Як начальнік-садыст «хіміі» атрымліваў асалоду ад псіхалагічнага гвалту над жанчынамі
Былая палітзняволеная здолела распавесці пра здзекі, з якімі сутыкнулася цяжарная кабета на «хіміі».
Пра начальніка папраўчай установы адкрытага тыпу № 25 у Горадні распавяла «Сваб*дзе» былая палітзьняволеная Алена Лысковіч.
«Начальнік «хіміі» — падпалкоўнік міліцыі Сяргей Г. Ён атрымліваў асалоду ад псыхалягічнага гвалту над жанчынамі — гэта яго галоўны, скажам так, прынцып жыцьця.
Мы добра пазнаёміліся з Марынай Сачыўкай. Празь месяц знаходжаньня на «хіміі» яна даведалася, што цяжарная. А начальнік зразумеў, што гэта яе слабае месца, і пачаў зь яе зьдзекавацца.
То-бок цяжарнасьць была для яго такім асноўным матывам, каб Марыну проста псыхалягічна зьнішчаць, карыстаючыся тым, што яна ня можа абараняцца. Вядома, ёй было вельмі цяжка», — расказала праваабаронцам Алена Лысковіч пасьля адбыцьця 1,5 гадоў «хіміі» ў Горадні.
Згодна з заканадаўствам, для жанчынаў на 12 тыднях цяжарнасьці прадугледжаны перавод на «хатнюю хімію», аднак начальнік быў супраць такога раскладу ў дачыненьні да Марыны Сачыўкі, расказала Лысковіч.
«Ён склаў дакумэнты: Марына ня будзе пераведзеная на «хатнюю хімію», бо, калі прыйдзе дэкрэтны водпуск, у яе будзе ўмоўна-датэрміновае вызваленьне і яна паедзе дадому. Суд падтрымаў ягонае трызьненьне.
І вось у канцы сьнежня 2022 году ў яе надыходзіць дэкрэт. І абвешчаны ў нас на «хіміі» паказальны суд: прыехаў судзьдзя, пракурор, сабралі ўсіх асуджаных, начальнік таксама прысутнічаў у залі. І тут устае гэтая опэрупаўнаважаная, якая суправаджае па судах усіх асуджаных, і кажа: "А ў нас ад кіраўніцтва ПУАТ хадайніцтва. І мы хадайнічаем не аб умоўна-датэрміновым вызваленьні, а аб узмацненьні жорсткасьці“».
Алена Лысковіч расказала, што гэтая навіна стала для ўсіх шокам.
«Мы ўсе «выпалі ў асадак». Атрымліваецца, яны падалі хадайніцтва аб тым, што Марыне будзе падоўжаная «хатняя хімія». Што яе адбыцьцё «хіміі» заменяць на хатнюю. То-бок чалавек цалкам падмануты, уведзены ў зман.
Судзьдзя нешта там праглынуў і ў нейкіх скамечаных фразах зачытаў паперу пра тое, што так і будзе. І празь 5 хвілінаў вынес пастанову аб тым, што Марына паедзе адбываць яшчэ паўтара года «хатняй хіміі». І мы назіралі гэтую абуральную сваволю, гэтае парушэньне ўсіх мажлівых і немажлівых нормаў закону. І самае страшнае, што судовая і пэнітэнцыярная сыстэма павязаныя ў адну суцэльную сыстэму, якая займаецца толькі гвалтам над людзьмі, толькі перасьледам».
Алена Лысковіч зазначыла, што «аднаму Богу вядома, як Марына пратрымалася там 7 месяцаў».
«Нядаўна, 15 сакавіка, у яе нарадзілася дачушка. Дзякуй Богу, нарадзілася здаровае дзіцятка», — расказала Лысковіч.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня з абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з «хіміі» нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу і адбыцьцё пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.