Тры з паловай гады за «справу Гаюна». Хронікі рэпрэсій 20 кастрычніка
У Беларусі працягваюць судзіць людзей у межах «справы Гаюна»: жыхара Хойнікаў Артура Сыраквашу асудзілі на тры з паловай гады калоніі. Блогер Андрэй Дуноўскі расказаў пра затрыманне па крымінальнай справе аб «абразе Лукашэнкі». Тым часам у спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі старонку ініцыятывы «Честные люди», акаўнт брэнда адзення ZNIVIEN і іншыя рэсурсы.

У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі «Честные люди» і ZNIVIEN
Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго трапілі акаўнты і старонкі ў некалькіх сацыяльных сетках, а таксама Telegram-каналы і чаты.
У спіс унеслі:
- Facebook: старонку ініцыятывы «Честные люди», а таксама акаўнты «Піліп Шаўроў» і «Siarhei Bespalau» (Сяргей Бяспалаў);
- Threads: акаўнт брэнда адзення «znivien_2020» (ZNIVIEN ЖНІВЕНЬ);
- Telegram: канал «Беларусь Беларуская» і чат «Землянка»;
- Instagram: старонкі «Алена Жаркевiч», «Саня Наўковіч», «Сергей Будкiн» (Сяргей Будкін) і суполку «Новости Беларусь»;
- YouTube: канал «Евгений Глушков»;
- TikTok: акаўнт «KOZYR».
Блогера Андрэя Дуноўскага затрымалі па справе аб «абразе Лукашэнкі», а пасля выпусцілі пад заклад
Беларускага блогера Андрэя Дуноўскага каля месяца таму затрымалі па крымінальнай справе аб «абразе Лукашэнкі». Тры сутак ён правёў у ізалятары на Акрэсціна, пасля чаго, паводле яго слоў, яго выпусцілі пад заклад. Пра гэта блогер расказаў на сваім YouTube-канале.
Паводле Дуноўскага, у ізалятары на Акрэсціна было вельмі холадна, таму ён пастаянна маршыраваў на месцы, каб сагрэцца. На наступны дзень яго адвезлі ў РУУС, дзе следчы і адвакат паказалі відэа, да якіх у іх узніклі прэтэнзіі, піша «Вясна».
Сярод гэтых відэа быў ролік з выявай культурыста Рона Коўлмана, твар якога замянілі на твар Лукашэнкі з дапамогай нейрасеткі.
«Там ёсць эпізод, дзе проста велізарны накачаны Рон Коўлман — калі хто не ведае, гэта адзін з самых крутых культурыстаў 1990-х — пачатку 2000-х, — проста з тварам Лукашэнкі, зробленым нейрасеткай. Ён там проста качаецца», — расказаў блогер.
Зампаліта пагранічнай заставы з Хойнікаў асудзілі на тры з паловай гады калоніі па «справе Гаюна»
Гомельскі абласны суд асудзіў 31-гадовага жыхара Хойнікаў Артура Сыраквашу, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем. Яго абвінавацілі паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса — у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
Суд прызначыў Сыраквашы тры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму. Паводле звестак праваабаронцаў, раней ён працаваў намеснікам палітрука пагранічнай заставы.
Прысуд вынеслі яшчэ год таму, але праваабаронцам стала вядома пра яго толькі цяпер. Сыраквашу накіравалі адбываць пакаранне ў віцебскую калонію № 3.
Артур Сыракваша працаваў намеснікам начальніка пагранічнай заставы «Хойнікі», створанай у 2020 годзе. Быў сакратаром мясцовага БРСМ, піша "Наша Ніва".
Мужчыну затрымалі 10 жніўня 2025 года. У кастрычніку таго ж года яго абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 Крымінальнага кодэкса і асудзілі ў Гомельскім абласным суддзе.
Паводле інфармацыі "Вясны", агулам па "справе Гаюна" ў Беларусі асудзілі мінімум 235 чалавек. Паводле арт. 361-4 КК асуджаныя найменей 1112 чалавек.
Ікону, канфіскаваную ў ксяндза Генрыха Акалатовіча, спрабуюць прадаць ужо чацвёрты раз
Ікону «Уваскрасенне Хрыста» другой паловы — канца XVIII стагоддзя зноў выставілі на аўкцыён. Пра гэта паведаміла ініцыятыва «Хрысціянская візія».
Папярэдні аўкцыён скончыўся тым, што адзіны ўдзельнік пагадзіўся набыць лот па пачатковай цане, але пазней не заплаціў за яго. Цяпер ікону спрабуюць прадаць ужо чацвёрты раз.
Раней пачатковы кошт складаў 4000 рублёў, цяпер яго знізілі да 1600 рублёў — у 2,5 раза. У апісанні лота гаворыцца, што гэта еўрапейскі варыянт сюжэта «Уваскрасенне Хрыста», верагодна, створаны для святочнага рада іканастаса. Іконе таксама прыпісваюць гістарычную і мастацкую каштоўнасць.
Раней у ксяндза Генрыха Акалатовіча арыштавалі і выставілі на продаж аўтамабілі, зямельны ўчастак і іншыя іконы. Акалатовіча асудзілі на 11 гадоў калоніі паводле абвінавачання ў «здрадзе дзяржаве». У лістападзе 2025 года яго вызвалілі пасля памілавання, пасля чаго ён выехаў у Рым.