Амністыя, якая не амністуе
Яшчэ ў лютым венесуэльскія ўлады абвясцілі амністыю. Але праз некалькі месяцаў выявілася, што рэпрэсіўны апарат не спыніў працу — хіба што перайшоў на эканомны рэжым.

Будынак Нацыянальнай асамблеі Венесуэлы ў Каракасе. Фота: Alexis Güere / Wikimedia Commons, CC BY-SA 3.0.
Не паспелі бравыя амерыканскія камандас у студзені гэтага года «спакаваць» таварыша Нікаласа Мадуру і пасадзіць яго ў самалёт да Штатаў, як у Каракасе здарыўся першы цуд. Нацыянальную асамблею, дзе дамінавалі прыхільнікі ўсё таго ж Мадуры, раптам ахапіў прыступ амаль хрысціянскай міласэрнасці. Ды такі моцны, што 19 лютага яна аднагалосна прыняла «гістарычны» закон аб амністыі дзеля дэмакратычнага суіснавання.
А «палітычных», трэба прызнаць, у гэтай лацінаамерыканскай сацыялістычнай ідыліі хапае з лішкам. Паводле венесуэльскай праваабарончай арганізацыі Foro Penal, з 2014 года ў краіне зафіксавалі больш за 19 тысяч затрыманняў з палітычных матываў.
Глядзіце таксама

І вось нарэшце ўлады прызналі, што нешта пайшло не так, і ўзяліся за амністыю. Да канца сакавіка, паводле Amnesty International, законам скарысталіся больш за восем тысяч чалавек. Свет атрымаў нагоду для асцярожнага аптымізму. Здавалася, Венесуэла нарэшце ўстала на правільны шлях. Можна было б нават расчуліцца.
Аднак прайшло ўсяго некалькі тыдняў, і каракаская лакіраваная карцінка пачала прадказальна трэскацца. Ужо ў красавіку Amnesty International паведаміла, што не менш за 485 чалавек усё яшчэ знаходзіліся пад адвольным зняволеннем з палітычных матываў. Камусьці ў амністыі адмовілі, а ў кагосьці лёгкім росчыркам пракурорскага пяра статус «вызвалены» ператварыўся ў новы віток пераследу. Некаторым спачатку дазволілі выйсці на волю пад умовамі, а потым адхілілі заявы аб прымяненні закона.
Каб зразумець усю фішку гэтай камбінацыі, дастаткова паглядзець на гісторыю сясцёр Саманты і Арансы Эрнандэс. Іх затрымалі ў лістападзе 2025 года. Паводле праваабаронцаў, дзяўчаты сталі ахвярамі пераследу праз сваяцтва з Крысціянам Эрнандэсам — вайскоўцам, які пакінуў краіну і якога венесуэльскія ўлады абвінавацілі ў мяцяжы.
Саманце на момант затрымання было шаснаццаць гадоў, Арансе — дзевятнаццаць. Дзяўчат абвінавацілі ў «тэрарызме», «змове» і фінансаванні тэрарызму. Вось так: калі ўлады лічаць твайго сваяка ворагам дзяржавы, сямейныя сувязі могуць раптам стаць ледзь не крымінальным злачынствам.
Здавалася б, прыняты ў лютым закон аб амністыі павінен быў дапамагчы і сёстрам. Але іх заявы адхілілі. Саманту вызвалілі пад умовамі толькі 18 мая, Арансу — 12 чэрвеня. І гэта не было поўным апраўданнем: вызваленне само па сабе не азначала, што ўсе прававыя наступствы пераследу зніклі.
Дамоклаў меч следства, такім чынам, не абавязкова знікае разам з турэмнымі дзвярыма. Чалавек можа выйсці на волю, але застацца пад абмежаваннямі, пад пагрозай новага пераследу ці ў стане прававой нявызначанасці. Амністыя нібыта ёсць, а адчуванне свабоды — не заўсёды.
Amnesty International працягвае звяртаць увагу на тое, што ў Венесуэле захоўваецца сістэма адвольных затрыманняў і крымінальнага пераследу за сапраўднае або меркаванае іншадумства. Вызваленне часткі зняволеных — важны крок. Але калі крымінальныя справы не спыняюцца, а вызваленых могуць зноў абмежаваць у правах, пра канец рэпрэсій гаварыць рана.
І справа не толькі ў тэксце закона. Таемныя службы SEBIN і DGCIM, Нацыянальная гвардыя і судовая сістэма не знікаюць аўтаматычна разам са зменай кіраўніка дзяржавы. Пасля захопу Мадуры і прыходу Дэльсі Радрыгес да кіраўніцтва краінай няма падставаў меркаваць, што ўсе механізмы ранейшай сістэмы раптам перасталі працаваць. Без рэформаў, расследаванняў і адказнасці за парушэнні правоў чалавека новыя заявы пра міласэрнасць застаюцца толькі заявамі.
Глядзіце таксама

Якіх пераменаў можна чакаць, калі стары юрыдычны інструментар захаваўся? У арсенале каракаскіх пракурораў па-ранейшаму ёсць законы, якія праваабаронцы крытыкуюць за магчымасць іх выкарыстання супраць апанентаў улады.
Закон супраць нянавісці, прыняты ў 2017 годзе, прадугледжвае ад 10 да 20 гадоў зняволення за дзеянні, якія ўлады могуць кваліфікаваць як распальванне нянавісці. Закон супраць арганізаванай злачыннасці і фінансавання тэрарызму прадугледжвае ад 25 да 30 гадоў за асобныя злачынствы. А ў 2024 годзе з'явіўся яшчэ і Закон імя вызваліцеля Сімона Балівара, які ўлады выкарыстоўваюць для пакарання за падтрымку санкцый супраць Венесуэлы і дзеянні, якія трактуюцца як пагроза дзяржаве. За асобныя парушэнні ён таксама прадугледжвае да 30 гадоў зняволення.
Трыццаць гадоў! Таварыш Сталін стоадсоткава б ухвальна кіўнуў.
Усе гэтыя законы маюць розныя нормы і фармальна розныя мэты. Але праблема ў тым, што расплывістыя фармулёўкі і залежная судовая сістэма ствараюць магчымасці для выбарачнага прымянення законаў супраць палітычных апанентаў. І пакуль гэтыя інструменты застаюцца ў руках той жа ўладнай сістэмы, амністыя сама па сабе нічога не гарантуе.
Час рабіць высновы. Прыход Дэльсі Радрыгес да кіраўніцтва краінай пасля захопу Мадуры суправаджаўся прыгожымі жэстамі і вызваленнем часткі зняволеных. І было б цынічна абясцэньваць гэтыя вызваленні: для людзей, якія выйшлі на волю, гэта не сімвалічны жэст, а рэальнае змяненне жыцця.
Але нельга і рабіць выгляд, што некалькі тысяч вызваленых аўтаматычна азначаюць дэмантаж рэпрэсіўнай сістэмы. Захаваліся сілавыя структуры, прававыя інструменты пераследу і практыка адвольных затрыманняў. Сотні людзей па-ранейшаму заставаліся за кратамі паводле звестак праваабаронцаў вясной 2026 года.
Ці стала амністыя пачаткам сапраўдных пераменаў — пакажа не колькасць урачыстых заяваў і не слова «гістарычны» ў назве закона. Пакажуць гэта спыненыя крымінальныя справы, безумоўнае вызваленне ўсіх адвольна затрыманых і рэальныя змены ў працы інстытутаў, якія забяспечвалі рэпрэсіі.
Пакуль жа «гістарычны» закон аб амністыі выглядае хутчэй разменнай манетай у цынічнай гульні за міжнародную легітымнасць. Магчыма, гэта і ёсць адзін з разлікаў новых уладаў. Але пакуль рэпрэсіўны гідрант не перакрыты, казаць пра канец палітычнага пераследу — заўчасна.