Азбука паліталогіі: Вось такая беларуская эканоміка

Эканомікі з нядаўніх часоў прынята дзяліць на такія і не такія. Нам пашанцавала, беларуская эканоміка належыць да такіх.

screenshot_2022_09_01_v_13.12.09.jpg

Цытую: «Мы адчуваем уздзеянне на Беларусь санкцый. Але ў нас эканоміка такая, што ўсё, што мы вырабляем — абутак, адзенне, прадукты харчавання — усё гэта мы вырабляем. Усё гэта трэба» (22.07.2022).
Больш канкрэтна і не скажаш. Такія эканомікі вырабляюць тое, што трэба, не такія на падобнае не здольныя, таму з часоў прамысловай рэвалюцыі (пачатак XIX стагоддзя) яны гойсаюць па свеце ў пошуках рынкаў збыту. Такія эканомікі падобнымі глупствамі не займаюцца. Лішкі вырабленай прадукцыі яны складуюць. Звернемся да афіцыйнай статыстыкі.

На 1 красавіка запасы прадуктаў харчавання, напояў і тытунёвых вырабаў на складах у працэнтах да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці склалі 58,6%, тэкстыльных вырабаў, адзення, вырабаў са скуры і футра — 370%, абутку — 690%.


Насі — не хачу!
На дварэ верасень. Чаму ж я прыводжу статыстыку за красавік? А гэта тлумачыцца вельмі проста: у такой эканомікі такая ж і статыстыка. Калі поспехі пачынаюць лавінападобна нарастаць, Нацыянальны статыстычны камітэт, каб не спараджаць пачуццё зайздрасці ў суседзяў, закрывае статыстыку. У прыватнасці, файл «Прамысловасць» з пачатку года схуднеў з 440 КБ да 175 КБ.
Тым не менш сёе-тое неяк адшукаць яшчэ можна. Калі запасы гатовай прадукцыі на складах да сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці на 1 студзеня 2022 года па прамысловасці ў цэлым склалі 52,7%, то на 1 жніўня — 72,9%. Людзей, што маюць слабыя нервы ды пакутуюць на мігрэнь, прашу не хвалявацца. Такая ў нас эканоміка. Будзем з хлебам — будзем і з аспірынам. Фармацэўты не схібілі! На 1 красавіка на складах яны назапасілі прэпаратаў на 52,7% ад сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці.

Патрэбы разумныя і неразумныя

Карціна алейнымі фарбамі беларускай мадэлі блізкая да завяршэння. Тым не менш няма мяжы дасканаласці. Невялікі цюнінг (англ. tuning — «наладжванне») ёй не зашкодзіць. Дый кірунак пазначаны: «Патрэбна дыктатура. А ў нас яна ёсць — давайце ўключаць яе, давайце адміністрацыйны рэсурс уключаць і прымушаць рабіць так, як трэба. Час пачынаць па-сапраўднаму працаваць».
Гэта значыць, усё, што асацыюецца з беларускай мадэллю, усё гэта — кветачкі. Цікава, якімі ж будуць ягадкі — памерам з вішню або з кавун? Тут напрошваецца аналогія са «спецыяльнай аперацыяй» Расіі ва Украіне, якую, па словах Уладзіміра Пуціна, «сур'ёзна яшчэ не пачыналі».
Спадзяюся, што чытачы, чыё сталенне адбывалася пад сцягам марксізму-ленінізму, пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі, не забыліся: патрэбы бываюць разумныя і неразумныя.
Першыя спрыяюць развіццю ў чалавеку сапраўды чалавечых якасцей: імкненне да ісціны, прыгажосці, ведаў, жаданне прыносіць дабро людзям. Другія прыводзяць да маральнай і фізічнай дэградацыі, яны наносяць шкоду чалавеку і навакольным.
Патрэба ў дыктатуры, патрэба актыўнага выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу — прыклады разумных патрэб. Яны не высмактаныя з пальца і не ўзятыя са столі. Іх актуальнасць шматразова ўзрасла ва ўмовах завяршэння эпохі глабалізацыі.
Прыемна ўсведамляць, што курс на «астравізацыю» першымі ўзялі заснавальнікі Саюзнай дзяржавы. Дам слова кіраўніку беларускага ўрада Раману Галоўчанку: «Прагназуецца, што і санкцыйныя войны, якія ўспыхваюць па ўсім свеце, і рост напружанасці паміж найбуйнейшымі эканомікамі свету прывядуць да таго, што кожны эканамічны саюз будзе імкнуцца максімальна замкнуць на сваёй тэрыторыі распрацоўку і вытворчасць самай шырокай наменклатуры тавараў. Адбудзецца паступовая перазагрузка тэхналагічных рынкаў і рэлакалізацыя вытворчасці найважнейшых тавараў. Такім чынам, для пабудовы інавацыйнай эканомікі ў нас няма іншых варыянтаў, акрамя як умацаваць уласную імпартанезалежнасць».
Калі з роду баравікоў, то лезь, браце, у кошык, а калі абвясціў суверэнітэт і незалежнасць найвышэйшай каштоўнасцю — памятай, што на аснове імпартных тэхналогій і камплектуючых ні таго, ні другога дамагчыся немагчыма.
Імпартнае можа быць танней і якасней, імпартнае можа задаволіць попыт, на які айчыннае не здольнае нічога даць у прынцыпе. Ну і што з таго? «У нас няма іншых варыянтаў».

Дурніца скончылася

Складана сказаць, за якія заслугі перад беларускай мадэллю кіраўнікі Германіі і Францыі днямі былі пазбаўлены статусу «мярзотнікі». З 26 жніўня яны — «пацаны». Спадзяюся, кожны супрацоўнік беларускага МЗС з гэтым змяненнем азнаёмлены пад роспіс.
«Пацанам» не пазайздросціш: «Цяпер дурніца скончылася. Больш за тое, уклаліся прыстойна ў гэтую ўкраінскую авантуру. Пандэмія, лакдаўны, раскідванне з верталёта грошай — гэта цяпер усё вылазіць. Таму праблем шмат, і багацця ў іх, сапраўды, больш не будзе. Трэба распранацца, напружвацца і працаваць».
Вось толькі ці дапаможа «пацанам» такая парада? З трох умоў поспеху, максімум, на што яны здольныя — гэта распрануцца.
За кошт чаго апошнія дзесяцігоддзі квітнела Германія? Тут няма сакрэту: «Расія раней прадавала Германіі і іншым у ЕС газ на 50% танней, чым магла б. Адпаведна, ФРГ і іншыя краіны квітнелі за кошт гэтага».
Дурніца скончылася. «Багацця ўжо ў іх не будзе. Не будзе! Ім цяпер давядзецца плаціць па рахунках і на ўсю катушку».
А дзе ўзяць грошы? Самі ж яны вырабляць хоць што-небудзь вартае не ў стане.
Вось ужо і ў Польшчы прапанавалі распусціць Еўрапейскі саюз. Палякі не самі да гэтага дадумаліся. Яны ж скачуць пад дудку дзядзечкі Сэма, які затаіў крыўду на бабульку Еўропу яшчэ з часоў увядзення альтэрнатыўнай валюты — еўра.
Ці ёсць з гэтай сітуацыі выйсце? Яно ёсць заўсёды: «Будучыня Еўропы толькі з намі, з Расіяй. Усе рэсурсы тут. Бярыце, пераварвайце, разам будзем жыць і працаваць — і Амерыка знікне з радараў. Вось яны гэтага баяцца».
Гэты страх ужо фіксуюць амерыканскія сацыёлагі. Паводле нядаўняга апытання Reuters, за апошні месяц паказчык ухвалення дзейнасці Байдэна вырас з 33% да 41%. Палітолаг Абас Галямаў тлумачыць: «Прычыны там у асноўным унутраныя (ні з Расіяй, ні з Украінай ніяк не звязаныя), і тым не менш рукі ў амерыканскага прэзідэнта цяпер будуць развязаныя ў значна большай ступені, чым раней, у тым ліку і на ўкраінскім кірунку».
Чакаем. Еўропе мала не падасца.