Шлях да татальнага дэфіцыту. З 6 кастрычніка Лукашэнка забараніў падвышаць цэны

У Беларусі з 6 кастрычніка Лукашэнка забараніў падвышаць цэны. Такое рашэнне прынята на фоне рэкорднай інфляцыі, якая з'ядае рост заробкаў і пенсій. Эканамісты праекта «Кошт урада» пісалі пра магчымыя наступствы ад забароны на павышэнне цэн.

original__3__1.jpg


«Калі б увядзенне забарон на павышэнне цэн было эфектыўнай мерай, то ва ўсім свеце не было б інфляцыі. Або яна трымалася б на нізкім узроўні. Павышэнне цэн — гэта не прагнасць ці жаданне прадаўцоў, якія хочуць нажыцца. Ва ўмовах рынкавай нармальнай канкурэнцыі прадаўцы шукаюць спосабы зніжэння коштаў, каб іх прадукцыя выглядала больш канкурэнтаздольнай. Гэта ім выгадна, каб павялічваць выручку, — адзначаюць эксперты праекта «Кошт урада». — Калі ў Беларусі растуць цэны, то такая макраэканамічная сітуацыя ў краіне».

Эканамісты перакананыя, што поўная забарона на павышэнне цэн не будзе працаваць.

«Татальная забарона на павышэнне цэн — прамы шлях да татальнага дэфіцыту. Ні адзін бізнесмен не будзе прадаваць тавар танней, чым ён каштуе, — адзначаюць эксперты. — Не выключана, што ў продажы з'явіцца тавар горшай якасці. Або гандаль будзе весціся старымі таварамі пад выглядам новых. Такое раней ужо было. Але калі шчылін не будзе, то гэта прамы шлях да скарачэння асартыменту».

Яшчэ адно з магчымых негатыўных наступстваў — рэзкі скачок інфляцыі пасля адмены забароны на павышэнне цэн або частковых паслабленняў, лічаць эксперты.

У гэтай сітуацыі абмежаванні па росце цэн — нагода для бізнесу задумацца, ці варта працаваць у такіх умовах. «У першую чаргу гэта тычыцца невялікіх прыватных кампаній, — удакладняюць эксперты. — Таксама гэтыя абмежаванні багатыя скарачэннем працоўных месцаў, зніжэннем узроўню заробкаў. Гэта значыць, могуць ў цэлым аказаць негатыўны ўплыў на эканоміку».

Падчас нарады з эканамічным блокам Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў урад за інфляцыю. Па выніках нарады Лукашэнка агучыў сваё рашэнне: «З 6 чысла [кастрычніка] забараняецца ўсякі рост цэн. За-ба-ра-ня-ецца! З сённяшняга дня. Не з заўтрашняга дня, а з сённяшняга. Каб за суткі не накруцілі цэны. І крый божа хтосьці па бухгалтэрыі правядзе заднім чыслом нешта, нейкія разлікі, пераразлікі».

Аднак ён дазволіў выключэнні і вызначыў кола адказных, хто ўпаўнаважаны прымаць такія рашэнні. «Калі будзе прынята рашэнне міністра (антыманапольнага рэгулявання і гандлю) або старшынь аблвыканкама, Мінскага гарвыканкама. Без іх рашэння ніякая цана прырастаць не можа да таго, што ёсць на сённяшні дзень», — распарадзіўся ён.

Лукашэнка таксама прыгразіў рэпрэсіямі, каб на гэтым фоне не было закрыцця аб'ектаў і спроб сысці з рынку.

«Не дай бог, нейкая крама сыдзе або яна будзе закрытая, нейкая кантора, забягалаўка і іншыя. Не дай бог, яны сыдуць з рынку. Вы за гэта адкажаце», — папярэдзіў ён.

За выкананнем рашэння ён даручыў сачыць найперш генеральнаму пракурору і старшыні Камітэта дзяржкантролю.

«Неадкладнае затрыманне і крымінальную справу ўзбуджаць, — сказаў ён. — Гэта пракурор з Камітэтам дзяржкантролю вызначаць, што рабіць. Па ўсёй вертыкалі: хто дапусціў парушэнне ўстаноўленага мною парадку і хто садзейнічаў гэтаму або «прашлёпаў», — запатрабаваў ён.

Звяртаючыся да першага віцэ-прэмʼера Мікалая Снапкова, Лукашэнка параіў з 6 кастрычніка цэны не толькі не павышаць, але і, наадварот, знайсці магчымасць іх паніжэння. «Лепш за ўсё раю вам цэны панізіць», — сказаў ён.