«Перакананы, Беларусь будзе вольнай!». Маналог лекара, які з'ехаў ад рэпрэсій і працуе ва Украіне
Праца ў 3-й мінскай лякарні, два арышты, удзел у арганізацыі незалежнага прафсаюза, уцёкі з Беларусі, дроны-камікадзэ пад вокнамі і спушчаныя колы аўто — усё гэта пра беларускага лекара-гінеколага Станіслава Салаўя, які ўжо паўтара года працуе ў Адэсе. Пра ўкраінскую медыцыну, стаўленне да беларусаў і працу падчас вайны доктар распавёў «Л*стэрку».
Станіславу Салаўю 34 гады. З 2016-га ён працаваў у 3-й
гарадской клінічнай бальніцы імя Клумава ў Мінску. Атрымаў прэмію за навуковую
дзейнасць за 2019-ты год.
Падчас пандэміі ў Беларусі лекар пісаў скаргі ва ўпраўленне
аховы здароўя і міністэрства, патрабуючы справядлівага налічэння ковідных
выплат. У 2020-м удзельнічаў у ланцугах салідарнасці медыкаў і нядзельных акцыях,
на якіх яго двойчы арыштоўвалі восенню таго ж года. Быў сябрам незалежнага
прафсаюза медыкаў «Панацэя». Збіраў подпісы сярод калегаў супраць прысуду
лекару Арцёму Сарокіну — за «Нуль праміле», браў удзел у выставе «Машына
дыхае, а я — не». Выставу ўлады закрылі, а яе арганізатараў затрымалі і
змясцілі ў СІЗА.
Калі галоўны ўрач 3-й бальніцы выклікала Станіслава і «прапанавала звольніцца па-добраму», ён зрабіў размову публічнай, напісаўшы пра яе ў фэйсбуку. У рэшце рэшт Салавей атрымаў характарыстыку, якую сам называе «шэдэўрам». Вось толькі вытрымка з яе: «Неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, уключаючы арышт на 15 сутак. Выказвае асабістае бачанне палітычнай сітуацыі ў інтэрнэт-рэсурсах, крытыкуючы пазіцыю кіраўніцтва ўстановы. Арганізаваў збор подпісаў работнікаў установы ў падтрымку незаконна затрыманых, на яго думку, калегаў, прычым не паведамляў пра гэта кіраўніцтву. Актыўна адстойвае свае інтарэсы ў вышэйстаячых інстанцыях, уключаючы суд. Высокай думкі пра сябе. Супярэчлівы ў светапоглядзе і самім сабе. Не прызнае аўтарытэтных рэкамендацый, ігнаруе агульнапрынятыя нормы і правілы. Мае жаданне ставіць свае інтарэсы вышэй за астатніх».
«Апошнія тры-чатыры месяцы я проста кожны дзень чакаў,
калі мяне затрымаюць»
— У 2021-м на працы кантракт мне не працягнулі. У нас жа ва ўсіх яны кароткатэрміновыя, у мяне быў на тры гады. Ён скончыўся, а новы «чамусьці» не выдалі. У мяне на той момант было дзве адміністрацыйкі. Першая — літаральна паўтара дня на Жодзіна і штраф. Другая — праз два месяцы. Калі адлічвалі студэнтаў-медыкаў, мы выйшлі іх падтрымаць. Забралі — далі 15 сутак, сядзеў у Баранавічах. Пасля быў незалежны прафсаюз, актывізм і шмат чаго іншага.
У 2020-м у лекара, я лічу, з'явіўся голас, які раней мы не
падавалі. Трэба разумець нашу супольнасць: гэта са студэнцтва так, заўсёды
медык медыка падтрымліваў. Падчас ковіду гэта было яшчэ больш адчувальна:
выходзілі на змены, калі патрэбна была дапамога.
Пасля маёй першай адседкі да мяне на працы асаблівых
пытанняў не было. Наша галоўны ўрач першыя пару дзён, як мы казалі, сама бегла
з БЧБ-сцягам, а потым вельмі спалохалася, зразумеўшы, што ўлада не мяняецца і
пачала закручваць гайкі, каб прадэманстраваць лаяльнасць. Яна паспрабавала
звольніць адну са студэнтак, якая працавала медсястрой у хірургічным
аддзяленні. Тады ўсё аддзяленне прыгразіла пакласці паперы на звальненне і не
выйсці на працу, калі гэтую дзяўчыну звольняць, казалі: «Яна — наш супрацоўнік, і
мы не дамо яе ў крыўду». А потым жа ўсё прыціскалася патроху, людзей
запалохвалі і паступова ўсё пагасілі.
Медыкі многае маглі гаварыць, але вельмі цяжка пераступіць
праз сябе. Забастоўка медыкаў — проста не ўкладвалася ў галаву: як медык можа не
выйсці на працу? Нават падчас польскай «Салідарнасці», калі быў усеагульны
страйк, то медыкі не ўдзельнічалі ў ім, проста павязалі на плечы павязкі, як
сімвал салідарнасці. Салідарнасць і ў нас была: збіралі грошы рэпрэсаваным
калегам, дапамагалі.
У той жа час запрасілі на сумоўе ў клініку «Аква-Мінск», паслугі там платныя, але клініка дзяржаўная. Прапанова
была вельмі добрая. Адзіная ўмова паставілі, каб мяне не затрымлівалі на
вуліцы. Я на той момант быў старшынём рады прафсаюза медыкаў у складзе
Свабоднага прафсаюза Беларускага — тады яшчэ легальнай арганізацыі ў рамках
закона. Дырэктар клінікі сказаў, што раз гэта легальна, то ён не забараняе, але
паабяцаў шмат бонусаў, калі ўступлю ў дзяржаўны прафсаюз. Калі я ўжо прыйшоў
пісаць заяву на новую працу, быў ужо нават гатовы эскіз бэйджа для мяне, то ўсё
ж паўстала пытанне адносна прафсаюза: альбо выходзіць і працаваць, альбо не. У
выніку на працу ў гэтую клініку я так і не трапіў.
У Беларусі апошнія месяцы тры-чатыры [да ад'езду] я проста
кожны дзень чакаў, калі мяне затрымаюць: прачынаўся а пятай раніцы, слухаючы,
ці не стукаюць у дзверы. Вырашыў, што змагу больш зрабіць у эміграцыі і прыняў
рашэнне, што паеду. Была восень 2021 года. Вельмі не хацеў перасякаць
беларускую мяжу, бо былі асцярогі там і застацца. Таму цягніком паехаў на
Маскву, далей транзітам праз Турцыю ў Кіеў. Там ужо сустрэлі сябры — чакалі мяне
яшчэ пасля першай адседкі. Калі я ад'язджаў, вельмі шмат калегаў пісалі: «У мяне
вось ёсць знаёмыя там і там, прыязджай, пажыві ў іх». Некаторыя
казалі: «Можаш у нас хоць год жыць, дапаможам». Тое ж самае было, калі
пачалося ўварванне ва Украіну — таксама калегі, якія з'ехалі ў Еўропу, клікалі,
прапаноўвалі дапамогу.
Ужо пазней пазнаёміўся з хлопцам у Адэсе. Ён вылятаў з
Мінска ў той жа самы дзень, калі і я выязджаў цягніком. І яго затрымалі ўжо
пасля рэгістрацыі на рэйс. Прайшоў пашпартны кантроль, выклікалі па гучнай сувязі
— і паехаў на 15 сутак. Але потым усё ж выбраўся. А маглі б быць сукамернікамі.
«Цяпер беларускія дыпломы ва Украіне не прызнаюць»
Праз сяброў знайшоў працу ўжо ў Адэсе, прыехаў на сумоўе. Тут працавала шмат беларусаў, я іх асабіста і не ведаў. Вось так і застаўся ў Адэсе.
Мне пашанцавала, што я быў далёка не першым лекарам, які
з'ехаў з Беларусі. Таму быў ужо выразны алгарытм, што трэба рабіць. Я
літаральна праз 10 дзён, як прыехаў, падаў дыплом на прызнанне ў Міністэрства
адукацыі Украіны, атрымаў паперу. З ёй я мог працаваць як лекар-кансультант.
Далей падаецца заява ў Міністэрства аховы здароўя, дзе выносяць вердыкт:
адпавядае дыплом ўкраінскаму, не адпавядае, альбо адпавядае часткова. Найбольш
часты адказ быў: прайсці кароткатэрміновы курс ад шасці месяцаў да года. Гэта
працавала да поўнамаштабнай вайны. Цяпер беларускія дыпломы ва Украіне не
прызнаюць. Ведаю калегу, якая ўжо шмат часу чакае прызнання або непрызнання
дыплома, але ніякага адказу не можа атрымаць.
У Беларусі па маёй спецыяльнасці вельмі кароткі тэрмін
паслядыпломнай падрыхтоўкі: менш за год. Ва Украіне ж — тры гады. Гэта сусветная
практыка, ды так і павінна быць насамрэч. Таму лагічна, што адразу не давалі
працаваць без дадатковага курсу.
Параўнаць умовы працы тут і ў Беларусі мне не так проста: у
Адэсе я працую ў прыватнай клініцы, таму тут свая спецыфіка. Паток іншы зусім,
нагрузкі несупаставімыя. Апаратура проста неба і зямля: у нас у клініцы апошняе
пакаленне апаратаў. Нават калі ёсць патрэба ў чымсьці, пішаш запыт, і калі гэта
сапраўды абгрунтавана, то ўсё закупляецца.
Калі казаць глабальна аб украінскай сістэме аховы здароўя,
то тут вельмі добра прадуманая паслядыпломная падрыхтоўка. У нас жа на яе
даецца вельмі кароткі тэрмін, а пасля ты ўжо афіцыйна лекар, можаш працаваць з
пацыентамі. Таму ў Беларусі мы ўсё роўна заўсёды страхавалі маладых лекараў,
навучалі ў працэсе. Ён, здаецца, ужо і лекар, але яму патрэбен нагляд, дапамога.
А што казаць пра маленькія мястэчкі, дзе ўсяго адзін-два дактары маладыя — хто
іх падстрахуе? Таму ва Украіне гэта сістэма значна лепшая. Таксама тут па клініцы
унутраным загадам вызначаецца, напрыклад, што мы працуем паводле амерыканскіх
стандартаў аказання меддапамогі. Анколагі нашы працуюць па стандартах
ACS — Амерыканскай анкалагічнай супольнасці. Гэта вырашае кожная ўстанова.
У Беларусі ж, калі выдадзены загад 10 гадоў таму, то не дай
бог ты яго не выканаеш. Калі сілавікі прыходзілі ў клініку «Мерсі» і прыпынялі
яе працу, то пісалася пра невыкананне пратаколу аказання дапамогі, у тым ліку ў
анестэзійна-рэанімацыйнай службе. Але ж тыя пратаколы ўжо больш, чым
дзесяцігоддзе таму былі напісаныя: калі анестэзіёлаг добры і дасведчаны, будзе
працаваць так, як павінна гэта быць у наш час, то ён фармальна парушае закон.
А на іншыя нарматывы, наадварот, вочы заплюшчваюць. Норма
амбулаторнага прыёму ў таго ж педыятра — 12 хвілін на пацыента. У сезон
захворванняў у лепшым выпадку атрымліваецца тры хвіліны. Тое ж самае са
стацыянарнай дапамогай: згодна з заканадаўствам, мы не можам працаваць больш за
24 гадзіны. Калі доктар працуе суткі, ён павінен адпачыць удвая больш. Гэта
прапісана ў Працоўным кодэксе.
У нашых рэаліях я прыходзіў на працу ў панядзелак раніцай,
сыходзіў у аўторак пасля абеду. А ў сераду раніцай зноў на працу і ў такім жа
тэмпе. Усе так працавалі, пад графікамі падпісваліся сакратары праўладных
прафсаюзаў. Я пакуль пасля другой адседкі не ўзяўся за незалежную
прафсаюзную дзейнасць, нават не звяртаў на гэта увагі.
Але ж нездарма такія нормы прапісаны. Кіроўца-дальнабойнік,
напрыклад, не можа ехаць больш за восем гадзін, інакш яго аштрафуюць, бо ён
становіцца проста небяспечным. Але лекар на трыццатую гадзіну працы ідзе ў
аперацыйную і гэта нікога не здзіўляе.
Калега-гінеколаг распавядала, што яе пакаралі за тое, што ў
яе на ўчастку (той частцы горада, за якую яна адказвала) бяздомная жанчына,
якая злоўжывала алкаголем, зацяжарыла і ад чагосьці памерла — фармальна гэта
матчына смяротнасць. Была прэтэнзія да маёй калегі: «А чаму вы не зрабілі падваравы абыход усіх дамоў?» Логіка не ў тым, каб праблема не паўтарылася
зноў, а ў тым, каб знайсці вінаватага і пакараць.
У цэлым патэнцыял ва Украіне большы: няма адміністрацыйнай
надбудовы, якая перашкаджае табе нешта рабіць. Сваіх праблем таксама хапае, і
карупцыя ёсць. Няма ступараў для прыватнай медыцыны. У нас яна толькі пачынала
зараджацца, і то прыдушылі. Тут у прыватных клініках прадастаўляюць абсалютна
ўсе паслугі, для іх правілы тыя ж, што і для дзяржаўных.
Патрабаванне ведаць для працы ўкраінскую мову тут
абавязковае. Але Адэса — вельмі русіфікаваны рэгіён: дакументацыю мы вядзем
па-ўкраінску, з пацыентамі заўсёды пачынаем размову на ўкраінскай мове, але
далей пераходзім на тую, якая пацыенту зручней. Я нават некалькі прыёмаў
праводзіў на англійскай.
Я добра разумею ўкраінскую. Але на практыцы, з-за
падабенства нашых моў, у мяне часта трапляюць у гаворку якраз беларускія словы.
Але праз тое, што тут пераважна расійскамоўныя людзі, то калі я размаўляю
па-ўкраінску, гэта ўспрымаецца як варыянт суржыка.
У апошні час з'яўляецца ўсё больш людзей, хто гаворыць
па-ўкраінску, адпаведна стаўленне да тых, хто спрабуе пачаць, выключна
пазітыўнае. Увогуле моўнай праблемы я тут не бачу. Расійцам, напэўна, было б
вельмі цяжка, нам прасцей. Але бываюць таксама такія моманты, калі можна сесці
ў лужыну, напрыклад, «стварэнне» у нас гэта адно, а «стварэньне» ва ўкраінцаў
ўсё ж іншае значэнне мае. Але я не сківічны хірург, таму мне прасцей
(Смяецца).
«Калі ракеты паляцелі, танкі паехалі — ну, зразумела,
казлы, ворагі!»
На працы ўсе добра ведалі, што я адседзеў, што я актывіст — было разуменне і сітуацыі ў Беларусі. Толькі адна калега доўга казала: «Ды што вы трындзіце, у вас там парадак, дарогі добрыя». Але потым выбачылася, сказала, што не разумела, што робіцца ў нас у краіне.
Калі ж пачалася поўнамаштабная вайна, вядома, стаўленне
рознае да беларусаў было. Негатыў таксама быў: мне колы спускалі на машыне і не
аднойчы. Мяне гэта задзяўбло, я зняў нумары і павесіў дублікаты, там дзе няма
сцяга. Спыніла паліцыя, пытаюцца, што са знакамі. Я ім так і патлумачыў: «Мне
прасцей вам штраф заплаціць, чым зноў на шынамантаж ехаць». У выніку пажадалі
добрай дарогі і ніякага штрафу не выпісалі.
Так, на машыну маю былі напады, але ж гэта ўсё зразумела. Ці
многія з нас добра ведаюць, што там у суседзяў адбываецца? Большасць людзей
жыве ў сваім свеце і ім добра. А калі ракеты паляцелі, танкі паехалі — ну, зразумела, казлы, ворагі!
Калі мяне правяралі ў СБУ, то адзінае пытанне было адносна
кантакту ў маім тэлефоне: хлопец падпісаны як «Дзяніс СПБ», яны падумалі,
што гэта Санкт-Пецярбург. Але ў маім выпадку СПБ — Свабодны прафсаюз Беларускі.
Дапамагло растлумачыць сітуацыю тое, што сам хлопец беларускамоўны і мы
перапісваліся выключна па-беларуску, таму пытанні хутка адпалі.
Адносна думак выязджаць: былі сабраныя трывожныя валізкі на
крайні выпадак. Думалі, калі раптам горад захопяць, тады будзем з'язджаць. Тады
ж мы не ведалі пра Марыупаль, Бучу... Мяне вельмі маральна падтрымала, што
кіраўніцтва на працы захоўвала спакой, засталося на месцы: галоўны ўрач раніцай
нам даслаў паведамленне, што сустрэнемся на працы і ўсё абмяркуем. Вырашылі з
жонкай, што будзем тут, пакуль над горадам украінскі сцяг: назапасіліся ежай,
лекамі, закупілі корм сабаку, так і жылі.
Я вельмі люблю гістарычныя раманы, шмат чытаў у цэлым пра
гісторыю, таму я б не сказаў, што ў гэтай вайне мяне нешта моцна здзівіла. Так,
уразіла Буча. Але Марыупаль не ўразіў: я памятаю, як разносілі Грозны, што яны
рабілі ў Сірыі.
Буча здзівіла тым, што чысткі праводзіліся проста імгненна,
думаў: «Ну не настолькі ж...» Тое, што ў Херсоне пачнуцца зачысткі, знікненні
актывістаў, іх родных... Ну гэта мы ж з вамі прайшлі ў Беларусі, Мы ведаем, як
яны могуць душыць супраціў народа ў захопленых гарадах.
Чаму здзіўляцца, калі гэта так было ўжо? Ніхто ж не
здзіўляўся таму як гітлераўцы бамбілі брытанскія гарады, пасля таго, што яны
зрабілі з Гернікай... Трэба быць дурным чалавекам, каб не разумець: калі
злачынцы забівалі да гэтага часу, то зараз яны не будуць паводзіць сябе па-іншаму,
маўляў, там братэрскі народ ці нешта яшчэ... Будуць і бамбіць гарады, і бамбіць
бальніцы, будуць забіваць. А тое, што Украіна не здасца, я заўсёды ведаў.
Першы страх, які я адчуў, быў не ад стрэлаў, і нават не ад
выбухаў, чутных непадалёк ад нашага дома, а менавіта ад першых дронаў-«мапедаў».
Яны праляцелі метрах у 150 ад нашага дома, тады я зразумеў, што чулі людзі
падчас Другой сусветнай, калі ляцелі бамбавікі нямецкія са спецыфічным гукам.
Ракета ж хутка выбухае, ты глядзіш: жывы — жывы, ну і добра. А тут чуеш, як да
цябе набліжаецца нешта, усё гучней, гучней — цісне на псіхіку вельмі моцна. Мы
хаваліся паміж дзвюма сценамі ў ваннай, а гудзела вакол усё. Больш, чым страх, ціснула нявызначанасць.
Былі параненыя і ў нас у бальніцы. Нягледзячы на мой
профіль, таксама сутыкаўся, але трохі ў іншай плоскасці. Шмат жанчын-служачых УСУ: стрэс, дрэнныя ўмовы і іншае, гэта ўсё дае гінекалагічныя праблемы. Калі
пачалося ўварванне, я хуценька пачаў праглядаць лекцыі па ваенна-палявой
хірургіі, былі такія думкі, што калі будзе высадка дэсанту, то спатрэбіцца і
мая дапамога. Але дзякуючы ўкраінскім вайскоўцам, гэтыя веды мне не
спатрэбіліся. Адно дадам: да вайны ў мяне не было сівой барады.
Агульных думак пра Беларусь няма насамрэч. Я проста хачу,
каб у Беларусі ўсё змянілася, каб была адэкватная медыцына, свабодная краіна,
дзе паважаюць закон, паважаюць чалавека. Ці вярнуся я працаваць у Беларусь?
Гэта пытанне, на якое ніколі не змагу адказаць: не магу ведаць, пакуль не
апынуся непасрэдна ў гэтай сітуацыі выбару. Я разумею, што тут у мяне ўмовы
працы лепшыя, што тут для развіцця ўмовы лепшыя, але я люблю сваю радзіму —
рашэнне будзе цяжкае. Спадзяюся, гэтае пытанне ўстане перад мной як мага
хутчэй, пажадана заўтра. Але калі чалавек безумоўна адказвае: «Так, я адразу
вярнуся», то ў мяне заўсёды трохі скепсісу. Любы пераезд — гэта стрэс,
складанасці. Я буду шчаслівы, калі хаця б 5-10% медыкаў, што ў
эміграцыі, вернуцца ў новую Беларусь.
Я ведаю людзей, што казалі тут перад вайной: «Я такі патрыёт,
дайце мне аўтамат». А праз дзень пасля ўварвання, даведваешся, што ён ужо
дзесьці за Румыніяй знаходзіцца. Таму нельга ведаць, пакуль чалавек не апынуўся
ў сітуацыі выбару.
Перакананы, што Беларусь будзе вольнай! І я практычна
перакананы, што наступным летам паеду на адпачынак у Ялту частавацца кавунамі.
Паглядзім: робім што можам, і будзе, што будзе.