Яраслаў Раманчук — пра кіраўнікоў прадпрыемстваў: «Яны селі на патокі і пілуюць»
Эканаміст Яраслаў Раманчук разважае пра тое, як ідзе працэс падбору кадраў у лукашэнкаўскай Беларусі і куды гэтыя кадры вядуць эканоміку краіны.
Лукашэнка адбірае ў «чырвоныя дырэктары» дзяржаўных прадпрыемстваў лаяльных людзей, а не прафесіяналаў, вось толькі адмываць грошы ў «апаратчыкаў» атрымліваецца лепш, чым падымаць вытворчасці, лічыць вядомы эканаміст. У сваёй перадачы «Эканоміка здаровага сэнсу» Яраслаў Раманчук аналізуе апошнія кадравыя навіны. У прыватнасці, паведамленні МУС пра арышт кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства.
— У 2016 годзе яго прызначылі падымаць стратнае прадпрыемства, яму даверылі цэлы завод, сказалі: вось табе актывы, вось табе магчымасць браць крэдыты, — нагадвае эканаміст. — Яго не пыталіся пра тое, якая ў яго адукацыя, ці ёсць у яго бізнес-план. Проста паставілі свайго чалавека. І чалавек 6 гадоў тачыў гайку і вытачыў так, што нанёс прадпрыемству шкоду больш за мільён. Ён назначаў працаваць дзвюх сваіх дачок, якія атрымлівалі сотні тысяч рублёў заробку, арганізоўваў схемы з «пракладкамі», праз якія зарабляў сабе ў кішэню. А прадпрыемства як было стратным, так і засталося.
Гэта тыповая сітуацыя для беларускага «чырвонага дырэктарства». Яны селі на патокі і пілуюць.
Той факт, што дырэктар папаўся, на думку эканаміста, нічога не значыць. Паколькі набытая выгада можа быць нашмат большай.
Яраслаў Раманчук таксама прыводзіць яшчэ адзін прыклад «эфектыўнага» назначэння: размова пра новага намесніка генеральнага дырэктара ААТ «Камволь».
— 25-гадовы хлопец, знаёмы з ідэолагамі беларускай улады, а яго назначылі на кіроўную пасаду прадпрыемства вельмі праблемнага, якое больш за 25 гадоў доіць беларускі бюджэт.
Такая вось палітыка: спачатку дзяржава бярэ прадпрыемства на цыгундар, «Беллегпрам» стаіць сцяной: мы выцягнем, дайце толькі нам, Аляксандр Рыгоравіч, пару дзясяткаў мільёнаў крэдытаў. Далі адзін раз, далі другі раз, закапалі чортаву кучу грошай — і вось замест таго, каб прызнаць чарговы правал, адпраўляюць туды камсамольца з яркімі вачыма, які мае добрыя сувязі наверсе.
Эканаміст адзначае, што нават у Савецкім Саюзе, каб атрымаць кіроўную пасаду на буйным прадпрыемстве, чалавек павінен быў прайсці шматлікія стадыі: атрымаць адукацыю, быць падрыхтаваным.
— Нават у «саўку» гэта было. А тут проста прыходзіць «крыша» да іншай «крышы» і кажа: добры хлопец, усё роўна ж прадпрыемства — бенефіцыяр бюджэту, а ён жа з «нашых», ён жа лаяльны.
Так, пераскокваючы з адной кіроўнай пасады на іншую, на думку эканаміста, многія потым у Беларусі даслужваюцца да пасад міністраў.
— Вось так куюцца кадры ў лукашэнкаўскай Беларусі. Кадры, якія забяспечваюць дэградацыю, кадры, якія забяспечваюць пагібель краіны, — адзначае Яраслаў Раманчук. — Гэта здзек не толькі з работнікаў «Камволя» і іншых стратных заводаў — гэта здзек з усіх падаткаплацельшчыкаў.
Таму што, калі нам кажуць «Трэба падтрымаць заводы», людзі не разумеюць, што грошы дастаюцца з іх кішэняў, і, замест таго, каб ісці на высакародныя мэты, проста асвойваюцца і перамяшчаюцца ў кішэні распарадчыкаў чужога.
Эканаміст перасцерагае ад памылкі давяраць дзяржаве занятак прамысловай палітыкай і ад таго, каб адмовіцца ад прыватызацыі.
— Да таго часу, пакуль будзе захоўвацца вось такая ментальная пастка, улады будуць пілаваць бюджэт, пілаваць нашу будучыню і ператвараць нашу краіну ў руіны, — папярэджвае Яраслаў Раманчук. — Вось гэтага трэба пазбегнуць. Таму ржавыя кадры не патрэбныя. Іржавыя кадры — праклён для краіны.
Паводле «Салідарнасці».