Хронікі рэпрэсій за 5 чэрвеня: смерці за кратамі, новыя «экстрэмісты» і «пакаяльнае відэа» з маці «каліноўца»

Пакуль рэжым знаходзіцца ва ўладзе, за кратамі працягваюць гінуць людзі.

Загінулы Дзмітрый Сарокін

Загінулы Дзмітрый Сарокін


***

У Лідскім РАУС памёр 37-гадовы мясцовы жыхар Дзмітрый Сарокін, напісаў у твітары праваабаронца Сяргей Сыс са спасылкай на знаёмага загінулага. Гэтую інфармацыю пацвердзіла крыніца «М*дыязоны».

Прычына, па якой Дзмітрый Сарокін апынуўся ў РАУС, невядомая. Аднак, як расказаў знаёмы Дзмітрыя, сілавікі затрымлівалі яго раней і здымалі з ім «пакаяльнае» відэа.

Прычына смерці мужчыны невядомая. Пахаванне прызначанае на аўторак.

Дзмітрыю Сарокіну было 37 гадоў. Ён пісаў вершы, удзельнічаў у фэстах сучаснай культуры. У нулявых удзельнічаў у гістарычных рэканструкцыях. Цяпер сталай працы не меў.

***

Як выявілі журналісты, раніцай 8 снежня 2020 года ва УДС Заводскага РУУС Мінска быў знойдзены мёртвым Міхаіл Бокуць, 1976 года нараджэння. Напярэдадні вечарам яго затрымаў участковы інспектар ГАМ № 3 Заводскага РУУС маёр міліцыі Пціцын. На момант затрымання Бокуць не пацярпеў, але праз 11 гадзін 49 хвілін яго знайшлі мёртвым у будынку РАУСа. Брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі заставалася толькі канстатаваць яго смерць.

Упраўленне Дзярждэпартамента Мінгарвыканкама прызначыла службовую праверку, РАСК па Заводскім раёне Мінска адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Дагэтуль няма інфармацыі, што стала прычынай смерці Міхаіла Бокуця.

***

5 траўня Брэсцкі абласны суд завяршыў разгляд крымінальная справы супрацоўніка IT-кампаніі Паўла Петручэні. Яго прызналі вінаватым «у распальванні сацыяльный варожасці, якое было здзейснена групай альбо пацягнула за сабой цяжкія наступствы» (ч. 3 арт. 130 КК) і пакаралі шасцю гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Справу разглядаў суддзя Мікалай Сянько, дзяржабвінаваўца — пракурор Аляксандр Богуш. Пра Паўла брэсцкае ТБ паказала сюжэт, з якога вынікае, што ён у 2013-2018 гадах працаваў у Дэпартаменце аховы Брэсцкай вобласці вядучым інжынерам-электронікам і атрымаў доступ да асабістых звестак супрацоўнікаў. У 2020 годзе Петручэня перадаў звесткі пра не менш чым 39 супрацоўнікаў у «ЧКБ».

***

Як стала вядома праваабаронцам, 25 траўня судом Слоніма і Слонімскага раёна 40-гадовы Аляксандр Лагута быў прысуджаны да двух з паловай гадоў «хіміі» за «паклёп» на Лукашэнку (ч.2 арт.367 КК). Дзяржабвінавачванне прасіла для яго тры гады.

Мужчыну судзілі за каментары ў 2020 годзе ў тэлеграм-чаце «Слоним для ж*зни», якія абвінавачанне палічыла «ўжо ілжывай інфармацыяй», што «абражае гонар і годнасць Лукашэнкі».

У каментарах, сярод іншага, Аляксандр расказаў пра нацыянальны страйк і крадзеж Лукашэнкам права народа на выбар. Зняволены растлумачыў, што на момант напісання каментароў лічыў, што выбары прайшлі несправядліва.

***

Палітвязня Аляксандра Францкевіча зноў змясцілі ў ШІЗА. Стала вядома, што яму далі яшчэ 10 сутак — Францкевіч будзе знаходзіцца там да 15 чэрвеня. Палітвязень — актывіст анархісцкага руху і фігурант справы «Рэвалюцыйнага дзеяння», асуджаны да 16 гадоў і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў сярэдзіне сакавіка ў Івацэвіцкую калонію № 5. Праваабаронцам стала вядома, што 28 сакавіка Аляксандра змясцілі ў штрафны ізалятар. Адразу яго адправілі на 10 сутак, а потым тэрмін у ШІЗА працягнулі.

***

Бізнэсоўца з Магілёва Уладзіміра Тычынскага арыштавалі на 15 сутак за ўкраінскі і нацыянальны сцягі ў салоне аўтамабіля. У прапагандысцкім сюжэце абласнога магілёўскага канала «Беларусь 4» гаварылася, што мужчына «быў прыхільнікам украінска-нацысцкіх фармаванняў», а таксама «ездзіў на сваёй машыне з украінскай нацыяналістычнай сімволікай». Апошняе адносіцца да афіцыйнага сцяга Украіны.

Як паведамляюць праваабаронцы, у канцы мінулага тыдня ва Уладзіміра быў суд. Ёсць інфармацыя, што мужчыну арыштавалі на 15 сутак.

***

Адміністратарка суполкі «Беларуская турма» ва «УКантакце» пад псеўданімам «Алёна Алёнкіна» арыштаваная на 10 сутак. Суд адбыўся 5 чэрвеня ў Глыбокім. Вядома, што да яе напярэдадні выходных наведаліся супрацоўнікі міліцыі з Віцебска і правялі ператрус. У віну ёй паставілі «пропаганду "воровского мира"», а таксама перапост інфармацыі з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў. Суполка «Беларуская турма» афіляваная з псеўдаправаабаронцай, якая цяпер працуе ў выданні «Советская Белоруссия» Аленай Красоўскай. У суполцы ўвесь час паліваліся брудам прадстаўнікі беларускай апазіцыі і праваабарончай супольнасці, а асабліва заўзята вялася барацьба з рухам «Маці-328», створаным сваякамі грамадзян, асуджаных за нарказлачынствы. Аўтары ўвесь час нахвальвалі сілавікоў і існуючы рэжым.

***

ГУБАЗіК прымусіў маці ваяра палка Каліноўскага запісаць відэа да сына. Сілавікі сцвярджаюць, што жанчына нібыта сама папрасіла запісаць зварот. Але з улікам таго, што яны часта прымушаюць людзей гаварыць на камеру тое, што ім трэба, гэта выклікае вялікія сумневы.

У відэа жанчына просіць сына Яраслава вярнуцца ў Беларусь ці ў Літву, дзе ён працаваў да таго, як запісаўся ў полк Каліноўскага. А таксама звяртаецца да яго знаёмых, каб дапамаглі сыну «адумацца».

«Не рызыкуй ні сваім жыццём, ні маім здароўем», — кажа жанчына.

***

У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 прозвішчы — цяпер у ім 2890 чалавек. 2 чэрвеня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Сярод іншых, у спіс дадалі былую выкладчыку МДЛУ Наталлю Дуліну, бацьку шасцярых дзяцей Дзмітрыя Лазара, лекара Яўгена Бужынскага.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1513 палітвязняў. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1747 чалавек. Сярод іх — 198 жанчын і 7 непаўнагадовых. 17 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.