Цэны павышаць забаранілі. І што цяпер рабіць? ТОП 10 пытанняў і адказаў

На асноўныя пытанні наконт забароны павышэння цэн адказвае Дзмітрый Зікрацкі.

_smutak_bol_reczaisnasc_vajna_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Тэкст Пастановы Савета Міністраў ад 6 кастрычніка 2022 г. № 669 «Аб часовых мерах па стабілізацыі цэн» апублікаваны на pravo.by.

Дзмітрый Зікрацкі ў сваім тэлеграм-канале адзначае, што каментаваць у гэтай Пастанове Савета Міністраў (ПСМ) нешта складана, таму што тэксты ўсіх навін ці каментароў практычна цалкам цытуюць саму пастанову.

Таму Зікрацкі кажа, што вырашыў абмежавацца адказамі на найбольш частыя пытанні наконт гэтай пастановы, якія ўжо з'явіліся.

ТОП 10 пытанняў

1. Ці распаўсюджваецца тэкст ПСМ на цэны, тарыфы, названыя ў дагаворах паміж суб'ектамі гаспадарання, ці ён тычыцца толькі дагавораў з фізічнымі асобамі?

Фармальна, так. У тэксце ПСМ няма ўказання на тое, што яна дзейнічае толькі ў дачыненні да цэн і тарыфаў для фізічных асоб.

2. У нас у дамове (заключанай яшчэ да ПСМ) прапісана штомесячнае павышэнне цаны ў адпаведнасці з індэксам спажывецкіх цэн. Ці можам мы карэктаваць цану?

Не, гэтага рабіць нельга. Такія пункты ў дамове не будуць адпавядаць заканадаўству. Дамову неабходна прывесці ў адпаведнасць з ПСМ.

3. У нас дамова пастаўкі з нерэзідэнтам. Там таксама нельга павышаць цану?

ПСМ не робіць размежавання па месцазнаходжанні пакупніка, а ўстанаўлівае паняцце «ўнутраны рынак».

Калі тавары рэалізуюцца нерэзідэнту на ўнутраным рынку, то павысіць цану нельга. Калі тавар, у адпаведнасці з умовамі дамовы, экспартуецца — цэны павышаць можна.

4. Ці распаўсюджваецца ПСМ на арэнду?

Не, ПСМ рэгулюе цэны і тарыфы ў дачыненні да тавараў і паслуг. Арэнда, з пункту гледжання Грамадзянскага кодэкса, не адносіцца ні да тавараў, ні да паслуг. Аналагічна (строга фармальна) ПСМ не павінна распаўсюджвацца і на роялці (плацяжы за перадачу правоў за выкарыстанне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці).

5. Якія наступствы і адказнасць за парушэнне ПСМ?

  • прыпыненне работы аб'ектаў і дзеяння ліцэнзій асоб, якія парушылі дадзеную ПСМ (п. 6);
  • штраф да 20 БВ, для юрыдычнай асобы/ІП у двухразовым памеры розніцы паміж фактычнай выручкай, атрыманай ад рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), і разліковай велічынёй выручкі ад рэалізацыі гэтых тавараў (работ, паслуг) па цэнах (тарыфах), устаноўленых у адпаведнасці з заканадаўствам — п.2 арт. 12.4. КаАП РБ;
  • штраф да 10% ад цаны рэалізаваных тавараў — п.3 арт. 12.4. КаАП РБ;
  • КДК напісаў нават пра крымінальную адказнасць.

6. Што рабіць з цэнамі на новыя тавары, паслугі?

Неабходна ўзгадніць іх:

  • рэспубліканскім УП, асобам з доляй уласнасці дзяржавы ў статутным фондзе — з дзяржорганамі/ арганізацыямі, у падпарадкаванні/вядзенні якіх яны знаходзяцца (якім перададзены ва ўпраўленне акцыі/долі);

  • камунальным унітарным прадпрыемствам, асобам з доляй адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і ўсім астатнім юрыдычным асобам і ІП — з Мінгарвыканкам і аблвыканкамамі.

7. У Палажэнні аб правядзенні акцыі ўказаны тэрмін дзеяння да 31.10.2022. Ці маем права мы вярнуць старыя цэны з 01.11.2022?

Строга фармальна, ПСМ забараняе адмяняць мерапрыемствы, накіраваныя на стымуляванне продажаў. Атрымліваецца, што ў выпадку сканчэння тэрміну дзеяння акцыі цану можна павысіць, але не больш, чым да ўзроўню, які быў усталяваны да ўвядзення акцыі.

8. Што рабіць, калі падтрыманне цаны ў актуальным стане робіць яе ніжэйшай за сабекошт і прывядзе да страт?

Устанаўленне новых цэн у выпадку эканамічнай мэтазгоднасці дапускаецца па ўзгадненні з дзяржаўнымі органамі ў парадку, згаданым вышэй (глядзі адказ на пытанне 6).

9. Я ўсё роўна нічога не зразумеў.

Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю  прадастаўлена права растлумачваць пытанні прымянення дадзенай ПСМ.

10. З раніцы, калі ішоў на працу, убачыў, што капучына каштуе ўжо 5 рублёў, хоць учора было 3. Куды скардзіцца?

Зразумець і дараваць. Але самому так не рабіць.