Пётр Кузняцоў: Расію крыўдзіць нават Паўночная Карэя. Куды ўжо далей?
Дапамагаць Маскве ў цяперашнім разуменні паўночнакарэйцаў — значыць, займацца чымсьці, што «ачарняе», піша Пётр Кузняцоў.
КНДР ніколі не пастаўляла Расіі зброю і не збіраецца гэтага рабіць, заявіла Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Паўночнай Карэі са спасылкай на чыноўніка Мінабароны краіны. На гэты конт разважае Пётр Кузняцоў:
— У апошнія дні неяк шмат значных
палітычных падзей адбываецца вакол вайны Расіі і Украіны.
Акрамя мабілізацыі і ўсяго, з ёй звязанага, фактычна нон-стоп здарыліся ўслед яшчэ дзве. Адна з іх — абмен палоннага Медведчука і яшчэ 55 расійскіх салдат на больш за 200 абаронцаў Украіны, сярод якіх — азоўцы, уключаючы камандзіраў. Здарылася тое, чаго ніколі не павінна было здарыцца (паводле версіі расійскай прапаганды).
Аднак мне тут кінулася ў вочы яшчэ адна, а менавіта — афіцыйная заява Паўночнай Карэі аб тым, што ніякай зброі і боепрыпасаў яны Расіі не прадавалі і не збіраюцца. Тут цікава тое, што заявы амерыканскай разведкі з гэтай нагоды былі ўжо досыць даўно, але Пхеньян да гэтага часу адмоўчваўся. А тут раптам не проста пракаментаваў, але і пракаментаваў у абразлівай для Масквы танальнасці. Маўляў, такія заявы амерыканцаў «ачарняюць нашу рэспубліку». Атрымліваецца, дапамагаць Маскве ў цяперашнім разуменні паўночнакарэйцаў — значыць, займацца чымсьці, што «ачарняе». Увогуле, наглядна.
Сімвалізм і значэнне мабілізацыі і вызвалення азоўцаў відавочныя і кідаюцца ў вочы. Але і паўночнакарэйскі выпадак дастаткова паказальны, і на ім хацелася б крыху спыніцца.
Паўночная Карэя ў свеце з'яўляецца своеасаблівым эталонам закрытай, ізаляванай, ваяўнічай і бядотнай эканамічна дыктатуры. Пры гэтым пра яе палітыку вядома вельмі мала: у шырокай публікі дамінуе спрошчанае ўяўленне, што гэта — нейкая рэч у сабе, якая неяк сама па сабе і жыве. Але гэта не зусім так на самой справе.
Пачаць трэба з таго, што калі б не Кітай, то не было б ніякай Паўночнай Карэі. У свой час у Карэйскай вайне загінула ад паўмільёна да мільёна кітайскіх салдат (па розных ацэнках), і да моманту іх уступлення ў вайну яна была камуністамі (якія пачалі яе з блаславення Сталіна) ужо практычна прайграная. Ужо з гэтага мы бачым: у плане геапалітыкі ў паўночнакарэйскім пытанні пераплятаюцца інтарэсы Расіі і Кітая першапачаткова.
Уласна, так і было заўсёды, таму што, нягледзячы на свой, так бы мовіць, «братэрскі» абавязак перад Кітаем, Пхеньян ніколі не быў яму адназначна падпарадкаваны і заўсёды імкнуўся неяк лавіраваць. Па вялікім рахунку, у гэтым сэнсе яго палітыка падобная да палітыкі Мінска ў дачыненні да Расіі на працягу двух дзясяткаў гадоў — да апошняга часу, калі залежнасць стала татальнай. Паўночная Карэя ж да татальнай залежнасці не дайшла і ніколі не даходзіла, хоць Кітай заўсёды быў галоўным донарам яе эканомікі. Аднак незалежнасць паўночнакарэйцы захоўвалі, у першую чаргу, за кошт лавіравання і гульні на супярэчнасцях у палітыцы Кітая, СССР (Расіі) і... ЗША і Паўднёвай Карэі. Так, за гэтым сталом ёсць яшчэ і трэці гулец.
Дык вось, калі не паглыбляцца асабліва, можна сказаць, што бывалі ў гісторыі перыяды, калі адносіны Пхеньяна і Пекіна вельмі нават моцна ўскладняліся, аж да прыгранічных перастрэлак, а бывала — цяплелі. Залежала гэта галоўным чынам ад таго, наколькі шмат назапашвалася супярэчнасцей у Кітая з Расіяй ці ЗША і, такім чынам, наколькі кітайцы ў такія моманты былі гатовыя павышаць узровень эканамічнага супрацоўніцтва і лаяльнасці да ядзернай праграмы Паўночнай Карэі, якую традыцыйна разглядаюць як буферную дзяржаву (паколькі Карэя Паўднёвая з'яўляецца надзейным саюзнікам ЗША).
Зыходзячы з гэтай, думаю, зразумелай беларусам на ўласным прыкладзе формулы, можам выказаць здагадку, што прама цяпер адносіны Пекіна і Пхеньяна знаходзяцца ў вельмі пазітыўнай кропцы, таму што з часоў Трампа адносіны Кітая з ЗША вельмі абвастрыліся, а нядаўні візіт Пэлосі ў Тайвань — гэта добрая такая каністра алею ў агонь. У такіх умовах значэнне Паўночнай Карэі як памежнага буфера з вельмі праамерыканскай Паўднёвай Карэяй цяжка пераацаніць. Пацвярджае гэта таксама той факт, што Паўночная Карэя называе магчымыя сувязі з Масквой «ачарненнем». Знаходзячыся ва ўласным пастаянным супрацьстаянні з Захадам, рэжым Кім Чэн Ына не мог бы сабе такога дазволіць, калі б з Кітаем было нешта не так.
У практычнай плоскасці гэта азначае, што Ын і Сі сёння на геапалітычным узроўні гавораць адным голасам, гэтак жа, як Пуцін і Лукашэнка. Гэта значыць, калі да саміту ШАС Пхеньян адмоўчваўся з нагоды магчымага продажу зброі Маскве, то пасля саміту выказаўся адназначна і даволі крыўдна.
Гэта дазваляе нам сплесці з такіх розных падзей, як абвяшчэнне мабілізацыі, вызваленне азоўцаў і заявы Паўночнай Карэі адну карціну, якую можна было б умоўна назваць «па слядах саміту ШАС».
Азіяцкія партнёры Масквы, уключаючы Кітай, сказалі Пуціну заканчваць вайну. Ён абвяшчае рэферэндумы, каб «зафіксаваць прыбытак» — далучыць акупаваныя тэрыторыі і, у выпадку заканчэння баявых дзеянняў, не паўстаць перад сваімі чалавекам, які прайграў. Мабілізацыя патрэбная, як было сказана, каб «стабілізаваць фронт», гэта значыць, абараняць анексаванае.
Азіяцкія партнёры Масквы сказалі заканчваць вайну — і Масква ідзе на абмен палоннымі, на якім настойвала і ў якім была зацікаўлена ў тым ліку і Анкара Эрдагана; абмен камандзіраў «Азова» адбываецца ў Турцыі.
Паўночнакарэйскі кейс тут стаіць крыху асабняком, але таксама ўплятаецца ў агульную логіку. Мяркуючы па маўчанні Пхеньяна з нагоды амерыканскіх абвінавачванняў у магчымым продажы зброі Маскве, некаторы час Кітай дапускаў такую магчымасць, ну, як мінімум, яе не выключаў. Магчыма нават, што і сам ён мог бы нешта перадаваць менавіта праз Паўночную Карэю, каб не ўблытвацца наўпрост і не падстаўляцца пад санкцыі.
Але вось тое, што ўжо пасля саміту ШАС рэжым Кім Чэн Ына ўголас такую магчымасць адхіліў, якраз і пацвярджае, што на саміце Пуціну вельмі настойліва раілі з актыўнай фазай баёў завязваць — і ў гэтым пытанні існуе і сфармуляваная пазіцыя Кітая, і агульны кансэнсус азіяцкіх краін.
Ну а эпітэты накшталт «ачарняць», якія гучаць з вуснаў такога гульца, як Паўночная Карэя, як відаць — невялікі намёк на тое, што ні рэферэндумы, ні мабілізацыя азіяцкімі партнёрамі не разглядаліся як колькі-небудзь рабочы сцэнарый і рэалізацыя такой лініі — шлях да яшчэ большай міжнароднай ізаляцыі.
Сапраўды, калі ўжо Паўночная Карэя лічыць інфармацыю аб супрацоўніцтве з Расіяй «ачарненнем», то куды ўжо далей?
Пераклад «НЧ»