Літоўцы ездзяць закупляцца ў Беларусь: «Там танней — але не таму што жыццё лепш»

Некаторых нашых суседзяў не спыняе небяспека затрымання, і яны працягваюць ездзіць у Беларусь па танныя прадукты і тавары. Партал «Delfi» разбіраўся, ці на самай справе ў Беларусі так добра, як падаецца.

Ілюстрацыйнае фота: twitter.com/franakviacorka

Ілюстрацыйнае фота: twitter.com/franakviacorka


Літоўскі фінансавы аналітык Марус Дубніковас заўважыў, што за 10 гадоў сярэдні заробак у Беларусі вырас амаль у 4 разы і складае 650 еўра. Аднак ён заўважае, што гэта невялікая сума, паколькі рост цэн фіксаваўся ўсюды. «Рост быў не толькі ў Літве, ва ўсіх краінах. А заробак у Беларусі не такі вялікі, як у Літве», – сказаў Дубніковас.

Паколькі заробкі ў Беларусі выраслі, беларусы могуць купіць больш прадуктаў, але не ўсе могуць сабе дазволіць аўтамабіль, смартфон. «Тэхніка, аўтамабілі ў свеце каштуюць столькі, колькі каштуюць, незалежна ад заробкаў. Што тычыцца Беларусі, жыццё там насамрэч не назавеш добрым. Заробкі выраслі, але яны не такія, як у свабодных краінах», — падкрэсліў суразмоўца партала «Delfi».

Частка літоўцаў ахвотна ездзяць па пакупкі ў Беларусь. «Ездзіць туды па пакупкі рызыкоўна. Усякае можа здарыцца. Па-другое, тыя, хто жыве побач з мяжой, едуць туды, бо там танней. Але там танней не таму што там жыццё лепш, а таму што яно якраз горш. Нізкія цэны — прыкмета дрэннага жыцця», — лічыць Дубніковас.

Калі параўнаць цэны ў рэстаранах Мінска і Вільні, то ў мінскіх рэстаранах яны ўсяго на чвэрць ніжэйшыя. «Мне давялося бываць у Мінску да 2014 года. Я не думаю, што сярэднестатыстычны літовец захоча паехаць забаўляцца ў Мінск. Так, ёсць тыя, хто туды едзе, забаўляюцца, купляюць паслугі, але гэта не той кірунак, куды па гэта варта ехаць. Меншая цана — не тое, што павінна прыцягваць. Мне падабаецца такое выказванне: не бойся вялікіх выдаткаў, бойся маленькіх даходаў. У Літве гэта дзейнічае, даходы растуць. І выдаткі растуць, але трэба разумець, што ў канцы дня выдаткі становяцца даходамі. Той, хто траціць, прыносіць даходы іншаму. У Літве гэты абмен дзейнічае», — сказаў фінансавы аналітык.

Беларусь паведамляла, што ў студзені-красавіку ў краіне прададзена больш за 10 000 новых кватэр, што на 25% менш, чым год таму за той жа час. Дубніковас адзначае, што гэта паказвае запаволенне росту эканомікі ў Беларусі. «Эканоміка ў Беларусі — гэта цуд. Іх даныя па росце эканомікі вельмі цікавыя: гэта намаляваныя на дошцы лічбы. Продаж кватэр запавольваецца і будзе запавольвацца, паколькі быць краінай-агрэсарам, якая ўвязалася ў гэты працэс, калі з тваёй тэрыторыі страляюць ракетамі, і спадзявацца на рост эканомікі, складана. Ёсць і санкцыі. Але яны павінны быць больш жорсткімі, больш моцнымі, каб краіна была ў цісках. Калі зніжаецца продаж кватэр, гэта ўжо вельмі добра, бо эканоміка агрэсара павінна зніжацца», — перакананы эканаміст. І хоць беларусы прымудраюцца абысці санкцыі, гандлююць праз пасярэднікаў, з'яўляюцца дадатковыя выдаткі.

«Дадатковыя выдаткі азначаюць, што краіна атрымлівае менш даходаў. Я думаю, санкцыі дзейнічаюць і будуць дзейнічаць, а калі гэтая краіна ўступіць у канфлікт, то яе чакае шлях, які нагадвае Расію. Не трэба забываць, што Расія цягам двух месяцаў панесла такі дэфіцыт бюджэту, які прагназавалі за год. Паглядзім, якія будуць даныя, але Беларусь цалкам залежыць ад Расіі, фінансаванне ідзе з Расіі. Чым далей Расія будзе заходзіць у дрыгву канфлікту, тым больш будзе зацягваць туды Беларусь. Беларусі будзе складаней атрымліваць фінансаванне з Расіі. Зразумела, што з ЕС і суседніх краін яна не зможа атрымліваць грошы. Гэтая краіна асуджаная, параза Расіі ў вайне будзе азначаць пагаршэнне жыцця ў Беларусі», — заўважыў Дубнікавас.

Паводле яго, калі Расія цалкам прайграе ў вайне, калі абрынуцца рэжымы ў Расіі і Беларусі, Літва і Еўропа будуць бачыць у Беларусі прывабны рынак. «У такім выпадку можна было б думаць пра Беларусь як пра яшчэ адзін дадатковы рынак для вольнага свету. Не трэба забываць, што там 10 мільёнаў жыхароў, гэта важна», — адзначыў аналітык.