«Запасайцеся папкорнам і атрымлівайце асалоду ад таго, як Лукашэнка будзе выкручвацца перад Пуціным»
Пра прагнозы Міжнароднага валютнага фонду адносна Беларусі, імпартазамяшчэнне і чарговую беларускую мадэрнізацыю за расійскія грошы разважае эканаміст Сяргей Чалы.
Міжнародны валютны фонд палепшыў прагноз для беларускай эканомікі на 2023 год: аналітыкі прагназуюць, што ВУП Беларусі дадасць 0,7%, а ў 2024 годзе — 1,2%. Таксама пазітыўна глядзіць на сітуацыю і Сусветны банк, варожачы невялікі, але ўсё ж такі рост, а не падзенне. У чым прычыны для аптымізму?
— Гэта добрае пытанне, — адзначыў аналітык Сяргей Чалы ў праграме «Чалы: эканоміка». — Эксперты мяркуюць, што адбываецца адаптацыя эканомікі да санкцый у тым выглядзе, як яны ёсць цяпер. Тры галіны, у якіх чакаецца рост за кошт арыентацыі на Расію — нафтахімія, машынабудаванне і вытворчасць прадуктаў харчавання.
А далей ідзе цікавая рэч: эксперты Сусветнага банка кажуць пра тое, што спрыяць запаволенню падзення або нават росту будзе мяккая грашова-крэдытная палітыка, накіраваная больш на падтрыманне росту, чым на барацьбу з інфляцыяй. Але ў канчатковым выніку штучны рост усё роўна абарочваецца спадам.
Чалы канстатуе, што сусветныя фінансавыя структуры, хоць і са спазненнем, пачалі пераацэньваць сам механізм дзеяння санкцый, а таму сярэднетэрміновыя перспектывы, на 2024-2025 гады, застаюцца даволі-такі змрочнымі.
— Таму што гаворка не пра разавую шкоду — эфекты санкцый доўгія, і для патэнцыялу будучага эканамічнага росту значна важнейшая адсутнасць доступу да інвестыцый, тэхналогій і гэтак далей, таму, напрыклад, паводле ацэнкі Bloomberg, да 2026 года эканоміка Расіі (а да яе вельмі моцна прывязана беларуская) сумарна скароціцца на 8%, і гэта вельмі шмат.
Аналітык адзначыў пацешны эфект: роўна ў той дзень, калі кіраўнік Савета Рэспублікі Наталля Качанава пачала казаць пра тое, што беларусам не патрэбны чужы заморскі долар, а лепш за ўсё для нас свая нацыянальная валюта, беларускі рубель упаў адразу на 4,2%.
— Як у тым анекдоце пра перадачу па заяўках: «Не высоўвайцеся, слухайце свае «Валёнкі», — іранічна кажа Сяргей Чалы. — Прытым там жа, у гэтай сваёй прамове, Качанава прымудрылася сказаць пра тое, што давер беларусаў да рубля расце, а яшчэ і Нацбанк такі малайчына, «у такіх няпростых умовах» праводзіць правільную палітыку і паніжае стаўку рэфінансавання. Хоць мы разумеем, вяртаючыся да прагнозу Сусветнага банка, што занадта мяккая грашова-крэдытная палітыка будзе праводзіцца на шкоду барацьбе з інфляцыяй — і гэта праблема ў першую чаргу адаб'ецца на даверы да нацыянальнай валюты.
Скептычна ацэньвае эканаміст і супольныя праекты Беларусі і Расіі ў імпартазамяшчэнні, пра якія так шмат казалі Лукашэнка і Пуцін падчас красавіцкай сустрэчы ў Маскве.
Справа ў тым, тлумачыць Сяргей Чалы, што ў мінулы раз, калі ў РФ спрацавала імпартазамяшчэнне, па-першае, ва ўлад было разуменне, што санкцыйны рэжым — гэта надоўга, а значыць, трэба абараняць свой рынак і перабудоўваць прамысловасць. А па-другое, паспяховай такая практыка была ў першую чаргу ў аграпрамысловым комплексе, а не ў высокатэхналагічных сферах накшталт фармацэўтыкі, авіябудавання або мікраэлектронікі, у якую (не без дапамогі шматлікіх «заўтра» Акадэміі навук) так нястрымна верыць беларускі кіраўнік.
— Яшчэ беларускія ўлады распавядалі, што з часоў Савецкага Саюза захавалі паспяховы вопыт станкабудавання, — нагадвае Чалы. — І што мелася на ўвазе: вось выдзеляць нам грошы, і пачнём рэалізоўваць праекты па імпартазамяшчэнні — спачатку 15, потым больш, і пачнём вырабляць.
У выніку, кажа аналітык, прасоўванне па імпартазамяшчальных сумесных праграмах адбываецца толькі там, дзе гэта трэба Расіі, а на ўласна беларускія патрэбы вылучаецца ў лепшым выпадку «бездапаможных 1,5 мільярда, і тое ўжо час даваць справаздачу, а дзе ж вынік».
— Прапаную ўсім запасацца папкорнам і атрымліваць асалоду ад таго, як Лукашэнка будзе выкручвацца перад Пуціным. І адпаведна, як будуць выкручвацца тыя, хто ўсе папярэднія гады распавядаў, што «вось-вось пачнём, у нас усё ёсць», а аказваецца — нічога няма.