Паўночная Карэя: раўненне на сабаку!

Паўночнакарэйская прапаганда заклікае жыхароў краіны выхоўваць у сабе якасці, уласцівыя сабакам мясцовай пароды пунгсан (пхунгсан).

By Maeng9981 - Own work, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

By Maeng9981 - Own work, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org


Сабака стаў культавай жывёлай у КНДР не ад лепшага жыцця. Прыкладна да канца 80-х рэжым у КНДР інэрцыйна верыў у больш-менш хуткую перамогу камуністычнага блока ў свеце. Адсюль і дастаткова асцярожнае стаўленне да мясцовай нацыянальнай традыцыі, якая, па сутнасці, была дадатковым інструментам для агітатараў.
Сітуацыя змянілася з пачаткам краху камуністычных рэжымаў Усходняй Еўропы, ад якіх Пхеньян атрымліваў сродкі, неабходныя для існавання. Аказаўшыся ў фактычнай ізаляцыі, улады вырашылі змяніць прыярытэты на ідэалагічным фронце. З таго часу дынастыя Кімаў прадстаўляе сябе, у тым ліку, як абаронцу нацыянальнай культуры. Апошняй, маўляў пагражае амерыканскі імперыялізм і дэградаваны праз культ спажывецтва Поўдзень.  
З запускам рэформы Паўночная Карэя кінулася перавыдаваць класічныя раманы, ствараць мультфільмы на аснове казак і ладзіць конкурсы народных песень. Квашаная капуста і грачаная локшына — немудрагелістыя сялянскія стравы — аператыўна былі ператвораныя ў нацыянальныя сімвалы супраціву Захаду.
Не прайшлі ідэолагі і міма свету жывёлаў. У прыватнасці, гаворка пра сабак мясцовай пароды з правінцыі Пунгсан. Медыя навязваюць тубыльцам думку, што тыя сабакі заўсёды былі ўнікальнай, асаблівай пародай. Пунгсанам пачалі прыпісваюць такія якасці як смеласць, дысцыпліна, розум і г.д. У афіцыёзе нават можна сустрэць фразы пра тое, што паўночнакарэйскі пунгсан ёсць сімвалам «гонару духу» краіны.
Не дзіўна, што ў кіно і літаратуры сабакі часта выклікаюць злосць у адмоўных персанажаў (вельмі часта замежнікаў), якія прыдумляюць розныя трукі, каб знішчыць пунгсанаў або намагаюцца выкарыстаць іх у сваіх подлых мэтах. Але ў выніку пунгсанскія сабакі адмаўляюцца служыць ворагу і заўсёды застаюцца вернымі сваім гаспадарам — як, дарэчы, і павінен рабіць кожны паўночнакарэец-патрыёт.  
У мастацкіх творах пунгсаны нават супраціўляюцца спробам спарыць іх з сабакамі іншаземных парод. Гэта нежаданне падаецца як «патрыятызм». Праводзяцца прамыя паралелі паміж сабакамі пунгсан і карэйскай нацыяй — і тыя, і тыя прасякнуты нацыянальнай чысцінёй і непасрэднасцю.
У мясцовай літаратуры пунгсаны выяўленыя як апантаныя партызаны ў часы барацьбы супраць японскай акупацыі. У адным з раманаў сабака пунгсан нападае на чыноўніка японскай каланіяльнай адміністрацыі. Кіруючыся страхам, японскія ўлады пасля вырашаюць знішчыць усіх сабак пароды пунгсан. І гэта амаль удалося, калі бы не вялкі правадыр Кім Ір Сен! Народны лідар зрывае план акупантаў, даручыўшы схаваць апошнюю пару шчанюкоў недзе ў гарах.
Дарэчы, у творах пра пунгсанаў часта можна сустрэць тэзу, што хаця гэта сабака і выглядае маленькім, ён, тым не менш, здольны перамагчы вялікіх заходніх сабак. Напэўна, гэта мае кампенсаваць комплекс непаўнавартасці паўночнакарэйцаў адносна свайго росту ў параўнанні з жыхарамі Захаду.
Часам палёт фантазіі чучхейскіх «Азаронкаў» выглядае проста касмічным. Сцвярджаецца, што пры вазе менш за 28 кілаграмаў сабакі пунгсан здольныя, што называецца, адной лапай забіваць дзікоў вагой да 100 кілаграмаў, мядзведзяў вагой да 200 кілаграмаў і тыграў вагой да 300 кілаграмаў. Як гэта адпавядае законам фізікі — невядома.
Сабачая тэматыка з часам набыла і важны міжнародны аспект праз тое, што ў Азіі амаль кожная краіна мае свайго сабаку-сімвал дзяржавы і нацыі. Напрыклад, у паўднёвых карэйцаў гэта сабака пароды «дзінга», а ў японцаў — «акіта». Такім чынам, пунгсан як бы сімвалізуе гатоўнасць КНДР да барацьбы за рэгіянальную дамінацыю.
Нарэшце, самы цікавы момант: ідэолагі вылічылі, што ў паводзінах пунгсана прысутнічаюць адзнакі палітычнай лініі кіраўніцтва КНДР. Аказваецца, сабакамі гэтай пароды «цяжка кіраваць» і яны ў выпадку пагрозы становяцца «агрэсіўнымі». Тэмы пра права на самастойнасць і гатоўнасць да канфлікту, як вядома, з’яўляюцца адным з мэйнстрымаў паўночнакарэйскага дыскурсу. Ці значыць, што правадары Паўночнай Карэі вывучаюць манеры пунгсанаў перад тым, як прыняць нейкае рашэнне?  
Застаецца адзначыць, што прапаганда пунгсанаў не такая ўжо і лёгкая справа як падаецца. Нягледзячы на неверагодныя спекуляцыі, ні адзін міжнародны кіналагічны клуб не прызнаў сабак пунгсан асобнай пародай старажытнага паходжання. Іх лічаць не больш чым мясцовым варыянтам сібірскіх хаскі з праблемамі ў паводзінах.
Але самы вялікі пракол у ідэалагічныях канструкцыях наконт пунгсанаў заключаецца ў іншым. Насуперак апісаным вышэй фантастычным фізічным і разумовым характарыстыкам сабакаў пунгсанскай пароды, паўночнакарэйская армія і міліцыя ўпарта выкарыстоўваюць падчас службы нямецкіх аўчарак (яны былі завезены ў краіну яшчэ Саветамі). Сілавікі, як бачым, не гатовыя давярацца міфам афіцыёзу, калі гаворка ідзе пра рэальную пагрозу на іх адрас.