260-ы дзень вайны. РФ пакінула Херсон, але, як сказаў Зяленскі, «вораг не робіць нам падарункаў»

Учора, 9 лістапада, расійскае камандаванне вырашыла адвесці войскі з Херсона на левы бераг Дняпра, Расія страціла палову сваіх танкаў ва Украіне. А так званы «намеснік губернатара Херсонскай вобласці» Кірыл Страмавусаў загінуў у ДТЗ. Прапануем галоўныя навіны за 9 лістапада.

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Фота з тэлеграм-канала Уладзіміра Зяленскага

Расійскае камандаванне вырашыла адвесці войскі з Херсона на левы бераг Дняпра. «Самым мэтазгодным варыянтам з'яўляецца арганізацыя абароны па бар'ернай мяжы ракі Днепр... па левым яе беразе», — заявіў камандуючы войскамі РФ ва Украіне Сяргей Суравікін. Ён сказаў, што рашэнне аб абароне на левым беразе Дняпра няпростае, але дапаможа захаваць баяздольнасць груповак войскаў. Манеўр войскаў РФ будзе ажыццёўлены ў найбліжэйшы час.

На гэты конт прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным учорашнім вечаровым звароце адзначыў: у інфармацыйнай прасторы сёння вельмі шмат радасці — і зразумела чаму. Але нашы эмоцыі павінны быць стрыманымі — заўсёды падчас вайны, сказаў Зяленскі. Ён таксама адзначыў, што не будзе «карміць ворага ўсімі дэталямі нашых аперацый».

«Ці то на поўдні, то на ўсходзе, ці то дзе-небудзь яшчэ — калі будзе ў нас вынік, кожны гэта ўбачыць. Абавязкова. Можа, гэта гучыць не так, як хто цяпер чакае, можа, не так, як у навінах. Але трэба разумець: ніхто ніадкуль проста так не сыходзіць, калі не адчувае сілы. Вораг не робіць нам падарункаў, не робіць «жэстаў добрай волі». Мы за гэта змагаемся», — сказаў Зяленскі.

Ён таксама адзначыў: мы рухаемся вельмі акуратна, без эмоцый, без лішняга рызыкі. У інтарэсах вызвалення ўсёй нашай зямлі і каб страт было менш.


Украінская армія адбіла 12 атак расіян на фронце. Пра гэта 10 лістапада паведаміў Генеральны штаб украінскай арміі ў ранішняй зводцы.

Украінская авіяцыя нанесла шэсць удараў па пазіцыях праціўніка за суткі. Знішчаныя пяць дронаў-камікадзэ і тры «Арланы».

Войскі РФ вядуць наступальныя дзеянні на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках.

За мінулыя суткі ўкраінскія войскі адбілі атакі ў раёнах 12 населеных пунктаў: Навасёлаўскае, Макееўка ў Луганскай вобласці і Саледар, Кляшчыеўка, Маёрск, Якаўлеўка, Андрэеўка, Белагораўка, Вясёлае, Невельскае, Першамайскае, Новаміхайлаўка Данецкай вобласці.

Расійскія салдаты нанеслі 11 ракетных і 22 авіяцыйных удару, здзейснілі больш за 35 абстрэлаў з РСЗА. Ад гэтага пацярпелі раёны больш за 30 населеных пунктаў у Данецкай, Луганскай, Днепрапятроўскай, Запарожскай, Мікалаеўскай, Сумскай і Херсонскай абласцях.

Паводле даных украінскага Генштаба на 9 лістапада, РФ страціла ў Украіне 77 950 салдат, а таксама 2801 танк, 278 самалётаў і 260 верталётаў.

Расійскія СМІ заяўляюць пра смерць калабаранта, так званага «намеснік губернатара Херсонскай вобласці» Кірыла Страмавусава, які загінуў у ДТЗ. Інфармацыю пра смерць пацвердзіў прарасійскі «выконваючы абавязкі» кіраўніка Херсонскай вобласці Уладзімір Сальда: «Мне вельмі цяжка казаць пра тое, што сёння загінуў Кірыл Страмавусаў, ён загінуў на тэрыторыі Херсонскай вобласці, у аўтамабілі, які трапіў у ДТЗ», — заявіў ён у сваім відэазвароце.


Генерал Ходжэс назваў мэту ЗША ў выпадку ядзернага ўдару РФ па Украіне.

Калі Расія вырашыць прымяніць ядзерную зброю супраць Украіны, то ў справу ўступяць ЗША. Пасля чаго будзе знішчана большая частка ваенных магчымасцяў расіян.

«Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ужо заяўляў, што калі Расія дапусціць страшную памылку і прыменіць зброю масавага знішчэння, то наступствы для яе будуць катастрафічныя», — адзначыў генерал Бэн Ходжэс.

Расія страціла палову сваіх танкаў ва Украіне, паведаміў Пентагон.

РФ, верагодна, страціла палову сваіх асноўных баявых танкаў у вайне супраць Украіны і выкарыстала вялікую частку сваёй высокадакладнай зброі. Што з'явілася вялікім стратэгічным правалам Крамля.

«Пуцін пацярпеў няўдачу... Расія выйдзе з гэтай вайны слабейшай, чым яна была», — заявіў намеснік міністра абароны ЗША ў пытаннях палітыкі Колін Каль журналістам. Ён падкрэсліў, што РФ панесла дзясяткі тысяч страт з пачатку вайны ў лютым, што «на парадкі» больш, чым Савецкі Саюз у Афганістане.

«Яны, верагодна, страцілі палову сваіх асноўных баявых танкаў ва ўсёй расійскай арміі... Больш за 80% іх сухапутных войскаў загразлі ва Украіне. Яны выдаткавалі большасць сваіх высокадакладных боепрыпасаў, а санкцыі і экспартны кантроль вельмі ўскладняць ім аднаўленне свайго войска да таго, як гэта было да вайны», — распавёў Каль.

Еўракамісія агучыла прапанову прадаставіць Украіне 18 мільярдаў еўра макрафінансавання на 2023 год. Гэта дапаможа пакрыць частку дэфіцыту бюджэту Украіны.

«Вельмі важная ініцыятыва, якая падтрымае эканамічную стабільнасць нашай дзяржавы і ўмацуе падмурак нашай будучай перамогі. Сродкі дапамогуць пакрыць значную частку дэфіцыту бюджэту, які складзе 38 мільярдаў долараў», — заявіў украінскі прэм'ер-міністр Дзяніс Шмыгаль.