«Лукашэнка раздае «верталётныя грошы», але лётаюць яны не над усёй краінай»

Эканаміст Яраслаў Раманчук — пра інфляцыю ў Беларусі і свеце, «верталётныя грошы» для «сваіх» і час расплаты.

Яраслаў Раманчук. Фота: facebook.com


— Аляксандр Лукашэнка гады ў рады мае рацыю. Так, сапраўды, на Захадзе былі «верталётныя грошы», — разважае Яраслаў Раманчук на канале «Эканоміка здаровага сэнсу». — Сапраўды, іх надрукавалі трыльёны і раздалі людзям. І, вядома ж, пад прыкрыццём кампенсацыі кавіда і звязаных з ім працоўных месцаў і даходу, раздалі і забяспечылі рэзкі рост інфляцыі ў Амерыцы і краінах ЕС. У выніку мы маем інфляцыю дзесьці 8%, дзесьці 9%, а дзесьці нават 15%.

І вось Лукашэнка кажа, што на Захадзе сапраўды сказілі структуру цэн і давялі да інфляцыі, і гэта зрабілі цэнтральныя банкі і, падкрэсліваю, урад. Але, абвінавачваючы іншых у «верталётных грошах», давайце паглядзім на таго, хто абвінавачвае.

Тут эксперт прапануе зірнуць, як павялічваецца актыўная рублёвая грашовая маса ў Беларусі. Калі параўноўваць дванаццаць апошніх месяцаў, то павелічэнне даходзіць да 40%.

— Сорак адсоткаў! Калі б столькі «верталётных грошай» зрабілі ў Амерыцы, думаю, там інфляцыя была б 15-20%, як у Беларусі. У Беларусі малююць інфляцыю ў 15-17%, але, паколькі ўсе цэны жорстка рэгулююцца, сапраўдная інфляцыя заяўляецца заціснутай, як спружына.

Лукашэнка сам з'яўляецца актыўным прыхільнікам «верталётных грошай». Толькі, у адрозненне ад Амерыкі і ЕС, дзе раздаюць грошы малым прадпрыемствам, якія страцілі магчымасць працаваць, людзям, якія не маглі выходзіць на працу праз каронавірус, Лукашэнка выдзяляе грошы выключна наменклатурным фаварытам.

Гэта значыць, там раздаюць грошы людзям, а ў Беларусі — наменклатурна-сілавым фаварытам, якія гэтыя грошы пускаюць у камерцыйны абарот, у тым ліку на валюту, экспартна-імпартныя аперацыі і іншае, што прыносіць выгаду выключна вузкай групе людзей.

Яраслаў Раманчук адзначае: «Верталётныя грошы» — кепскія паўсюль, таму што ў выніку мы маем інфляцыю. Але тут паўстае пытанне: хто ад гэтай інфляцыі выйграе, а хто — прайграе?

— Калі мы паглядзім на Захад, то там у выйгрышы заўсёды буйныя банкі, якія занадта вялікія, каб збанкрутаваць, буйныя карпарацыі, сам урад, які выкарыстоўвае гэтыя грошы, таму што цудоўна выконвае свае даўгавыя абавязацельствы. А ў Беларусі гэта, вядома ж, спажыўцы і размеркавальнікі чужога, якія працуюць на ЗАТ «Беларусь».

Лукашэнка раздае «верталётныя грошы», але лётаюць яны не над усёй краінай, не над кожнай хатняй гаспадаркай Беларусі, а выключна там, дзе жывуць людзі, названыя Лукашэнкам: генералы, чырвоныя дырэктары, крышуючыя і іншыя структуры; інфраструктурныя, лагістычныя, аграрныя, будаўнічыя банкаўскія і іншыя бароны. І вось гэтыя хлопцы з'яўляюцца бенефіцыярамі інфляцыі.

Але чамусьці Лукашэнка не кажа пра гэта, а ўсё абвінавачвае кагосьці. То кіраўнік Нацбанка абвінавачвае Цэнтральны банк Англіі, то сам Лукашэнка наехаў на Еўрапейскі цэнтральны банк і ФРС. Гэта якраз той выпадак, калі ў чужым воку парушынку бачыш, а ў сваім бервяна не заўважаеш.

Эканаміст працягвае:

— Гэта яшчэ адзін нам урок, што слухаць Лукашэнку бессэнсоўна. Так, Захад робіць нейкія свае памылкі. Але гэта кветачкі ў параўнанні з тымі памылкамі і найгрубейшымі праваламі, якія робіць Лукашэнка. Нават калі мы паглядзім статыстыку інфляцыі апошніх 15-20 гадоў, мы ўбачым: сярэднегадавая інфляцыя Беларусі склала каля 13%, на Захадзе — 2-2,5%.

Дык хто працуе якасней: «верталётныя грошы» і цэнтральныя банкі Амерыкі і Захаду ці Беларусі? Якаснай працы няма ні там, ні тут. Але ў той час, як у Беларусі радыкальна парушаюць усе законы і за ўсю гісторыю Беларусі ніколі яшчэ не забяспечылі стабільную грашова-крэдытную палітыку, Еўропа і Амерыка нарваліся на свае памылкі і ўжо іх выпраўляюць, таму што працэнтныя стаўкі павысіліся і на працягу года або двух-трох гадоў інфляцыя складзе менш за 2%. Так, дарагая памылка, і Захад заплаціць за гэта эканамічным ростам.

Калі ў Амерыцы ў 2021 годзе ВУП на душу насельніцтва быў амаль 70 тысяч долараў, то нават калі ён будзе 60 або 55, гэта не ідзе ні ў якое параўнанне з тым, што будзе ў Беларусі. Таму што ў Беларусі ўтрымацца ў раёне 7,5 будзе вельмі праблематычна. Час расплаты за сацыялістычны эксперымент надыходзіць. І гэты час балюча ўдарыць па нашых з вамі кішэнях, — заключае Раманчук.

Паводле «Салідарнасці».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: