Кампанія Henkel сыходзіць і з Беларусі
Кампанія Henkel — «на фоне бягучых падзей вайны ва Украіне» — спыняе сваю дзейнасць у Беларусі
Крыху раней Henkel заявіў пра свой сыход з Расіі. «Хенкель асуджае расійскую наступальную вайну супраць Украіны і гвалт над нявіннымі цывільнымі асобамі. Наш прыярытэт па-ранейшаму заключаецца ў тым, каб рабіць усё магчымае, каб падтрымаць нашых калегаў ва Украіне», — сказаў Карстэн Кнобель, старшыня праўлення Henkel.
Рашэнне канцэрну спыніць бізнес у Беларусі і Расіі закране больш за 2500 супрацоўнікаў і гадавы аб'ём продажаў на суму каля 1 мільярда еўра. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы кампаніі.
Старшыня праўлення таксама звярнуў увагу, што кампанія «ўсебакова падтрымлівае сваіх супрацоўнікаў: унутры краіны і людзей ва Украіне і суседніх краінах фінансавымі ахвяраваннямі, а таксама харчовымі і матэрыяльнымі ахвяраваннямі». Многія супрацоўнікі Henkel дапамагаюць уцекачам на мяжы, раздаць неабходныя тавары ці даюць жыллё людзям з Украіны.
Henkel — адзін з найбуйнейшых вытворцаў бытавой хіміі, касметычных і будаўнічых тавараў. Яму належаць такія брэнды як Persil, Losk, Schwarzkopf, Syoss, Ceresit, "Момент" і іншыя.