Барацьба з цэнамі — добрая тэма, каб адцягнуць беларусаў ад больш значных праблем
Хто ж будзе працаваць сабе ў страту? Палітолаг Павел Усаў разважае ў сваім Тэлеграме пра тое, як беларускі кіраўнік вырашыў забараніць цэнам расці і чаго цяпер чакаць беларусам.
![_belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10_.jpg _belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10_.jpg](/img/v1/images/_belarus_minsk_zniven_2022_ljudzi_zyccjo_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Указам Лукашэнкі ў Беларусі забаронены рост цэн. З такім жа поспехам можна забараніць абарачэнне грошай у краіне.
Вядома, гэта чыстай вады папулізм. Калі ж ідэя будзе ажыццёўленая, то гэта прывядзе да вострага дэфіцыту тавараў (асабліва імпартных), звальненняў, банкруцтваў і іншых праблем, якія былі характэрны для позняга СССР.
Самае малое, што можа здарыцца заўтра — усе крамы зачыняцца на пераўлік, а вытворчасць тавараў прыпыніцца. Хто ж будзе працаваць сабе ў страту?
Разам з тым гэтая ідэя дзяржаўнага рэгулявання таварна-грашовых адносін цалкам адпавядае палітыцы закрытай таталітарнай дзяржавы.
А з улікам таго, што краіна ўваходзіць у перыяд ваеннай істэрыі і шырокай канфрантацыі з суседзямі, барацьба з цэнамі і ўзрослыя эканамічныя цяжкасці — добрая тэма, каб адцягнуць насельніцтва ад больш значных праблем.