Шайгу і Суравікін паведамілі пра адвод расійскіх войскаў пад Херсонам

Але ўкраінскія ўлады не спяшаюцца святкаваць чарговую перамогу.

Ілюстрацыйнае фота: bbc.com

Ілюстрацыйнае фота: bbc.com


Камандуючы расійскімі войскамі ва Украіне Сяргей Суравікін і міністр абароны РФ Сяргей Шайгу паведамілі аб адводзе расійскіх войскаў у раёне Херсона з правага на левы бераг Дняпра. «Найбольш мэтазгодным варыянтам з'яўляецца арганізацыя абароны па бар'ернай мяжы ракі Днепр. Усебакова ацаніўшы сітуацыю, якая склалася, прапануецца заняць абарону па левым беразе ракі Днепр. Разумею, што гэта вельмі няпростае рашэнне, але мы захаваем жыцці нашых вайскоўцаў і баяздольнасць групоўкі войскаў, трымаць якія на правым беразе бесперспектыўна», — сказаў Суравікін. «Прыступайце да адводу войскаў», — пагадзіўся Шайгу.
Але гаварыць пра вывад расійскіх войскаў з Херсона пакуль рана, заявіў агенцтву «Reuters» дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк. Паводле яго слоў, частка расійскіх войскаў застаtцца ў горадзе, дадатковыя сілы сцягваюцца ў рэгіён. Украіна не звяртае ўвагу на заявы расійскага боку, паколькі словы і дзеянні — гэта розныя рэчы, і пакуль украінскі сцяг не паднімецца над Херсонам, гаварыць пра расійскае адступленне няма сэнсу, падкрэсліў Падаляк.
Сёння раніцай з'явілася інфармацыя, што войскі РФ узарвалі 5 мастоў у Херсонскай вобласці: падарваны Дар'еўскі мост праз раку Інгулец, які служыў шляхам зносін паміж акупаванымі войскамі РФ Херсонам і Новай Кахоўкай. Акрамя таго, паведамляецца пра падрывы некаторых іншых перапраў вакол Херсона — Цягінскага пешаходнага моста і Новавасільеўскага моста пры ўездзе ў Снігіроўку, у раёне якой раней пачалі наступаць УСУ.
Таксама СМІ пішуць пра тое, што ў ДТЗ загінуў так званы «намеснік кіраўніка» акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласці Кірыл Страмавусаў. Украінскія ўлады не выключаюць, што смерць Страмавусава — гэта інсцэніроўка, піша dw.com. Пасля таго, як пра гэтую смерць паведамілі расійскія СМІ і прадстаўнікі акупацыйных уладаў рэгіёна, у «Міністэрстве аховы здароўя» Херсонскай вобласці афіцыйна пацвердзілі толькі факт ДТЗ, патлумачыўшы: «Інфармацыя пра яго гібель не з'яўляецца афіцыйнай. Як толькі лекары ацэняць яго стан — мы дамо звесткі».