Знешні гандаль Беларусі яшчэ «ў плюсе», але гэта ненадоўга

Нацыянальны банк і Белстат апублікавалі даныя аб знешнеэканамічнай дзейнасці Беларусі. Гэтая інфармацыя заўсёды ідзе з затрымкай у месяц, таму ў красавіку нам даступныя лічбы толькі па студзені і лютым. Пра што кажа статыстыка?

_rynak___kamarouka___handal___pradukty___minsk___2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__12__logo.jpg


Урад адзначае, што ў цэлым мы маем станоўчае сальда знешняга гандлю, калі ўлічваць разам тавары і паслугі. Яго аб'ём склаў 135 млн долараў. Гэта значыць, што Беларусь за гэтыя два месяцы прадала тавараў і паслуг больш на $135 млн, чым купіла. Можна меркаваць, што такія паказчыкі пасаромілі скептыкаў, што прарочылі вельмі сумныя перспектывы краіне ў яе цяперашнім становішчы і з цяперашнім падыходам да кіравання эканомікай, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Але як гэта часта бывае з сучаснай беларускай эканомікай, агульная карцінка выглядае прыстойна, толькі калі глядзець на яе здалёк. А калі сфакусавацца на падрабязнасцях, усё гэта хараство аказваецца вельмі трухлявым. Дастаткова, напрыклад, асобна паглядзець на экспарт/імпарт тавараў і паслуг, параўнаць іх з мінулым годам, і агульныя высновы стануць ужо не такімі вясёлкавымі.

Баланс знешняга гандлю таварамі ў Беларусі традыцыйна адмоўны, мы даўно і рэгулярна больш купляем іх, чым прадаем. Найперш гэта звязана з закупкамі ў Расіі энерганосьбітаў. Але ў студзені-лютым гэтага года паказчыкі адчувальна аселі нават у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года: калі ў першыя два месяцы 2022-га сальда знешняга гандлю таварамі складала мінус $99 млн, то ў 2023 годзе адмоўнае значэнне стала мінус $325 млн. Адбылося гэта таму, што экспарт асеў, а імпарт, наадварот вырас.

Пяройдзем да знешняга гандлю паслугамі. У адрозненне ад тавараў, баланс у гэтай сферы традыцыйна выгадны для Беларусі — мы ўжо даўно больш прадаем паслугі, чым купляем. Пры гэтым больш падрабязную інфармацыю аб экспарце/імпарце паслуг Белстат перастаў публікаваць з лета мінулага года, але калі мы вывучым дадзеныя за 2016 — 2021, то ўбачым, што большасць паслуг, якія пастаўляла на знешнія рынкі Беларусь, складалі паслугі сферы будаўніцтва, транспарту і IT.

Будаўнічая сфера адвалілася і перастала быць драйверам росту яшчэ ў 2016 годзе. Следам за ёй, у 2020-м, пасля ўвядзення санкцый, моцна прасела сфера транспартных паслуг. Сфера IT пачала сыпацца з пачаткам вайны ва Украіне і фінансавымі абмежаваннямі для Беларусі і Расіі. У выніку ўсе тры драйвера эканомікі ў сферы паслуг, якімі мы маглі ганарыцца, былі загубленыя літаральна за некалькі гадоў. А ніякай альтэрнатывы ім не стварылі.

І цяпер, па выніках першых двух месяцах гэтага года, мы бачым, як істотна асеў баланс па знешнім гандлі паслугамі. Ён усё яшчэ застаецца станоўчым і нават перакрывае па сваім аб'ёме мінус у знешнім гандлі таварамі. Але калі ў студзені-лютым 2022-га сальда складала $725 млн, то цяпер усяго $460 млн. Пры гэтым экспарт паслуг скараціўся, а імпарт, наадварот, адчувальна вырас.

Агульнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі скарацілася з плюс $625 млн у студзені-лютым 2022 да плюс $135 млн у аналагічным перыядзе бягучага года.

А цяпер давайце задумаемся, ці могуць у Беларусі вырасці ў бліжэйшы час традыцыйныя і ўжо сталі натуральнымі для краіны напрамкі, такія як транспартная сфера (якая выкарыстоўвае выгаднае размяшчэнне краіны) або IT (якая выкарыстоўвае патэнцыял чалавечага капіталу). Канечне не, таму што санкцыі практычна цалкам знішчылі перспектывы развіцця грузавых і пасажырскіх перавозак, а масавы адток айцішнікаў з краіны і сыход найбуйнейшых IT-кампаній відавочна намякае, што чакаць прарыву і ў гэтай сферы не варта.

Ці можа якая-небудзь іншая сфера на працягу бліжэйшых гадоў імкліва перабудуецца і стаць новым драйверам? Зрабіць гэта складана нават ва ўмовах адкрытага, свабодна працуючага рынку, а ў цяперашняй беларускай сітуацыі — практычна немагчыма. Таму можна зрабіць выснову, што ў бліжэйшы час мы будзем назіраць далейшае скарачэнне станоўчага сальда знешняга гандлю, а гэта значыць, што неўзабаве яно можа дасягнуць адмоўных значэнняў.