Украіна вызначыла імёны 168 тысяч расійскіх вайскоўцаў
Украіна ідэнтыфікавала каля 168 тысяч расійскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў нападзе на краіну. Распачата 42 тысячы крымінальных спраў
Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Украіны Максім Цуцкірыдзэ. Украінскі бок адзначыў, што гэтая інфармацыя спатрэбіцца пазней, калі следчыя будуць разглядаць справы аб ваенных злачынствах расіян. Ужо распачата 42 тысячы такіх спраў, адзначае ВВС.
Па словах следчых, злачынствы фіксуюцца па трох напрамках: здзейсненыя на часова непадкантрольных Украіне тэрыторыях, зафіксаваныя на дэакупаваных тэрыторыях, а таксама абстрэлы мірнага насельніцтва і цывільнай інфраструктуры.
Цяпер ідуць інтэнсіўныя следчыя дзеянні ў дэакупаваных раёнах Кіеўскай і Харкаўскай абласцей.
"Мы сутыкаемся з сапраўдным кашмарам: мы выяўляем масавыя пахаванні цывільных асоб, у тым ліку людзей, якія ажыццяўлялі эвакуацыю з гэтых раёнаў. Мы выявілі 37 месцаў, дзе гвалтоўна ўтрымліваліся мірныя людзі. Гэта толькі на дэакупаваных тэрыторыях. Мы разумеем, што ёсць яшчэ 27 такіх месцаў на нашых акупаваных тэрыторыях і 7 – на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, дзе ажыццяўляюцца катаванні ў дачыненні да нашых грамадзян", — заявіў Цуцкірыдзэ.
Ужо ўстаноўленыя імёны 6600 цывільных асоб, які былі расстраляныя або памерлі ў выніку катаванняў з боку расійскіх вайскоўцаў.
Усе сабраныя даныя аб ахвярах і катах, мяркуючы па ўсім, будуць перададзеныя ў Міжнародны трыбунал.