У Паўночнай Карэі пачалі шыць зімовую форму для расійскіх салдат

Фабрыкі КНДР пачалі шыць зімовую форму для расійскіх ваенных. Гаворка ідзе непасрэдна пра форму, бялізну і абутак — сыравіну для іх дае сама Расія.

Фота: rfa.org

Фота: rfa.org

Шэраг фабрык у Паўночнай Карэі ўжо прыцягнуты да шыцця зімовай формы для расійскіх ваенных з матэрыялаў, якія для гэтага дае Расія. Пра гэта паведамляе «Radio Free Asia» са спасылкай на свае крыніцы ў КНДР.

Шыць форму для расійскіх вайскоўцаў пачалі як мінімум тры фабрыкі ў Пхеньяне і невядома колькі яшчэ — у іншых месцах. Гаворка ідзе непасрэдна пра форму, бялізну і абутак. Далей іх павінны па чыгунцы адпраўляць у Расію праз вузкі перашыек, які злучае краіны — шляхам, які ў пачатку лістапада «размарозілі» пасля васьмімесячнай паўзы з-за пандэміі каранавіруса.

Пра тое, што гэта сапраўды так, можа сведчыць і заява расійскага пасольства ў КНДР некалькі тыдняў таму, што Расія «зацікаўлена купляць вопратку і абутак» з Паўночнай Карэі. Хоць рэзалюцыя ААН 2375 ад верасня 2017 года забараняе Паўночнай Карэі любы экспарт вырабаў тэкстыльнай прамысловасці.

Суразмоўца растлумачыў, што Паўночнай Карэі выгадна такое супрацоўніцтва для атрымання замежнай валюты, асабліва пасля вымушанай паўзы з-за пандэміі каронавіруса.


«Рабы Кіма для салдат Пуціна?» — так пракаментаваў гэту навіну гісторык Аляксандр Фрыдман. Ці выкарыстоўваецца на гэтых фабрыках прымусовая праца? Пытанне застаецца адкрытым. Таму што такая практыка ў КНДР вельмі распаўсюджаная.

Разам з тым для арміі Украіны зімовую форму пачалі шыць у Латвіі. Гэта форма робіцца згодна са стандартамі NAТО. 5 лістапада адна з кампаній у Рызе пачала шыць зімовую вайсковую форму для падраздзяленняў Узброеных сіл Украіны (УСУ). Адпраўка ва Украіну першай партыі зімовага адзення плануецца «ў бліжэйшы час». Пра гэта распавёў украінскі амбасадар у Латвіі Аляксандр Мішчанка. 

«Указаная зімовая форма робіцца спецыяльна па прадастаўленых пэўнымі падраздзяленнямі УСУ памерах, і мы хочам, каб кожны камплект формы максімальна падышоў нашым воінам, якім мы арганізоўваем на гэты раз дапамогу, каб гэта спрыяла іх гераічнай барацьбе з расійскім ворагам», — напісаў дыпламат у Facebook. 

Паводле korrespondent.net