Сяргей Зікрацкі: Закон не дае права ні прэзідэнту, ні ўраду замарозіць цэны на ўсе тавары
Юрыст Сяргей Зікрацкі разважае наконт прававой свядомасці беларускіх юрыстаў і новай ініцыятывы беларускіх улад па замарожванні цэн. Ці ёсць законныя спосабы для бізнесоўцаў не выконваць ініцыятывы беларускіх улад?
Што рабіць з забаронай беларускага кіраўніка павышаць цэны? За гэта цяпер бізнесу пагражаюць адказнасцю «аж да крымінальнай». Ці ёсць законныя спосабы не выконваць разбуральныя для беларускай эканомікі ініцыятывы беларускіх улад? Як не дзіўна — ёсць, тлумачыць Сяргей Зікрацкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:
— І зноў я пра старое. Праблема ўсёй прававой свядомасці беларускіх юрыстаў у тым, што яны спрабуюць прымяняць канкрэтныя дакументы, а не спрабуюць асэнсаваць прынцыпы заканадаўства.
Вось вам прыклад.
Падазраю, што вось зараз некалькі сотняў юрыстаў чытаюць пастанову Саўміна аб часовых мерах па стабілізацыі цэн і спрабуюць знайсці шчыліны, каб мець магчымасць гэтыя цэны падняць.
А можна зрабіць прасцей. Дастаткова прыгадаць, што пастанова Саўміна павінна адпавядаць законам. І ўспомніць, што ёсць Закон аб цэнаўтварэнні, які ў якасці аднаго з прынцыпаў цэнаўтварэння вызначае спалучэнне свабодных і рэгуляваных цэн.
Закон не дае права ні прэзідэнту, ні ўраду вызначаць фіксаваныя цэны на ўсе тавары. А ў артыкуле 7 гэтага Закона не ўказаны выпадкі, калі магчыма ўстанаўленне рэгулюемых цэн. Прэзідэнт можа вызначыць пералік тавараў, якія падлягаюць рэгуляванню, а ўрад можа вызначыць парадак іх рэгулявання.
У гэтай сувязі не варта, мабыць, нават шукаць шчыліны ў пастанове Саўміна. Яе не трэба выконваць ад пачатку.
На гэтым, бадай, усё.