. Таксама бачым убудаванне Лукашэнкі ў розныя рэгіянальныя праграмы па імпартазамяшчэнні, ствараючы вытворчасці ў Беларусі — усе гэтыя перамовы і падпісанні дакументаў аб супрацоўніцтве з Татарстанам, Прымор'ем, Ніжнім Ноўгарадам.

Яшчэ адна крыніца, якую Лукашэнка хоча запусціць для сябе — калі ён у Бішкеку гаворыць пра неабходнасць «узмацнення інтэграцыі», зняцце бар'ераў і абмежаванняў на перавозкі, экспарт унутры краіны, а таксама пра пераход разлікаў на мясцовыя валюты: маўляў, паглядзіце, мы ж у разліках з рускімі перайшлі на расійскі рубель — і нармальна, усё добра. Гэта ўсё робіцца, каб атрымаць дадатковыя магчымасці з Казахстана, таго ж Кыргызстана.

Тое, што гаворыць Лукашэнка — прыбраць абмежаванні на колькасць ліцэнзій на транспарт, — па сутнасці, прамы заклік: давайце, сябры, разам удзельнічаць у паралельным імпарце, у кантрабандных патоках, таму што мы павінны выжываць разам.



Казахстан — прынамсі, публічна, — агучыў нежаданне далучацца да падобных схем. Але ў рэальнасці гэта не значыць, што такіх не будзе, адзначае эксперт:

— Казахстан — гэта ж не толькі палітычная ўлада, там куча розных кланаў і груповак, якія кіруюць кантрабандай на мяжы. Як і ў Казахстане. І там, і там шмат рускіх. Таму афіцыйна, вядома, ніхто не будзе гаварыць «так, мы падтрымаем паралельны імпарт», а неафіцыйна — дзіркі будуць.

Напрыклад, мы ж не можам абвінаваціць урады Літвы, Польшчы, Латвіі, што яны патураюць кантрабандзе цыгарэт з Беларусі — але ёсць кланы і злачынныя групоўкі, якія працягваюць гэтым займацца. Тая ж карціна і ў Казахстане, Кыргызстане, прычым нават у большай ступені: паўсюль, дзе ёсць расійскія структуры і інтарэсы РФ, Лукашэнка разлічвае на іх падтрымку.

Ці дапамогуць інвестыцыі ЕАБР «паўстаць з попелу» Светлагорскаму ЦКК? Эканаміст ставіцца да такой перспектывы скептычна, параўноўваючы праект, з якім шмат гадоў насіліся беларускія ўлады і асабіста Аляксандр Лукашэнка, з чамаданам без ручкі. Ды і ў цэлым для краіны гэтыя інвестыцыі значаць мала, мяркуе Яраслаў Раманчук:

— Для эканомікі, якая патрабуе $7-10 мільярдаў інвестыцый для падтрымання самой сябе, $1,5 мільярда — капейкі. Але для Лукашэнкі і гэта важна: там $1,5 мільярда, там яшчэ 1,5, там і там дадалі — і вось мільярдаў 5-7 ужо ёсць. Думаю, ён не цураецца, нават калі б усяго $100 мільёнаў давалі — галоўнае, узяць. І сам факт, што ёсць нейкія рэсурсы, грошы выдаткоўваюцца, сродкі «асвойваюцца» — гэта для Лукашэнкі падтрымка сістэмы.

— Выходзіць, на поспех праекта Светлагорскага ЦКК можна забыцца?

— Безумоўна. Што Светлагорскі ЦКК, што «Гомсельмаш», што шклоўскія шпалеры, што цэментавыя прадпрыемствы, дрэваапрацоўка, НПЗ — гэта ўсё з аднаго разраду.


Заўважце, да прыкладу, як выдатна адбылося з Нежынскім горна-абагачальным камбінатам. «Слаўкалій», які распачаў яго будаўніцтва, ужо няма, але затое ў Любанскім раёне на днях зарэгістравалі новае ААТ «Нетры Нежын» са статутным фондам у 3200 рублёў, куды прызначылі прадстаўнікоў дзяржавы — цэлыя чатыры намеснікі міністраў прызначаныя «наглядваць» за дадзеным аб'ектам. Вось вам прыклад таго, куды могуць ісці грошы, $1,4 мільярда.

Гэта праект, у якім Лукашэнка кроўна зацікаўлены. І ён можа выкарыстоўваць расійскую чыгунку, каб зарабляць на нелегальным або паўлегальным экспарце калійных угнаенняў з Нежынскага ГАК.

— Мяркуючы па традыцыйным макраэканамічным аглядзе ЕАБР, золатавалютныя рэзервы Беларусі, як ні дзіўна, прырастаюць, і на 1 снежня склалі амаль $7,8 мільярдаў, а інфляцыя працягвае падаць — у лістападзе запаволілася да 13,3% у параўнанні з мінулым годам. Ці добрыя гэта навіны?

— Справа ў тым, што ні ЕАБР, ні беларускае кіраўніцтва — ніхто не ведае, якая ў Беларусі інфляцыя, таму што збітыя базавыя матывы і індыкатары па зборы інфармацыі. У нас інфляцыя даўно перайшла ў разрад «лічбы ў бюлетэні»: якая розніца, колькі там людзей прагаласавалі? Нам трэба паказаць трэнд на зніжэнне. Зразумелі? Вось і паказвайце. І паказваюць. А якія там канкрэтна лічбы, нікога не кранае.

Дырэктара крамы караюць за рост цэн, таму ён не будзе паказваць гэты рост па ўсім ланцужку, кантралёры — тое самае.

Калі ўсе зацікаўленыя ў ашуканстве — вось вам, атрымайце і распішыцеся, трэнд на зніжэнне. Ну, а ЕАБР ужо рэагуе на тыя фармальныя, ідэалагізаваныя лічбы, якія даюць беларускія ўлады. І на гэтай падставе гавораць пра зніжэнне інфляцыі, ледзь не дэфляцыю. Карацей, няхай жыве мудрае кіраўніцтва Беларусі і прагматычная палітыка Нацбанка.

Калі мы бачым зніжэнне эканомікі, а рост наяўных грошай — на 40% у гадавым вылічэнні, гэта не можа не выклікаць інфляцыю. Але ў Беларусі ўсё магчыма. Як у Савецкім Саюзе, дзе быў курс долара 64 капейкі, таму што гэта было выгадна вышэйшаму партыйнаму кіраўніцтву. Тое ж адбываецца ў нас: і вы, маўляў, кажаце, што ў вас добрыя, стабільныя цэны, заробак $700, як хочуць маляваць беларускія ўлады — на паперы ўсё ў нас добра, дабрабыт расце і даўным-даўно крызісу няма.

Аднак занадта радавацца стрымліванню цэн не варта, папярэджвае эксперт: чым даўжэй працягваецца дзяржрэгуляванне і разрыў паміж рэальнай і штучнай, «надзьмутай» эканомікай, тым больш балючым будзе працэс зліцця гэтых двух сістэм.


— Зноў жа, чаму быў такім хваравітым пераход да рынку ў Савецкім Саюзе, — нагадвае Яраслаў Раманчук. — Таму што радыкальнай была розніца ў цэнах на сыравіну, на тавары, на грошы, і нямала часу спатрэбілася, каб сфармаваўся новы стан раўнавагі ўсіх форм капіталу. Тое ж будзе ў Беларусі: чым даўжэй будуць заціскаць цэны ў рэжыме вайсковага камунізму, тым больш балючым адбудзецца зліццё рэальнай эканомікі з тым штучным монстрам, якога ствараюць чыноўнікі.

І тое, што ў бягучым годзе павялічыўся за 11 месяцаў аб'ём рублёвых дэпазітаў, таму што людзі спакусіліся стаўкамі і вырашылі зарабіць — паглядзім, якія лічбы мы ўбачым, калі сістэмы, сапраўдная і прыдуманая, пачнуць злівацца разам. Грошы, заробленыя сёння, трэба разглядаць не ў кантэксце 12 месяцаў, а 2-3 гадоў, тады будзе зразумела, хто зрабіў больш дакладныя разлікі.

Пасля Новага года беларусаў чакае падвышэнне цэлага шэрагу падаткаў, але гэта, адзначае эканаміст, «паўзучыя захады». Паводле яго ацэнак, Аляксандр Лукашэнка забароніць аднаразовую дэвальвацыю і будзе пазбягаць занадта ўжо заўважных шокаў, але працягне «кіпяціць жабу на павольным агні».