«Толькі б не было вайны»?

На працягу ўсіх 26 гадоў Лукашэнка ганарыўся тым, што Беларусь «захавала мір і спакой», а словы аб тым, што «толькі б не было вайны» сталі ледзь не афіцыйным дэвізам беларусаў. І цяпер ён сам уцягнуў Беларусь у зусім чужую вайну. Наступствы гэтага ацаніць пакуль складана.

a68b98281ce1f917eb8f3fb9c1b00a165cf0246b.jpeg


«Калі ў першым акце на сцяне вісіць стрэльба, у трэцім яна павінна стрэліць». Практычна ўсе спадзяваліся, што гэтага не адбудзецца. Што Расія павінна разумець: у выпадку ваеннага ўварвання ва Украіну яна «аграбе па поўнай». Што яна не змагла справіцца з украінскай арміяй узору 2014 года, ледзь не цалкам раскрадзенай і дэмаралізаванай. Што сённяшняя ўкраінская армія — не тая, што была восем гадоў таму. Што Украіна ўсе гэтыя восем гадоў нарошчвала ваенны патэнцыял, умацоўвала свае ўзброеныя сілы, што нават валанцёрская дапамога арміі (не кажучы ўжо пра пастаўкі ўзбраення) не спынялася ні на секунду.

Але ў дыктатараў — свая логіка, адрозная ад агульнапрынятай. Пуцін сцягнуў да межаў Украіны 120 тысяч вайскоўцаў, і вырашыў, напэўна, ваяваць не ўменнем, а колькасцю. Супраць 40-тысячнай украінскай арміі.

Узброеныя сілы Украіны на першым этапе ўварвання збілі шэсць расійскіх самалётаў, адзін верталёт, тры танкі і некалькі вайсковых грузавікоў. УСУ адбілі атаку на Шчасце Луганскай вобласці: украінская армія знішчыла тэхніку праціўніка і каля 50 ворагаў. Па стане на апоўдзень па мінскім часе страты з боку Украіны — ад 7 да 10 загінулых.

Прэс-цэнтр Дзяржаўнай памежнай службы Украіны паведамляе: «Каля 5:00 дзяржаўная мяжа Украіны на ўчастку з Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь падвергнулася нападу з боку расійскіх войскаў, падтрымоўваных Беларуссю. Атакі на памежныя падраздзяленні, памежныя ўборы і пункты пропуску праходзяць з ужываннем артылерыі, цяжкай тэхнікі і стралковай зброі. Гэта адбываецца ў межах Луганскай, Сумскай, Харкаўскай, Чарнігаўскай і Жытомірскай абласцей. Акрамя таго, атака адбываецца з той АР Крым».

Характэрна, што, са слоў дарадцы офіса прэзідэнта Зяленскага Аляксея Арастовіча, расійскія войскі здолелі ўклініцца на тэрыторыю Украіны на 5 кіламетраў з боку Чарнігаўскай вобласці (гэта значыць, з Беларусі), але на гэтым і былі спыненыя.

Наўрад ці рашэнне аб атацы Украіны з боку Беларусі прымаў Лукашэнка. Відавочна, гэта зрабіў не ён. Але ён не зрабіў галоўнага: ён ніяк не змог процідзейнічаць гэтаму рашэнню. І, такім чынам, уцягнуў Беларусь у не патрэбную беларусам вайну. Так ён за няпоўныя два гады ператварыў Беларусь з «донара стабільнасці» ў «краіну-агрэсара».

Канешне, ён тэрмінова паспрабаваў адхрысціцца ад агрэсіі Расіі. Маўляў, беларускія вайскоўцы не атакавалі Украіну, гэта расійцы зрабілі. Але справа ў тым, што, па прынцыпах ААН, краіна, якая падала сваю тэрыторыю для агрэсіі, і сама ёсць агрэсарам. І гэтага ўжо не зменіш.

Наступствы ўсёй гэтай сітуацыі для Беларусі складана прагназаваць.

Па-першае, тыя, хто падтрымліваў Лукашэнку з лозунгам «абы не было вайны», дачакаліся: вайна ўжо ёсць. І вінаватая ў гэтым не «пятая калона», не «апазіцыя», не «збеглыя», не Ціханоўская, і не Захад. Віна за ўдзел у агрэсіі супраць Украіны палягае выключна на сённяшніх беларускіх уладах. Хаця б у тым, што яны не зрабілі нічога, каб не было ўварвання з боку Беларусі.

Па-другое, беларускіх сілавікоў, якія забяспечылі захаванне ўлады «прэзідэнту АМАПу», папярэджвалі: у выпадку вайны — вы першыя кандыдаты на «гарматнае мяса». Зразумела, што цяпер Украіна мае права адказаць «краіне-агрэсару» любымі спосабамі і ў розных прапорцыях — ад тых жа самых авіяцыйных і ракетных удараў, да засылкі дыверсійна-разведвальных груп. І наколькі Украіна адкажа — гэта цяпер залежыць выключна ад добрай волі Украіны.

Тэлеграм-каналы паведамляюць пра перакідванне беларускіх ваенных да мяжы з Украінай, пра адсяленне насельніцтва памежных з Украінай вёсак у Нароўлю і пра стрэлы ў Ельску. Інфармацыя неправераная, але… Вы гэтага чакалі?

Па-трэцяе, беларускія ўлады канчаткова страцілі Украіну. Можна забыцца пра «станоўчае гандлёвае сальда» і пра паступленне ў краіну валюты, так неабходнай для абслугоўвання знешняга доўгу. І гэта важна, таму што па станоўчым знешнегандлёвым сальда Украіна знаходзілася ў нас на першым месцы ў свеце — 3,4 млрд. долараў за студзень-лістапад 2021 года. Адрыў ад другога месца, на якім знаходзілася Літва з 1 млрд даляраў — амаль у тры з паловай разы.

Па-чацвёртае, напэўна ўсе санкцыі ў дачыненні да Расіі будуць распаўсюджвацца і на Беларусь. Аж да адключэння SWIFT.

А тым часам беларускія банкі спынілі валютна-абменныя аперацыі, перасталі выдаваць долары, а курсы еўра і амерыканскай валюты ўзляцелі да нябёсаў.

І будзе яшчэ «па-пятае», «па-шостае» і «па-сёмае», у залежнасці ад таго, якая будзе рэакцыя міжнароднай супольнасці на ўварванне Расіі ва Украіну. Але ясна, што нічога добрага Беларусі чакаць не даводзіцца.

Асабліва ў сітуацыі, калі беларускія ўлады жывуць «у тэлевізары». У той час, як CNN транслюе запісы відэакамер з перасоўваннем расійскай ваеннай тэхнікі праз пункт пропуска «Сянькоўка» (Гомельская вобласць), Лукашэнка кажа, што «наземная аперацыя з Беларусі не пачыналася». У той час, як у Офісе Зяленскага кажуць пра спыненне ворага праз 5 кіламетраў ад мяжы ў Чарнігаўскай вобласці, Лукашэнка кажа, што Кіеў «ужо церпіць паразу». Прычым, кажа гэта на нарадзе з ваеннымі, якія як ніхто павінны быць абазнаныя ў рэальным стане рэчаў…

Верагодна, разлік гэтай сілавой аперацыі для Пуціна быў у тым, каб прымусіць Захад сесці з ім за стол перамоваў і прыняць усе патрабаванні Расіі па «новай архітэктуры бяспекі ў Еўропе». Але ён відавочна недаацаніў узровень той салідарнасці, якую набыў Захад апошнім часам. Еўропа больш не паддаецца шантажу.

«Мы не дазволім прэзідэнту Пуціну разбурыць архітэктуру бяспекі, якая ў апошнія дзесяцігоддзі забяспечвала мір і стабільнасць у Еўропе. Мы не дазволім прэзідэнту Пуціну замяніць вяршэнства закона вяршэнствам сілы і бязлітаснасці. Яму не варта недаацэньваць рашучасць і сілу нашых дэмакратый», — заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Імаверна, сітуацыя вырашыцца ў бліжэйшыя два-тры дні. Мажліва, тыдзень. Усё залежыць ад адказу Захаду на гэтае расійскае ўварванне. Але тое, што цяпер Захад не будзе «жаваць соплі», даволі відавочна.

Украіна гэты час пратрывае. Прынамсі, нават пры найгоршым развіцці падзей разлік быў у тым, што войскі могуць даваць адпор агрэсару як мінімум два тыдні.

Пры гэтым настрой украінцам вядомы ўсім — яны гатовыя змагацца за сваю зямлю да канца. А вось настрой расіянаў не такі адназначны: у РФ праходзяць пікеты супраць вайны з Украінай, уварванне ва Украіну асудзілі журналісты дыпламатычнага пула, інтэлігенцыя… Можа быць, расійцы і радаваліся б «мірнаму прыяднанню» ЛДНР, а вось вайна ім ну зусім ніяк не падабаецца…

І ўжо зусім катастрафічныя наступствы будуць для беларускай улады ў гістарычнай перспектыве. Калі б Лукашэнка сумленна сышоў у 2020-м, не чапляўся «сінімі пальцамі» за ўладу — ён бы так і застаўся ў гісторыі, як першы прэзідэнт незалежнай Рэспублікі Беларусь. Цяпер жа ён застанецца ў гісторыі, як той, хто ўпершыню зрабіў Беларусь дзяржавай-агрэсарам.