Эканоміка vs астралогія. Што цяпер лепш можа прадказаць будучыню?

Яраслаў Раманчук разважае пра магію прадказання будучыні. Калі закон рандомна выкарыстоўваецца для таго, каб парушаць фундаментальныя правілы чалавечай дзейнасці і свабоднага рынку — на авансцэну выходзяць шаманы, ведзьмы, чараўнікі.

c33b26879bc39333891f6.jpg

Калі так далей пойдзе, хутка ва ўніверсітэтах свету будуць вучыць курс «Астралогія фінансаў». No kidding. Сёння прагнозы астролагаў, хірамантаў, таролагаў, шаманаў і іншых ведзьмаў маюць прыкладна такую ж дакладнасць, што эканаметрыстаў, тэхнакратаў і макраэканамістаў. І першыя, і другія робяць выгляд, што будучыня прадказальная, што можна па зорках, картах або матэматычных формулах прадказаць, якім будзе ВУП, курс долара/еўра/нацыянальнага фанціка, якім будзе экспарт/імпарт, цэны на сыравінныя рэсурсы і індэксы фондавых рынкаў.

Тэарэтыкі дзяржавы ўсеагульнага інтэрвенцыянізму амаль 90 гадоў нагінаюць навуку «эканоміка» ва ўсе мажлівыя і неймаверныя бакі, ператвараючы яе ў служанку інтарэсаў VIP-распарадчыкаў і спажыўцоў чужога. Яны дураць людзям галаву, маўляў, у нас ёсць формулы, навуковыя інструменты, пры дапамозе якіх мы, высакародныя, сумленныя, бескарыслівыя чыноўнікі і «навукоўцы» лепш за вас прадкажам будучыню, падштурхнем вас да аптымальнага для вас выбару. Галоўнае — аддайце нам палову вашага заробку.

Гульня ў эканамічныя прадказанні — гэта, бадай, адна з самых доўгіх ашуканскіх схем у гісторыі чалавецтва. Напарсткі хутка сябе дыскрэдытавалі. Фінансавыя піраміды кшталту МММ — максімум на 10 гадоў, хоць дзяржаўная пенсійная піраміда ўжо амаль 100 гадоў дурыць людзям мазгі.

Немагчыма доўга падманваць людзей няякаснымі таварамі і паслугамі. Усё хутка выходзіць на яву. А вось фінансавае шарлатанства трымаецца ўжо амаль 90 гадоў. Як Дж. Кейнс заклаў асновы макраэканамічнага махлярства, так яно да гэтага часу праходзіць пад грыфам «Навука».

Не дзіўна, што самі аператары фінансавага рынку, фондавых пляцовак усё часцей звяртаюцца да альтэрнатыўнай навукі нетрадыцыйнай арыентацыі. Часопіс Economist апублікаваў артыкул «Why investors are reaching for the astrology of finance» («Чаму інвестары звяртаюцца да астралогіі фінансаў»). «Крыж смерці», «узроўні Фібаначы» — без зорак не зразумееш. Таму многія работнікі Wall Street, інвестары фондавых пляцовак даўно абзавяліся нетрадыцыйнымі спецыялістамі па зніжэнні рызык нявызначанасці будучыні.

Ва ўмовах высокай нявызначанасці, калі моцна скажоная структура капіталу, калі інвестыцыйныя памылкі VIP-распарадчыкаў і спажыўцоў чужога зрабілі таксічнымі гіганцкія даўгі і актывы, калі закон рандомна выкарыстоўваецца для таго, каб парушаць фундаментальныя правілы чалавечай дзейнасці і свабоднага рынку (інстытут свабоднай цаны, механізм «прыбытак-страты», асабістая адказнасць за інвестыцыйныя правалы, блакаванне прыватнай уласнасці), тады ніякія формулы, тэхнічны аналіз і мадэлі не дапамагаюць зразумець, што адбываецца. І вось у такія моманты на авансцэну выходзяць шаманы, ведзьмы, чараўнікі і ўсе тыя, якім нібыта адкрыты контуры і параметры будучыні. Замест навукі мы атрымліваем пацешную дзіцячую гульню «веру — не веру»

Эх, нам бы вярнуць старую добрую навуку «эканоміка». У ёй чалавек быў жывым, з эмоцыямі і пачуццямі, каштоўнасцямі і сваім унікальным інфармацыйным полем. У сённяшняй Economics чалавека даўно няма. Ёсць набор лічбаў і шмат-шмат вышэйшай матэматыкі. Ведаеце, у чымсьці астролагі, чараўнікі і вядзьмаркі лепшыя за эканаметрыстаў. Першыя не прэтэндуюць і не патрабуюць называць сябе навукоўцамі.