Міліцыя шукае журналістаў, якія з'ехалі з Беларусі. Хронікі рэпрэсій 19 кастрычніка

Беларускія міліцыянты працягваюць шукаць журналістаў, якія пакінулі краіну: яны прыходзяць да сваякоў Змітра Панкаўца і распытваюць суседзяў былога журналіста «Белсата» Сяргея Скулаўца. Тым часам 23-гадовага афіцэра спецназа Яўгена Жарыкава асудзілі да 19 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве». Былая палітзняволеная таксама расказала пра пакаранні і абмежаванне медыцынскай дапамогі ў жаночай калоніі, а таксама пра ціск пасля вызвалення.

1_1097_1.png

Міліцыя шукае журналістаў, якія з'ехалі з Беларусі

Беларускія сілавікі працягваюць наведваць сваякоў і суседзяў журналістаў, якія з'ехалі з краіны. Пра новыя выпадкі паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).

Увечары 15 кастрычніка міліцыянты прыйшлі да сваякоў журналіста Змітра Панкаўца ў Барысаве. Ператрусу не праводзілі, але распытвалі пра ягонае жыццё і планы, а таксама папрасілі кантакт журналіста ў Telegram.

Паводле Панкаўца, міліцыянты пыталіся, ці вярнуўся ён у Беларусь і ці плануе вяртацца, дзе жыве і працуе, на што жыве. Яны таксама нагадалі сваякам, што супраць журналіста ў Беларусі распачалі крымінальную справу. Які артыкул яму інкрымінуюць, сваякі дакладна не запомнілі. Панкавец мяркуе, што гаворка можа ісці пра частку 1 артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса — стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім.

Гэта не першы такі візіт. Міліцыянты прыходзілі да сваякоў журналіста яшчэ ўлетку 2024 года і тады таксама паведамілі пра крымінальную справу. Пасля гэтага было яшчэ некалькі візітаў.

На мінулым тыдні, 13 і 14 кастрычніка, міліцыянты з Івацэвічаў двойчы прыязджалі ў вёску Ябланка, каб распытаць суседзяў былога журналіста «Белсата» Сяргея Скулаўца. Ягоны дом пустуе ўжо тры гады.

Першы раз міліцыянты прыйшлі а сёмай раніцы, другі — а восьмай. Яны пыталіся, ці прыязджае Скулавец у Беларусь, дзе працуе, ці падтрымлівае сувязь з суседзямі і ў якой краіне цяпер знаходзіцца.

«І гэта самае дзіўнае: я абсалютна не хаваюся і адкрыта пішу ў сацсетках пра сваё жыццё», — адзначыў Скулавец.

Паводле былога журналіста, раней сілавікі таксама прыязджалі ў вёску з падобнымі пытаннямі, але наведвалі суседзяў удзень.

Афіцэра спецназа асудзілі да 19 гадоў калоніі за «здраду дзяржаве»

Мінскі абласны суд асудзіў 23-гадовага афіцэра спецназа з Бабруйска Яўгена Жарыкава паводле часткі 2 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса — «здрада дзяржаве».

Яму прызначылі 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў — 22 500 рублёў.

Справу разглядалі ў закрытым судовым пасяджэнні, таму падрабязнасці абвінавачання невядомыя. Прысуд вынеслі яшчэ ў траўні, але праваабаронцам «Вясны» пра яго стала вядома толькі цяпер.

Былая палітзняволеная расказала пра ціск пасля вызвалення і ўмовы ў жаночай калоніі

Былая палітзняволеная Таццяна (імя змененае ў мэтах бяспекі), якая правяла за кратамі амаль паўтара года і выйшла на волю ў выніку памілавання ў 2024 годзе, расказала «Вясне» пра ўмовы ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі і пераслед пасля вызвалення.

Паводле жанчыны, палітзняволеныя ў калоніі сутыкаюцца з пастаяннымі прыдзіркамі і пакараннямі за дробныя парушэнні. Напрыклад, яе пазбавілі перадачы за тое, што пасля спаткання яна пераапранула тэрмабялізну, каб сагрэцца. Іншых зняволеных маглі караць за размовы з жанчынамі з іншых атрадаў або за расшпілены гузік на вопратцы.

Таццяна таксама расказала пра праблемы з атрыманнем медыцынскай дапамогі. Аднойчы праз запаленне рукі яна звярнулася да медыкаў, але дапамогу атрымала толькі на чацвёрты дзень. Пасля гэтага рука балела яшчэ год. Паводле былой палітзняволенай, просьбы схадзіць у медчастку або атрымаць лекі маглі выклікаць раздражненне адміністрацыі і пагрозы спагнанняў.

Пасля вызвалення ціск не спыніўся. Паводле Таццяны, супрацоўнікі ГУБАЗіКа выклікалі яе і сваякоў на размовы, патрабавалі паведамляць пра выезды за межы горада і забаранялі выязджаць з краіны, хоць афіцыйнай забароны не было.

Жанчына сцвярджае, што пастаянны стрэс прывёў да посттраўматычнага стрэсавага расстройства. У выніку яна вырашыла з'ехаць з Беларусі.

Былая палітзняволеная адзначае, што наступствы зняволення захоўваюцца і пасля вызвалення, а аднаўленне патрабуе часу і падтрымкі блізкіх.