Інфляцыя і ВУП: прагноз добры, але дрэнны
Мы звыклі да таго, што беларускія чыноўнікі адкрываюць рот у двух выпадках: для таго, каб паесці, і для таго, каб схлусіць. Але гэтым разам сітуацыя іншая. Белстат паказвае, што ў нас запаволілася падзенне эканомікі, а інфляцыя склала толькі 6% па першы квартал гэтага года. Эканоміка аднаўляецца? Насамрэч — далёка не факт.
![_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1.jpg _hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1.jpg](/img/v1/images/_hroszy___finansy___ekanomika_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, падзенне ВУП Беларусі за першы квартал гэтага года склала 2,1%. Нагадаем, што ў студзені яно было 5%, а ў лютым — 3,6%. Па ідэі гэта павінна азначаць, што нашае імклівае падзенне запаволілася — больш чым у два разы за тры месяцы. Нібыта ёсць падстава для аптымізму.
Сусветны банк таксама палепшыў свой прагноз па эканоміцы Беларусі ў 2023 годзе: замест скарачэння айчыннага ВУП на 2,3%, што было ў студзені, цяпер чакаецца рост у памеры 0,6%.
А ў беларускіх уладаў значна больш амбіцыйныя планы на гэты год. Згодна з зацверджаным у мінулым лістападзе прагнозам сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, нам неабходна будзе дамагчыся росту ВУП нашай краіны на 3,8%.
І, як ні дзіўна, такі рост сапраўды можа адбыцца.
Матэматыка ў дапамогу
Так, рост ВУП у 2023 годзе ў 3,8% — задача занадта амбітная, але цалкам дасягальная. Але, на вялікі жаль, гэта не будзе азначаць, што мы станем жыць лепш і весялей. Проста таму, што такі рост будзе дасягацца не павышэннем вытворчасці працы і ўзмацненнем інвестыцый, а выключна матэматычнымі сродкамі.
Справа ў тым, што ВУП краіны, як і інфляцыя, лічыцца «год да года». І зазвычай рост або падзенне ВУП краіны, напрыклад, у красавіку гэтага года вымяраецца ў параўнанні з аналагічным паказчыкам красавіка года мінулага. І таму ў эканамістаў ёсць такое паняцце, як «эфект нізкай базы».
У выніку ВУП Беларусі за першы квартал 2021 года вырас на 0,9% у параўнанні са студзенем-сакавіком 2020 года — нягледзячы на тое, што ў той час уводзіліся санкцыі ЗША і Еўрасаюза за брутальныя рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020-га.
Цяпер адбываецца тое ж самае.
Узгадаем, што ў нас было ў мінулым годзе ў снежні-сакавіку. А быў у нас пачатак расійскага ўварвання ва Украіну, калі Беларусь (дакладней, улады краіны) выступілі суагрэсарам у гэтай вайне, прадставіўшы расійскім войскам сваю тэрыторыю і паветраную прастору для нападу на Украіну з Поўначы.
Услед за гэтым рушылі маштабныя заходнія санкцыі, адключэнне некаторых беларускіх банкаў ад SWIFT, масавыя ўцёкі з краіны айчынных і замежных бізнесаў. Крыху пазней была і маштабная рэлакацыя айцішнікаў.
У выніку за першае паўгоддзе (студзень-ліпень 2022 года) беларуская эканоміка абрынулася на 5,2%. Гэта было маштабнае падзенне, якое крыху сцішылася толькі да канца года.
Але значна лепшымі ў працэнтах. На паперы. А не таму, што мы станем лепш і мацней працаваць.
І, зразумела, гэта калі нам зноў не прыляціць нейкі «чорны лебедзь». Напрыклад, у выглядзе дадатковых санкцый за тое, што мы пагаджаемся размясціць на тэрыторыі Беларусі расійскую ядзерную зброю. Як вядома, санкцыі ў дачыненні да Беларусі не сінхранізаваныя з расійскімі санкцыямі. Таму Еўропе і ЗША рухацца яшчэ ёсць куды.
![«Толькі б не было вайны»? «Толькі б не было вайны»?](/img/v1/images/a68b98281ce1f917eb8f3fb9c1b00a165cf0246b.jpeg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Высокая база замест нізкай
Тое ж самае адбываецца з інфляцыяй, але наадварот. Падавалася б, дастаткова зайсці ў любую краму, каб пераканацца, што рост коштаў — значна вышэйшы за тыя 6%, якія Белстат намаляваў у якасці інфляцыі за сакавік гэтага года.
Аднак узгадаем, што было ў «параўнальным» сакавіку 2022-га. Маштабны санкцыйны пакет ад 9.03.2022, сыход з беларускага і расійскага рынку буйных кампаній, спыненне паставак усяго, чаго было можна — ад камп'ютараў і чыпсэтаў Intel і AMD да сыходу з нашага і расійскага рынку Henkel, IKEA і Jysk, Calvin Klein і H&M. Пральныя парашкі і вадкасці, маторныя алеі, запчасткі для аўтамабіляў, касметыка і сродкі жаночай гігіены імкліва станавіліся дэфіцытам, і, адпаведна, ускочылі ў цане.
Да таго ж «скакалі» курсы долара і еўра, за якія і набываліся ўсе гэтыя тавары. А рост курсаў валют непазбежна адбіваўся на росце коштаў на імпарт у крамах.
У сакавіку 2022 года інфляцыя падскочыла да 15,9% — пры гэтым яна была 10% у лютым. А ў чэрвені яна склала 18,1%.
Зразумела, што цяперашняе падаражэнне прадуктаў (+0,7%) і нехарчовых тавараў (+0,3%) ствараюць вясёлкавую карцінку ў параўнанні з тым, што было год таму.
Але гэта, зноў жа, не таму, што рост цэн знізіўся. А таму, што мы параўноўваем яго з «выбухам» 2022-га.
![photo_2023_04_19_14_07_53.jpg photo_2023_04_19_14_07_53.jpg](/img/v1/images/photo_2023_04_19_14_07_53.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Прагноз добры, але дрэнны
Такім чынам, мы ўслед за міжнароднымі арганізацыямі можам казаць пра тое, што ВУП Беларусі бліжэйшым часам запаволіць сваё падзенне, і, можа быць, нават выйдзе ў рост. А інфляцыя ў Беларусі будзе зніжацца — у бліжэйшы квартал дакладна, а можа быць, і да таго перыяду, калі ў мінулым годзе Лукашэнка «жэстачайшэ забараніў» рост цэнаў.
Канечне, у тым выпадку, калі да нас не прыляціць нейкі чарговы «чорны лебедзь», і не здарыцца нечага нечаканага, у сувязі з чым усё зноўку пасыплецца ўніз.
Вось толькі, на вялікі жаль, гэткія пазітыўныя тэндэнцыі ніяк не звязаныя з рэальным аднаўленнем беларускай эканомікі. Чыстая матэматыка, і не больш.