Сам выпусціў — сам купіў. Як дзяржава хавае друкаванне пустых грошай

Нацбанк апублікаваў статыстыку, па якой відаць, што на працягу кастрычніка ён набыў каштоўныя паперы органаў дзяржаўнага кіравання на 1 млрд 118,2 млн. рублёў. Што гэта азначае простай моваю?

_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1_1.jpg

Простай моваю, тлумачыць тэлеграм-канал «Нашы грошы», Нацбанк выдаў чарговы крэдыт дзяржсектару, па сутнасці, проста надрукаваўшы грошы. Урад працягвае тушыць агонь газай.

Чые аблігацыі купіў Нацбанк, мы дакладна сказаць не можам, гэтая інфармацыя хаваецца. Мы толькі ведаем, што гэтыя каштоўныя паперы былі выпушчаны дзяржорганамі, і мяркуем, што гэта было Міністэрства фінансаў, якое ў кастрычніку якраз выпускала каштоўныя паперы на падобную суму. Пад 5% гадавых у беларускіх рублях — і на такіх умовах Мінфін прапаноўваў «інвестарам» расстацца з грашыма на тэрмін 12 гадоў.

У сувязі з усім вышэйпералічаным узнікае мноства нязручных пытанняў. Напрыклад: урад дае справаздачу, што ў эканоміцы ўсё выдатна, нас абклалі санкцыямі, а мы ад гэтага мацнеем, адбываецца выгадная пераарыентацыя эканомікі і паспяховае пераразмеркаванне рынкаў... Навошта Мінфіну на фоне такіх «поспехаў» браць у доўг рублі, прычым гэткім мудрагелістым чынам? Відавочна, што ведамства на гэтыя крокі ідзе не ад добрага жыцця.

Яшчэ адзін важны момант, на які мы звярнулі б увагу — такога роду дзейнасць Нацбанка назіраецца ў бягучым годзе не першы раз. Паглядзеўшы на графік, вы ўбачыце, што ў красавіку 2022-га было набыта каштоўных папер органаў дзяржкіравання на суму 1 млрд 319,2 млн, у ліпені — на 758,2 млн і потым ужо ў кастрычніку на 1 млрд 118,2 млн. Гэта значыць, з пачатку года Нацбанк купіў каштоўных папер у дзяржорганаў больш чым на 3 млрд рублёў.

photo_2022_11_16_12_44_55.jpg


Тут варта ўспомніць, што раней аблігацыі Мінфіна звычайна куплялі банкі, прыватныя асобы і нават некаторыя замежныя крэдыторы. Цяпер жа сітуацыя выглядае так: адна дзяржструктура (Нацбанк) аддае грошы іншай (Мінфін), пры гэтым яны старанна робяць выгляд, што грошы калісьці будуць вернутыя.

Вось толькі вялікае пытанне: як? Мінфін не займаецца тым, што зарабляе грошы, ён усяго толькі адмініструе фінансавыя патокі, размяркоўваючы грошы падаткаплацельшчыкаў.

На самай справе практыка, пры якой цэнтральны банк краіны выкупляе дзяржаблігацыі, не з'яўляецца нейкай звышрэальнай. Яе можна ўбачыць нават у развітых краінах з рынкавай эканомікай — такая практыка называецца «колькасным змякчэннем». Сутнасць яго заключаецца ў наступным: Цэнтрабанк выкупляе аблігацыі, каб у эканоміцы з'явілася больш свабодных грошай, за кошт якіх можна крэдытаваць вытворчасць і, у тым ліку, павялічыць занятасць насельніцтва. Сітуацыя амаль «win-win», калі ўсе бакі застаюцца ў выйгрышы.

Але ёсць асаблівасць: такія маніпуляцыі разаграваюць інфляцыю — чым больш грошай у эканоміцы, тым яна вышэйшая. Таму да колькаснага змякчэння Амерыка і Еўропа звярталіся пры нізкай інфляцыі або нават дэфляцыі. А сама стымуляцыя інфляцыі станавілася адным з жаданых вынікаў такіх «грошай з верталёта». Бо невялікая інфляцыя «разагравае» эканоміку, можа рабіць яе больш канкурэнтаздольнай за межамі краіны.

Такім чынам, такія маніпуляцыі эфектыўныя і карысныя толькі ва ўмовах рынкавай эканомікі, калі ў працэс уцягнуты банкі, а інфляцыя ў краіне — адмоўная або нязначная. А што адбываецца ў Беларусі?

Па сутнасці, у нас звярнуліся да колькаснага змякчэння, выкупіўшы аблігацыі дзяржорганаў, зрабіўшы гэта ў перыяд, калі інфляцыя прымае пагрозлівыя маштабы. Як вы бачыце, ні адзін з крытэрыяў (рынак, банкі, нізкая інфляцыя) не выкананы. А значыць «касплэй» на працу з рэальнымі рынкавымі механізмамі не прывядзе ні да чаго добрага. Мільярды, якія Нацбанк надрукаваў для куплі каштоўных папер дзяржорганаў сёлета, будуць накіраваны або на падтрымку зомбі-прадпрыемстваў, або на розныя мутныя фінансавыя схемы, якія і зусім ніяк не адлюстроўваюцца ў статыстыцы.