Казкі, якія падыходзяць да фіналу
На гэтым тыдні нам нарэшце паказалі жывога Лукашэнку. Але лепш бы не паказвалі, бо без яго ўсё было неяк больш аптымістычна. Але казкі маюць уласцівасць заканчвацца, і пачынаецца будзённасць.
Здарылася тое, пра што папярэджвалі незалежныя эканамісты: заробак спыніў свой бурлівы рост. Паводле звестак Белстата, сярэдні заробак у красавіку знізіўся на 18,3 рублі ў параўнанні з сакавіком.
Белстат, праўда, крыху падсаладзіў пілюлю, паведаміўшы, што ў рэальным выражэнні (з улікам інфляцыі) у параўнанні з красавіком 2022 года сярэдні заробак вырас на 9,6%. Але пры гэтым удакладняе, што «паскарэнне тэмпаў росту заробкаў у рэальным выражэнні звязана з далейшым памяншэннем паказчыка гадавой інфляцыі». У сакавіку ён складаў 6%, а ў красавіку знізіўся да 4,7%.
Па-ранейшаму назіраецца зніжэнне заробкаў у сталіцы: у параўнанні з сакавіком сярэдні заробак у красавіку ў Мінску паменшыўся на 82,1 рублі. Самым нізкім заробкам сярод рэгіёнаў быў сярэдні ў Магілёўскай вобласці: у красавіку ён склаў 1473,9 рублёў. У Віцебскай і Берасцейскай абласцях сярэдні заробак у сакавіку быў вышэйшы за 1500 рублёў, у Гомельскай і Гарадзенскай перавысіў 1600 рублёў, а ў Мінскай — 1700 рублёў.
У IT сярэдні заробак у параўнанні з сакавіком знізіўся аж на 835,6 рублёў. Самы нізкі заробак, паводле Белстата, мелі супрацоўнікі салонаў прыгажосці і цырульняў. Ён склаў у красавіку 964,6 рублёў. У музейных работнікаў, бібліятэкараў, работнікаў архіваў — 1028 рублёў, а ў сацыяльных работнікаў быў сярэдні ў 1065,4 рублёў.
Нізкая зарплата цырульнікаў не дзіўная — практычна ўвесь гэты бізнес прыватны, а прыватнікаў або душаць падаткамі, або яны з'ехалі ў больш шчасныя краіны. Ну, а да маленькага заробку бюджэтнікаў мы звыклі.
«Раптам» аказалася, што наша самая перадавая медыцына — не самая перадавая. Лукашэнка, выйшаўшы з хваробы, зладзіў разнос ураду і Міністэрству аховы здароўя, назваўшы іх шарлатанамі, і канстатаваўшы, што ў медыцыне — бардак. Аж да таго, што дзверы пакасіліся і элементарныя санітарныя правілы не выконваюцца. А ўжо нізкі ўзровень кваліфікацыі лекараў і зусім стаў для Лукашэнкі адкрыццём. Карацей кажучы, «мы стварылі сістэму. Чаму яна не працуе?»
І з лекамі тое самае: «З лекамі поўны бардак. Хто хоча — той бярэ, хто хоча — той нясе, куды захоча — туды і нясе».
Я так мяркую, што медыкі былі самі не рады, што вылечылі Лукашэнку. Верагодна, падчас сваёй хваробы Лукашэнка пагутарыў не толькі з «прыдворнымі» дактарамі (нездарма ж да яго прылятаў нейкі борт з Расіі ў гэты час).
Але гэты разнос, насамрэч, медыкаў не тычыўся. Ён быў неабходны дзеля зусім іншых мэтаў.
Калі Лукашэнка «знік з радараў», папаўзлі самыя розныя, нават дзіўныя чуткі, кшталту атручання яго ў Крамлі. І нават пачаліся размовы пра тое, «што будзе пасля Лукашэнкі». Прынамсі, пра гэта многія пачалі задумвацца, і не толькі ў апазіцыі. Таму Лукашэнку трэба было ясна і зразумела прадэманстраваць, што ён усё яшчэ «о-го-го», ля стырна, і пакідаць сваю пасаду (тым больш уперад нагамі) не збіраецца. Публічная лупцоўка для такой дэманстрацыі падыходзіць як нельга дарэчы.
Пракантраляваць жа выкананне сваіх даручэнняў правадыру няма калі. Яму трэба было ляцець у Маскву, каб апраўдвацца перад Пуціным. Таму што Пуцін год таму даваў Беларусі паўтара мільярды долараў на «імпартазамяшчэнне», а аддачы ад гэтых грошай атрымаў з гулькін нос. Як высветлілася, беларускія вытворцы не змаглі забяспечыць вытворчасць па найбольш тонкіх тэхнічных нормах.
«Так, трошкі паадсталі», — прызнаў Лукашэнка і ў той жа момант перайшоў у атаку: маўляў, якая розніца, якога ў нас памеру мікрасхемы? Бо «ўпіхнем мы гэты прыбор у крыло самалёта. Лётаюць жа дагэтуль і будуць лётаць».
Падобна на тое, што з тым жа поспехам Пуцін мог бы і не даваць гэтыя паўтара мільярды. Бо і да «імпартазамяшчэння» лёталі ж, праўда?
Адзінае, з чым у нас усё стабільна — гэта з тым, што нам усё горш. Міжнародная няўрадавая арганізацыя Freedom House апублікавала новы даклад «Краіны пераходнага перыяду» (Nations in Transit 2023). Пазіцыя Беларусі ў рэйтынгу свабоды не змянілася ў параўнанні з мінулым годам: мы набралі 8 балаў са 100 і адносімся да катэгорыі несвабодных краін. Столькі ж набралі Самалі, Саудаўская Аравія і Афганістан.
У дакладзе Freedom House цікавыя дзве рэчы. Па-першае, у ім канстатуецца, што пакуль няма перадумоў для адмовы ад рэпрэсіўнай палітыкі ў найбліжэйшай будучыні, а ў 2022 годзе рэпрэсіўная палітыка «набірала абароты і закранала ўсё большую частку насельніцтва».
І па-другое, як пішуць праваабаронцы, «Аляксандр Лукашэнка, які абавязаны сваёй уладай расійскай падтрымцы пасля сфальсіфікаванага пераабрання ў 2020 годзе, стаў ужываць многія з метадаў унутраных рэпрэсій, якія ўжываюцца ў Расіі».
І калі эксперты-праваабаронцы, якія сочаць за сітуацыяй у Беларусі не першае дзесяцігоддзе, усё роўна ўспрымаюць Беларусь праз прызму Расіі, то нам у будучыні прыйдзецца прыкласці велізарныя намаганні, каб нас успрымалі як рэальна самастойную і суверэнную дзяржаву.