Складскія запасы за год выраслі ў Беларусі на траціну — а гэта замарожаныя грошы
Запасы на складах гатовай прадукцыі, якую не атрымалася збыць, за год выраслі на 35 працэнтаў. Гэта значыць, з продажамі ў Беларусі робіцца ўсё горш.
Запасы гатовай прадукцыі на складах арганізацый прамысловасці на 1 красавіка 2023 года склалі суму, роўную 9 мільярдам рублёў, прынамсі, такія даныя Белстата.
Годам раней аналагічны паказчык быў на ўзроўні 6,7 мільярда рублёў. Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці па выніках першага квартала 2023 года спыніліся на ўзроўні 75,2%. Калі казаць прасцей, прамысловасць мае трохтыднёвы запас прадукцыі на складзе пры бягучым аб'ёме вытворчасці. У канцы першага квартала мінулага года сітуацыя была значна лепшай, паказчык складаў 59,9%, і прадукцыі тады ляжала на два тыдні наперад. У вартасным выражэнні прырост запасаў склаў 35%.
Трохтыднёвы складскі запас — гэта сітуацыя ў сярэднім па краіне, па рэгіёнах яна істотна адрозніваецца:
- у Брэсцкай вобласці на 1 красавіка 2023 года складскія запасы перавышалі месячны аб'ём вытворчасці (109,8%);
- у Гомельскай іх было толькі на траціну месячнага аб'ёму вытворчасці (34,3%);
- амаль месячны аб'ём ляжыць на складах Гродзенскай вобласці і ў сталіцы.
Калі ацэньваць гэтыя паказчыкі, важна разумець іх абагульненасць. Даныя ў цэлым па прамысловай сферы — а значыць, умоўных «чаравікаў» на складах можа ляжаць і на тры месяцы працы вытворчасці наперад, у той час як прадукты харчавання не залежваюцца.
Аднак любы запас — гэта замарожаныя грошы, якія яшчэ трэба атрымаць — і для гэтага неабходна рэалізаваць тавар. Тут больш важная дынаміка паказчыка: яна кажа пра тое, што запасы растуць у большасці абласцей, а значыць, з продажамі па-ранейшаму ўсё не вельмі добра.