Раманчук: Галоўная памылка бізнесу — зайсці ў таталітарную краіну. Рызыкі бачылі? Думалі дамовіцца?
«Лукашэнка спачатку падкупляе інвестараў адмысловымі ўмовамі, дае ім абрасці тлушчыкам, а потым выкарыстоўвае палітычна і фінансава». Эканаміст Яраслаў Раманчук разважае пра тое, што беларускія ўлады робяць з тымі, хто не ўмее дамаўляцца.
Урад дапоўніў спіс замежных інвестараў, якім забаронена прадаваць свае долі ў беларускіх арганізацыях, — унёс туды і прадпрыемства са шведскім капіталам «Сінэва».
Нагадаем, той самы знакаміты спіс кампаній з пастановы № 436 з'явіўся ў ліпені гэтага года. Першапачаткова ў ім было 190 кампаній.
— Кожны і са спісу, і з тых, хто ў яго не ўвайшоў, выкручваўся, як мог, хтосьці дамаўляўся, хтосьці здолеў на нейкі момант нейтралізаваць пагрозу, — разважае эканаміст Яраслаў Раманчук у каментары «Салідарнасці». — Мабыць, так адбылося і са шведскай сеткай медыцынскіх лабараторый «Сінэва», якая хацела прадаць свае актывы расіянам.
А потым штосьці не зраслося, можа, нейкая дадатковая інфармацыя прыйшла, ці яшчэ што.
А Лукашэнка такія моманты, калі хтосьці мае намер прадаць, сысці з рынку, успрымае як здраду. Плюс цяпер ідзе зусім выразны трэнд на тое, каб перадзяліць або захапіць увесь рынак медыцынскіх паслуг. Улада робіць усё, каб гэтыя паслугі на сябе замкнуць.
Наогул, у ідэале яны маюць намер зрабіць так, каб любыя паслугі знаходзіліся пад дзяржаўным дахам: у адукацыі — толькі свае прыватныя школы, у медыцыне — свае цэнтры. І тут яны як бы змогуць сказаць: глядзіце — у нас усё ёсць.
Шмат гадоў таму, усё пачалося з «Еўраопта», калі ўладальнікаў прымусілі аддаць частку бізнесу пад кантроль «патрэбным людзям» і толькі пасля гэтага дазволілі развівацца. З тых часоў механізм захопу і кантролю адпрацаваны не аднойчы.
«Патрэбныя людзі» ў «ЗАТ Беларусь» — гэта «сям'я» і ўсе, да яе набліжаныя. У іх ёсць усё сваё — кампаніі, банкі і г.д. Груба кажучы, спачатку ты захопліваеш палітычную ўладу і сілавыя структуры, а потым ставіш татальны кантроль над бізнесам, ствараеш імітацыю таго, што гэта народнае.
— Што будзе з «Синэва»?
— Калі не дамовяцца, усё адбяруць. Правілы такія: «Аддавай нам за тысячу» — «Але я заплаціў за гэта сто тысяч!» — «Не хочаш за тысячу, не атрымаеш наогул нічога!».
У іх пракуроры, суддзі, зброя, яны пагражаюць — і што ты будзеш рабіць у гэтай сітуацыі? Застаецца толькі дамаўляцца, каб атрымаць хоць нешта.
Тут галоўнае пытанне ў іншым — навошта вы ўвогуле сюды заходзілі, першапачаткова ведаючы пра рэжым праўлення ў краіне? Рызыкі бачылі? Ці думалі, што таталітарызм — гэта нармальна, што можаце зайсці ў краіну дыктатуры, з поўным ігнараваннем права ўласнасці, і дамовіцеся?
Вось тады вы здзейснілі галоўную памылку. А цяпер усё цалкам лагічна. Чаму тут дзівіцца?
— Чаму дазволілі прадаць «Макдональдс»?
— Таму што ім валодаў казах, не просты, а набліжаны да «сям'і».
— А што гэта за нядаўнія пагрозы літоўцам і фінам ад Лукашэнкі?
— Усё вельмі проста, літоўцам — таму што занадта шмат крыўдаў нанесла Літва, і Ціханоўская там. А фіны сышлі з Ліды гучна (холдынг Olvi PLC пакінуў «Лідскае піва». — Рэд.), гэта значыць, на думку Лукашэнкі, яны здраднікі.
Гэта такія камерцыйныя крыўды, таму што Лукашэнка спачатку падкупляе інвестараў адмысловымі ўмовамі, дае ім зарабіць, тлушчыкам абрасці, а потым выкарыстоўвае палітычна і фінансава.
Ён лічыць, што людзі, з якімі быў нейкі дагавор першапачаткова, абавязаны былі нейтралізаваць нейкія санкцыйныя моманты. Але яны гэтага не зрабілі, таму ён пакрыўдзіўся.
Паводле gazetaby.com