ВУП Беларусі за тры месяцы ўпаў на 2%. А ІТ-сфера — на 16%
Белстат падвёў вынікі фарміравання валавога ўнутранага прадукту (ВУП) за першы квартал 2023 года. Пры агульным зніжэнні эканомікі на 2,1% шэраг галін паказаў станоўчую дынаміку. Але ёсць тыя, дзе спад толькі ўзмацняецца.
Сярод ключавых галін эканомікі Беларусі, якія скончылі першы квартал са станоўчай дынамікай — сельская гаспадарка (+2,2% да першага квартала 2022 года), горназдабыўная прамысловасць (+1,9%) і апрацоўчая прамысловасць (+2,3%), канстатуе тэлеграм-канал «Нашы грошы».
У выпадку апрацоўчай прамысловасці станоўчае значэнне росту асабліва значнае, таму што гэтая сфера фарміруе чвэрць усяго ВУП. У папярэдні раз яна была ў «плюсе» толькі ў сакавіку мінула года, а пасля доўга выходзіла з глыбокага спаду, які на піку даходзіў да -7,9%.
Рост сферы сельскай гаспадаркі падтрымліваецца добрымі продажамі беларускай прадукцыі на расійскім рынку, а горназдабыўная прамысловасць — адзіная з галін, якая не знаходзілася ў зоне спаду на працягу ўсяго апошняга года.
Цікава, што з «адмоўным ростам» скончыла квартал сфера будаўніцтва (мінус 1,5%). Па ўсёй бачнасці, намаганні ўрада па паўторным запуску інвестыцыйнага цыкла пакуль не прыносяць вынікаў. Акрамя таго, спад усё яшчэ адчуваецца ў гандлі (мінус 4,6%) і транспартнай сферы (мінус 15%). Але мацней за ўсё па выніках студзеня-сакавіка 2023 года спад адбыўся ў сферы «Інфармацыя і сувязь». Высокатэхналагічная галіна стала антылідарам сярод ключавых галін з глыбінёй спаду ў 16,2% да вынікаў першага квартала мінулага года.
З улікам таго, што рэзкі спад беларускай эканомікі пачаўся менавіта ў сакавіку мінулага года, з пачаткам вайны ва Украіне, эфект «нізкай базы» можа прывесці да некаторага паляпшэння паказчыкаў у далейшым. Асцярогі цяпер выклікае транспартная сфера, дзе пазітыўных сігналаў для росту не праглядаецца, а таксама ІТ, спад у якой пачаўся пазней за іншыя галіны.