Азбука паліталогіі: Крамольныя кілабайты статыстыкі

Апошнія дні кожнага месяца я з нецярпеннем чакаю публікацый Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Пасля 24 лютага патрэба ў макраэканамічнай інфармацыі, натуральна, шматразова ўзрасла. Адна справа — бла-бла-бла на тэму імпартазамяшчэння, павароту на ўсход і расчыненага насцеж «вакна магчымасцяў», і зусім іншае — эканамічная рэальнасць, увасобленая ў лічбах спецыялістамі.

fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__3__logo.jpg


Адзін з афарызмаў брытанскага эканаміста Джона Мейнарда Кейнса (1883–1946), чые ідэі мелі вялікі ўплыў на сучасную эканамічную і палітычную тэорыю, абвяшчае: «Попыт нараджае прапанову». На жаль, яго ўніверсальнасць беларускія статыстыкі вось ужо які месяц ставяць пад сумнеў.
Глядзіце самі. З 443 кілабайтаў у траўні файл «Прамысловасць» зменшыўся да 169 кілабайтаў у чэрвені, а файл «Знешнеэканамічная дзейнасць» за гэты ж перыяд сціснуўся з 353 да 209 кілабайтаў.
Пры скарачэнні прамысловай вытворчасці за студзень-травень на 4,2%, а абароту знешняга гандлю таварамі і паслугамі за студзень-красавік — на 3,3% адпаведная справаздачнасць скарацілася ў 2,6 і 1,7 разы! Калі так пойдзе і далей, то лёгка сабе ўявіць аматара статыстыкі на месцы настаўніка геаграфіі з «Залатога цяляці» Ільфа і Пятрова. Небарака звар’яцеў пасля безвыніковых спробаў адшукаць на бракаванай карце абодвух паўшар’яў Берынгаў праліў.

«Усё пра яго і крыху пра надвор’е»


Добрымі намерамі выбрукавана дарога ў пекла. Хто б спрачаўся. За прыкладамі далёка хадзіць не даводзіцца. Аднак абмяжуюся адным: «Нельга дапускаць інфармацыйнага вакууму. Пра гэта гаварылася неаднаразова» (так заявіў адзіны палітык амаль год таму — 30 ліпеня 2021-га).
Нельга, але калі вельмі хочацца, то можна. Чарговая інавацыя Нацыянальнага статыстычнага камітэта таму відавочнае пацверджанне.
Паводле перапісу 2019 года, 2,1 мільёна беларусаў мелі вышэйшую адукацыю (22%). За дзесяць гадоў да таго дыпламаваных беларусаў было на 0,6 мільёна менш (16%). Такая дынаміка не магла не адбіцца на прыродзе палітычнага рэжыму. У поўнай адпаведнасці з агульнасусветнай тэндэнцыяй, у Беларускай мадэлі ўсё выразней пачалі выяўляцца рысы інфармацыйнай аўтакратыі.
Да такіх аўтакратый расійскі эканаміст Сяргей Гурыеў адносіць рэжымы, асновай улады якіх з’яўляюцца маніпуляцыя інфармацыяй для большасці і цэнзура альбо кааптацыя (абранне ў клас эліты) для больш адукаванай меншасці. Асноўная мэта гэтых дзеянняў — не даць контрэлітам растлумачыць большасці, што лідар краіны некампетэнтны.
Змяншэнне аб’ёму файлаў у бюлетэні «Сацыяльна-эканамічнае становішча Рэспублікі Беларусь, студзень-травень 2022 г.» — адзін з прыкладаў маніпуляцыі інфармацыяй. Пра прамое скажэнне фактаў гаворка не ідзе. Усё значна прасцей. Для разумення тэхналогіі, якая выкарыстоўваецца ў гэтым выпадку, дастаткова набраць у YouTube «Вінакур і Аганезаў. Гэта іграем, гэта не іграем, а тут я рыбу заварочваў».
Працэс табуявання асобных раздзелаў статыстычнай інфармацыі (гэта не іграем) набірае абароты. Незалежна ад таго, якія мэты ставяць перад сабой яго арганізатары, далёка не апошнім вынікам іх намаганняў стане прымітывізацыя грамадства.
12 красавіка 2021 года са спісу замежных СМІ, якія атрымалі дазвол на распаўсюд у Беларусі, быў выключаны Euronews. Яшчэ на адну інфармацыйную крыніцу, якая даносіла да беларусаў дыханне планеты, стала менш. Айчынныя СМІ, паводле традыцыі, якая склалася яшчэ ў савецкія гады, спецыялізуюцца на сюжэтах з жыцця насельнікаў верхніх узроўняў уладнай вертыкалі.
Як тут ні прыгадаць жарт часоў дарагога Леаніда Ільіча: «Усё пра яго і крыху пра надвор’е». З культурнай каляіны не так проста вырвацца. Таму «афіцыёз у навінавых праграмах прымаецца аўдыторыяй як стандарт. І гэта горш за любую цэнзуру», — тлумачыць расійскі журналіст Максім Арцем’еў.
У актуальнасці такога тлумачэння можна пераканацца з дапамогай сайта самай папулярнай газеты краіны. Раздзел «У свеце» на галоўнай старонцы прысутнічае, але размешчаны ў самым нізе — пад раздзеламі «Спорт», «Тэлетыдзень» і «Здарэнні».

Нібы гогалеўская птушка-тройка


Тым не менш падводзіць рысу пад эканамічнай статыстыкай я б не спяшаўся. Асобныя струменьчыкі, якія змяшчаюць карысную інфармацыю, усё яшчэ праточваюцца.
Звернемся да кастрыраванага файлу «знешнеэканамічная дзейнасць». Абарот знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў студзені-красавіку 2022 г. да ўзроўню студзеня-красавіка 2021 г. склаў 96,7%, экспарт — 97,9%, імпарт — 95,5%. Зніжэнне не катастрафічнае, аднак гэта за чатыры месяцы. Калі ж параўнаць красавік бягучага года з красавіком мінулага, то колькасць падстаў для радасці рэзка паменшыцца: 77,3%, 79,5% і 75,0% адпаведна.
Варта звярнуць увагу на скарачэнне імпарту тавараў з краін Еўрасаюза на 27,8%. І гэта не за красавік, а з нарастаннем за чатыры месяцы!
Ад «гэтых мярзотнікаў» нічога іншага і нельга было чакаць. Аднак звернем сваю ўвагу на другую эканоміку свету, на «наш Кітай». Наколькі з яго дапамогай атрымалася залатаць імпартныя прабоіны? На жаль, павінен расчараваць прыхільнікаў Паднябеснай. Імпарт з Кітая за студзень-красавік скараціўся на 8,6%. Вось такі адказ аматарам «ісці ад жыцця» на канцэпцыю «павароту на ўсход», якая стала афіцыйнай дзяржаўнай дактрынай Саюзнай дзяржавы яшчэ ў 2014 годзе.
Кал гаршчок кіпіць, то сябрах няма недахопу. Сяброўства сяброўствам, а тытунь паліць кожны свой. Другая эканоміка свету сваім поспехам абавязана калектыўнаму Захаду. Без шчыльных і разнастайных сувязяў з тым, хто яе спарадзіў, яна існаваць не можа. Таму не варта здзіўляцца, што аб’ём кітайскага экспарту ў Расію з канца лютага да канца траўня знізіўся на 38% у параўнанні з паказчыкамі другой паловы 2021 года.
Аднак вернемся да кастрыраваных файлаў. Думаю, чытачам «НЧ» не трэба тлумачыць ролю, якую адыгрывае расійская нафта ў падтрыманні штаноў беларускай мадэлі. На жаль, усё, што дзяржава для народа здолела паведаміць народу па гэтым пытанні, абмежавалася дынамікай індэксаў коштаў прадуктаў нафтаперапрацоўкі і звесткамі аб заработнай плаце работнікаў НПЗ.
Калі адсутнічае гербавая папера, пішуць на звычайнай, а калі адсутнічае афіцыйная статыстыка, пачынаюць шнарыць па розных публікацыях. У прэс-рэлізе аб сустрэчы з губернатарам Самарскай вобласці РФ, напрыклад, чытаем: «Паказчыкі гэтага года знізіліся на 59% праз скарачэнне імпарту спецыфічных тавараў з Расіі».
Самарская вобласць — буйны нафтавы рэгіён Расіі. Лагічна было б выявіць у спісе спецыфічных тавараў нафту. Але ці так гэта на самай справе? Белстат паводзіць сябе, нібы гогалеўская птушка-тройка: «...Куды ж нясешся ты (беларуская мадэль)? Дай адказ. Не дае адказу».