Зміцер Лукашук: Усё ідзе пад ухіл да ўсё большага і большага агратрэшу
Журналіст і пісьменнік Зміцер Лукашук распавёў «Р*дыё Р*цыя» пра сваю кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя ў выгнанні і на вайне» і ўвогуле пра нацыянальную ідэю беларусаў.
30 гадоў кіравання Лукашэнкі праходзілі пад тэзамі, што «мы ж захавалі ўсё самае лепшае, і адукацыя ў нас яшчэ савецкая, якая самая лепшая, і медыцына самая лепшая»… А іншыя народы ў гэты час развіваліся і ўсё далей адыходзілі ад камунізму. Пра гэта Зміцер Лукашук разважае ў размове з карэспандэнтам «Р*цыі» Уладам Грынеўскім.
— Вось нядаўна было свята Першамая ў Беларусі. Ты сачыў за стылістыкай гэтага свята ў Беларусі? Там у тэлеграм-каналах распаўсюджвалі, там былі нейкія мітынгі са сцягамі, людзі прафсаюзныя збіраліся на мітынгі, там прамовы нейкія такія былі пра “труд, мір” і гэтак далей. Ці асацыюецца гэта нейкім чынам з нацыянальнай беларускай ідэяй?
— Па шчырасці, акурат такі не сачыў, бо мы былі ў дарозе, і я ехаў з Бельгіі, дзе ў нас у Брусэлі ў Доме дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі праходзіла наша прэзентацыя кнігі “Беларуская нацыянальная ідэя ў выгнанні і на вайне”, і таму ўжо ўважліва сачыць не выпадала.
Тым не менш нешта ўхапіў, і тое, што ўхапіў, – нічога дзіўнага такога не было, усё ідзе пад ухіл да ўсё большага і большага агратрэшу, ідэалагічнага трэшу і ўсяго астатняга, да такога камунізму, да якога заўсёды імкнуўся Лукашэнка.
— Постсавецкая вось гэтая ідэалогія ў Беларусі жыве на сёння ці нейкім чынам ужо адлятае ад нас, ад беларусаў?
— Яна адлятае, але, на вялікі жаль, вось гэтыя трыццаць гадоў, якія іншыя народы, іншыя нацыі скарысталі для таго каб, умоўна казаць, пахадзіць па сваёй пусташы, каб выбіць з сябе гэтую ідэалагічную парадыгму камуністычную, а мы, на жаль, на гэтую пусташ, па якой у свой час Маісей вадзіў свой народ, потым іншыя народы хадзілі, выбіваючы з сябе гэты камунізм, так і не пайшлі.
І ў нас усе гэтыя 30 гадоў лукашэнкаўскага кіравання праходзілі пад такімі тэзамі, што “мы ж захавалі ўсё самае лепшае, і адукацыя ў нас яшчэ савецкая, якая самая лепшая, і медыцына самая лепшая, і мы вось заводы запусцілі”. Запусцілі да такога ўзроўню, што яны так апушчаныя і стаяць, не ведаюць, што з гэтым рабіць. Але запусцілі.
І вось гэта тыя людзі, для якіх гэтая ідэалогія была блізкая за гэты час паступова проста адышлі б, калі б нам у галовы не ўкладалі: ой, вы такую краіну развалілі, ай-яй-яй.
— Адышлі б ці перавыхаваліся?
— Не. Яны б адышлі. Безумоўна, былі б і тыя, якія б перавыхаваліся і зразумелі б, што камунізм, у якім яны жылі, – гэта была памылка, гэта не тая светлая будучыня, якую яны б маглі атрымаць. Але пераважная большасць людзей у сталым узросце пасля 40-50, безумоўна, у іх сфармавалася ўжо нейкая ідэалогія і сфармавалася мысленне ў ёй, хутчэй за ўсё, было б вельмі цяжка перабудавацца і канчаткова прыняць нейкія новыя такія змены. І варта было чакаць, што яны проста паступова адыдуць з часам.
Але паколькі гэтая ідэалогія пастаянна прысутнічала, няхай у такім больш лайтовым варыянце, не як за савецкім часам, тым не менш гэтыя тэзы закладаліся ў галаву.
Мы неяк з жонкай ішлі па Варшаве і ўбачылі нейкую такую рэкламу – спалучэнне чырвонага колеру з зялёным. І яна кажа: вось, адразу асацыяцыі, што гэта вось савецкае такое. Як так рэкламшчыкі могуць? Я кажу: разумееш, гэта польскія рэкламшчыкі, гэта вуліца польскага горада, і палякі даўным-даўно перажылі гэта. У іх няма гэтых асацыяцый проста, а ў беларусаў ёсць, на жаль.