Лекар-эмігрант: «Я веру ў непазбежнасць пераменаў. Нягледзячы на ўсё, што адбываецца, няма руху назад»

Сузаснавальнік незалежнага прафсаюза медыкаў — пра прычыны свайго ад'езду з Беларусі і пра будучыню краіны.

vlad_1.jpg

Уладзіслаў Загарэй працаваў анестэзіёлагам-рэаніматолагам у РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак. У жніўні 2020-га адседзеў 5 сутак за ўдзел у пікеце Святланы Ціханоўскай у Слуцку (мерапрыемства ў апошні момант адмянілі па надуманых прычынах).

Пасля выбараў у інтэрв'ю «Салідарнасці» Уладзіслаў казаў аб тым, што селектыўныя рэпрэсіі і паказальныя звальненні яшчэ больш з'ядналі людзей.

Хоць яны былі накіраваны на застрашванне, а атрымалася наадварот.

Пасля выбараў Уладзіслаў удзельнічаў у акцыях салідарнасці ў Слуцку і ў Мінску. У канцы верасня на адным з нядзельных маршаў яго зноў затрымалі.

— Мы сабраліся мікрараёнам Грушаўка, ішлі вялікай калонай некалькі сотняў чалавек, сярод іх былі і медыкі, — успамінае Улад. — Па ходзе нашага руху ехаў бусік. Калі мы падышлі да моста каля завулка Розы Люксембург, нас заблакавалі. Прыехалі АМАП і ўнутраныя войскі.

Калі стаіш сярод людзей, перажыванні на піку. Не адчуваеш болю ад удару дубінкамі. Нас завалаклі ў бусікі, адвезлі за кут, пасадзілі ў аўтазакі.

Я займаўся раней адзінаборствамі і ведаў, як прымаць удары. Наогул, мне пашанцавала, я лёгка абышоўся. Затрыманыя, якія апынуліся ў іншых бусах, распавядалі, што іх тэлефоны разбілі дубінкамі.

Уладзіслава адвезлі ў РУУС, а потым адправілі ў Жодзіна:

— Наша камера не была перапоўненая, усім хапіла месца. Але ў іншых умовы адрозніваліся. На наступны дзень мяне і яшчэ аднаго лекара папрасілі выйсці. Прыехаў суддзя з Барысава. Па маёй справе прыйшло хадайніцтва адваката, і мяне адпусцілі дадому. Праз пару дзён быў суд, далі 20 базавых.

Пасля другога затрымання адбылася размова з начальствам, маўляў, ты ж разумееш, рана ці позна можа праліцца кроў, а ў цябе двое дзяцей.

У той жа час, адзначае суразмоўца, кіраўніцтва РНПЦ імкнулася паводзіць сябе тактоўна ў адносінах да падначаленых, і, на яго думку, у іх гэта лепш атрымлівалася, чым у іншых.

— У іншых клініках былі выпадкі, калі галоўдоктары хадзілі па аддзяленнях і шукалі ў шафах супрацоўнікаў сцягі. У нас такога не было.

Па словах Уладзіслава, ён разумеў, што пасля адпрацоўкі па размеркаванні з ім не падоўжаць кантракт. Успамінаючы падзеі восені мінулага года, ён адзначае, што на фоне пратэстаў у медыкаў з'явілася цікавасць да незалежных прафсаюзаў:

— Калі ў канцы жніўня я выйшаў на працу пасля адпачынку, мы з калегамі пакінулі праўладны прафсаюз. Гэта было масава, і ніхто нават пытанняў не задаваў. Але я ведаю, што ў іншых аддзяленнях, дзе я працаваў, аказвалі ціск на калегаў, якія пайшлі тым жа шляхам.

 Са слоў лекара, у ахове здароўя шмат болевых кропак, якія тычацца працоўнага заканадаўства.

— Не хапае персаналу. Загадчыкі аддзяленнямі, старэйшыя медсёстры аказваюць псіхалагічны ціск, кажуць, што ты павінен працаваць на дзве стаўкі.

Часта людзі працуюць суткі, потым у дзень, ноч спяць, а на наступны дзень зноў суткі пачынаюцца. Гэта парушэнне працоўнага заканадаўства. Час адпачынку павінен ў два разы перавышаць той час, які ты адпрацаваў. Гэта тычыцца працы ад 12 гадзін і больш.

Мы размаўлялі з калегамі. Незадаволенасць і стомленасць былі ў наяўнасці. Каласальныя перапрацоўкі, недаплаты.

Па ўказцы начальства людзі пісалі заявы: прашу дазволіць мне працаваць звыш стаўкі. Па законе, калі ты працуеш на стаўку і такой заявы не пішаш, то начальства павінна выклікаць цябе на працу па рапарце, і тваё дзяжурства аплачваецца ў падвойным памеры. Гэтую практыку не ўжывалі.

Уладзіслаў і яго калегі хацелі змяніць сітуацыю і ініцыявалі стварэнне незалежнага прафсаюза медыкаў «Панацэя». Да іх далучыліся калегі з іншых бальніц.

Гэта была вялікая праца. З аднаго боку, у людзей была цікавасць, з другога — баяліся ўступаць, бо гвалт у краіне рос.

Праца прафсаюза станавілася ўсё больш незразумелай у плане перспектыў і страху таго, што цябе затрымаюць. Займацца пытаннямі працоўнага заканадаўства і абароны правоў працаўнікоў магчыма толькі ў свабодным асяроддзі. Акрамя таго, для функцыянавання прафсаюза галоўнае — мець зваротную сувязь ад тых, каму патрэбна дапамога. А як дапамагчы, калі людзі не звяртаюцца з-за страху?

Калі эскалацыя гвалту і пераследу незалежных арганізацый нарошчваецца, у цябе звязаныя рукі. Ты хоць карагоды вадзі вакол дома або таварыства абароны хатніх жывёл стварай — пагроза твайго затрымання ёсць усюды.

Я разумеў, што маё затрыманне як сузаснавальніка прафсаюза — пытанне часу. Вяртаючыся з працы дадому, думаў: калі мне патэлефануюць у дзверы?

...Уладзіслаў паляцеў у Кіеў. На наступны дзень у Мінску пасадзілі самалёт Ryanair і затрымалі Рамана Пратасевіча.

Сям'я Уладзіслава пазней пераехала ва Украіну:

— Жонка працавала выкладчыкам у міжнароднай школе, тут яна знайшла такую ж працу. Я не працую, вучу нямецкую мову. Мы плануем пераезд у Германію.

Уладзіслаў кажа, што вернецца ў Беларусь толькі ў якасці госця. У яго планах — стаць спецыялістам сусветнага ўзроўню.

— Магчыма, мой досвед і мае веды ў будучыні спатрэбяцца Беларусі. Я веру ў непазбежнасць пераменаў. Нават нягледзячы на ўсё, што адбываецца, няма руху назад. Параўнаем рэжым 10-гадовай даўніны і цяпер. Гвалт яшчэ горш. Гэта паказчык таго, што яны баяцца і не разумеюць, што рабіць, а ў гэты час ціск на іх не спыняецца. Будзем спадзявацца, што хутка ў краіне жыццё стане бяспечным.

Лічыць, што цябе не датычыць тое, што адбываецца ў краіне, — гэта вялікая глупства. Гэта тычыцца ўсіх. Калі ты не хочаш нічога ведаць, гэта не значыць, што за табой не прыйдуць. Калі не бачыць і не заўважаць чужога гора і пакут, то не чакай дапамогі, калі гэта закране цябе.