«У расійскай арміі рэальныя праблемы». Байдэн пра адступленні Расіі з Херсона
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што рашэнне расійскага камандавання адвесці войскі з Херсона было чаканым — і супала з тым, што ў ЗША завяршыліся прамежкавыя выбары. Пра гэта ён сказаў на брыфінгу ў Белым доме, піша «Медуза».
«Перш за ўсё, мне
падалося цікавым, што яны чакалі да заканчэння выбараў [у ЗША], каб вынесці
гэтае рашэнне, пра якое мы ўжо даўно ведалі. І гэта сведчыць аб тым, што ў іх,
у расійскай арміі, рэальныя праблемы», — сказаў Байдэн.
На думку прэзідэнта ЗША, адыход расійскіх войскаў з Херсона «дасць усім час на перагляд пазіцый цягам зімовага перыяду». «Яшчэ трэба ўбачыць, ці будзе прынята рашэнне аб тым, ці гатовая Украіна пайсці на кампраміс з Расіяй», — сказаў Байдэн.
Адзін з журналістаў спытаў у Байдэна, ці мае ён на ўвазе тэрытарыяльныя саступкі, калі кажа пра кампраміс з боку Украіны. Прэзідэнт ЗША адказаў, што гэта залежыць ад Кіева: «Нічога датычна Украіны без Украіны».
«Я думаю, што кантэкст заключаецца ў тым, ці адыходзяць яны (расійскія войскі) з Эль-Фалуджы. Я маю на ўвазе Херсон, горад Херсон. І яны, расійскія сілы, вяртаюцца на ўсходні бок ракі. І я сказаў, што адбудзецца наступнае: абодва бакі будуць залізваць раны, вырашаць, што яны будуць рабіць зімой, і вырашаць, ці пойдуць яны на кампраміс».
Крыніцы «Медузы» заявілі, што Крэмль разглядае здачу Херсона як «вайсковую неабходнасць» і «запрашэнне да перамоваў». Паводле крыніц, расійскія ўлады разлічваюць дабіцца часовага спынення агню, што дазволіць арміі падрыхтавацца да новага паўнавартаснага наступу ў 2023 годзе. Ва Украіне раней казалі, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін не гатовы да перамоваў.
Нагадаем, 9 лістапада міністр абароны РФ Сяргей Шайгу даручыў адвесці салдат і тэхніку з той часткі Херсонскай вобласці, якая знаходзіцца на правым беразе ракі Днепр. З прапановай адвесці войскі выступіў камандуючы расейскімі войскамі ва Украіне Сяргей Суравікін.
Аднак украінскі бок заявіў: гаварыць пра вывад расійскіх войскаў з Херсона пакуль рана. Дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк адзначыў, што дадатковыя сілы РФ сцягваюцца ў рэгіён. Украіна не звяртае ўвагу на заявы расійскага боку, паколькі словы і дзеянні — гэта розныя рэчы, і пакуль украінскі сцяг не паднімецца над Херсонам, гаварыць пра расійскае адступленне няма сэнсу, падкрэсліў Падаляк.