«Распрадаем рэшткі на зніжках». У Мінску закрыліся крамы Calvin Klein і Tommy Hilfiger

У ТРЦ «Замак» замест шыльдаў на крамах Calvin Klein і Tommy Hilfiger з'явіліся новыя. Вопратку гэтых брэндаў пакуль яшчэ можна набыць — рэшткі распрадаюць на зніжках, але новых калекцый, падобна, можна не чакаць.

92d432b859aead9ebee8fe8edd89bf53.jpg


У «Кароне Замак» на праспекце Пераможцаў замест шыльды Tommy Hilfiger з'явілася Point. Пакуль што там па-ранейшаму прадаюцца рэчы амерыканскага брэнду, многія з якіх на зніжках, а на вітрыне напісаны стары адрас сайта, але ў краме распавялі, што прадаюць цяпер рэшткі. Жаночы джэмпер можна купіць за 311 рублёў замест 389, а плашч — за 576 рублёў, раней ён каштаваў 960, піша Realt.

«Больш вазіць Tommy Hilfiger не будуць, сюды дададуць іншы брэнд — дакладна будзе Marc O'polo Denim і нешта яшчэ, а Tommy Hilfiger цяпер распрадаецца, многае на зніжках», — патлумачыла прадавец.

Падобная сітуацыя і ў «Кароне» на Кальварыйскай. Там побач з чырвона-сіняй эмблемай Tommy Hilfiger — шыльда Dress Code. Акрамя рэчаў брэнда, можна знайсці і вопратку Guess.

«Паставак Tommy Hilfiger у нас даўно не было, апошнія прывозілі толькі ў “Замак”», — сказалі ў краме.

У «Замку» на месцы, дзе раней размяшчаўся Calvin Clein, цяпер шыльда Top Place. У гэтай краме таксама пакуль прадаюцца рэчы Calvin Clein, асобна вісяць зніжкавы пазіцыі. Напрыклад, спартыўныя жаночыя штаны прадаюцца за 177 рублёў замест 295. Новых калекцый, хутчэй за ўсё, тут таксама не з'явіцца, распавялі ў краме.

У пачатку сакавіка амерыканская кампанія PVH Corp., уладальнік брэндаў Tommy Hilfiger і Calvin Klein, заявіла, што сыходзіць з Беларусі і Расіі.

Крамамі гэтых брэндаў у «Замку» і «Кароне» кіравала кампанія «Тытунь-Інвест», якая валодае гэтымі гандлёвымі цэнтрамі. Яна ж сама і імпартавала Tommy Hilfiger і Calvin Klein у Беларусь. У «Тытунь-Інвест» сітуацыю па тэлефоне не пракаментавалі, папрасілі даслаць пісьмовы запыт.

З Беларусі ў выніку яе падтрымкі Расіі, што развязала вайну ва Украіне, сышлі шмат сусветных брэндаў — і не толькі ў адзенні. У гэтым сегменце Сінявокую пакінула H&M.

З рынку сышлі IKEA і Jysk. Канечне, у ІКЕА тут не было крамаў, але кампанія закупляла ў краіне сыравіну (лес) і ўкладалася ў дрэваперапрацоўчыя прадпрыемствы.

Кампанія Henkel«на фоне бягучых падзей вайны ва Украіне» — спыняе сваю дзейнасць у Беларусі. Henkel — адзін з найбуйнейшых вытворцаў бытавой хіміі, касметычных і будаўнічых тавараў. Яму належаць такія брэнды як Persil, Losk, Schwarzkopf, Syoss, Ceresit, «Момент» і іншыя.


Прыпынілі працу з Беларуссю такія папулярныя сервісы браніявання жылля, як Airbnb і Booking.com.

Сутнасныя страты Беларусь панесла ў паштовай галіне. Прыпыніла дастаўку грузаў і пасылак у Беларусь і Расію міжнародная кампанія экспрэс-дастаўкі DHL. Амерыканскі пастаўшчык паштовых і кур'ерскіх паслуг FedEx таксама 4 сакавіка заявіў аб прыпыненні дзейнасці на беларускім рынку. UPS заявіла, што спыняе «...Усе міжнародныя перавозкі ў Беларусь і з Беларусі».

Сышоў з Беларусі сервіс таксі Bolt. Раней паведамлялася, што кампанія збіраецца інвеставаць у Беларусі некалькі мільёнаў долараў.

Тэхналагічныя кампаніі Cisco Systems, Intel і AMD заявілі, што спыняюць пастаўкі сваёй прадукцыі ў Расію і Беларусь у сувязі з новымі санкцыямі ЗША.

За імі пайшлі «сумежныя» кампаніі — з рынку гульняў Беларусь выключыла EA Games, якая спачатку выдаліла расійскія і беларускія каманды з сваіх гульняў NHL і 2022 FIFA, а затым абвясціла аб спыненні продажаў сваіх прадуктаў у Расіі і Беларусі.

Польская студыя CD Projekt Red, распрацоўшчык гульняў Cyberpunk 2077 і «Вядзьмак», заявіла, што прыняла рашэнне спыніць усе продажы гульняў у Расію і Беларусь.

Спыніў экспарт грузавікоў і камплектуючых у Расію і Беларусь аўтамабільны канцэрн MAN. Адна з найбуйнейшых кампаній, якая спецыялізуецца на марскіх грузавых перавозках, Maersk заявіла аб спыненні прыёмаў заказаў на перавозку грузаў у Беларусь і з яе.

Найбуйнейшы маркетплейс БАДаў iHerb заявіў на сваім сайце, што з 28 лютага «ў сувязі з бягучымі падзеямі» вымушаны часова спыніць апрацоўку новых заказаў для адпраўкі ў Расію і Беларусь.

Гэты спіс далёка не поўны, аднак і ён уражвае. Нават пры тым, што многія кампаніі спынілі сваю дзейнасць у Расіі, але не пакінулі Беларусь.