Былы губазікавец: Кубракоў асабіста паказваў, як біць

Станіслаў Лупаносаў у 2020 годзе працаваў у ГУБАЗіКу, але адмовіўся збіваць людзей, звольніўся і цяпер працуе ў аб'яднанні былых сілавікоў. У чарговым інтэрв'ю ён расказаў пра кіраўнікоў сілавых ведамстваў.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Былы супрацоўнік ГУБАЗіКа і падпалкоўнік міліцыі Станіслаў Лупаносаў згадаў, што не моцна адчуваў прарасійскія настроі ў цэлым у МУС. Пры гэтым яны моцна адчуваліся ў ГУБАЗіКу, дакладней — у іх кіраўнікоў: Мікалая Карпянкова і Міхаіла Бедункевіча.

— На трэці дзень маёй працы ў ГУБАЗ мяне выклікаў да сябе Карпянкоў, там таксама знаходзіўся і Бедункевіч. Карпянкоў пачаў мяне «апрацоўваць»: маўляў, цяпер перадвыбарчы час, няпростыя часы, мы павінны згуртавацца, і ў нас усё будзе добра, таму што за намі Пуцін, Лукашэнка, Трамп. Пуцін быў на першым месцы. Відаць, што чалавек не да канца разумеў палітычную абстаноўку ў свеце, – сказаў Лупаносаў у інтэрв'ю каналу «ТОК».

Ён таксама размеркаваў па значнасці і ўплывовасці сілавыя структуры Беларусі. Паводле яго, на першых месцах — КДБ і ААЦ.

— Цяпер, думаю, у ААЦ вышэйшы ўзровень доступу да інфармацыі, яны больш ведаюць, але рэальнай улады больш у КДБ. Потым ідзе МУС, таму што яны ахопліваюць усю краіну, затым Дзяржпамежкамітэт. Міністэрства абароны ў грамадстве практычна не прадстаўлена і моцнага ўплыву на яго не аказвае.

Лупаносаў дадаў, што падчас вайны ва Украіне роля Міністэрства абароны значна павялічылася, яно атрымала падтрымку з боку Расіі. Менавіта таму, лічыць сілавік, Лукашэнка даручыў 9 мая прачытаць сваю прамову Віктару Хрэніну. Так кіраўнік паказаў, што міністр абароны, якога падтрымлівае Расія, павінен пачаць сябе праяўляць.


Лупаносаў таксама выказаў сваё меркаванне пра кіраўніка МУС Івана Кубракова і старшыню КДБ Івана Церцеля.

— Кубракова прызначылі начальнікам Галоўнага ўпраўлення па ахове грамадскага парадку яшчэ падпалкоўнікам міліцыі, і гэта кінулася ў вочы. Звычайна гэта цэнтральны апарат МУС, там усе палкоўнікі, а ён падпалкоўнікам заняў такую пасаду.

Потым ён стаў начальнікам ГУУС Мінгарвыканкама — неяк лёгка ўсё гэта ў яго ішло. Затым стаў начальнікам УУС Віцебскай вобласці, стаў генералам, потым вярнуўся ў Мінск, стаў начальнікам ГУУС. І калі праходзілі выбары, пратэсты, ён займаў гэтую пасаду.

Кубракоў зарэкамендаваў сябе вельмі добра для Лукашэнкі. Калі людзей дастаўлялі на Акрэсціна, мала хто з супрацоўнікаў міліцыі хацеў біць пээрам (ПР – дручок. Заўв. рэд.). Ён сваім асабістым прыкладам узяў палку ў супрацоўнікаў і паказаў, як трэба біць.

Тады ён быў начальнікам ГУУС. Паказаў асабістым прыкладам, каб іншыя не баяліся рабіць тое самае. Вось такім спосабам Кубракоў вырашыў пабудаваць сваё жыццё, такім спосабам стаць міністрам.

Калі казаць пра Церцеля, то зыходзячы з той характарыстыкі, якую давалі супрацоўнікі, якія раней з ім працавалі, чагосьці высокага ў ім ніхто ніколі не бачыў. Бачылі выключную выканаўчасць. Ён быў выканаўцам — добра, дрэнна — не важна, галоўнае выканаць, — адзначыў Лупаносаў.


Таксама ў сваім нядаўнім інтэрв'ю «Радыё Р*цыя» экс-губазікавец і цяперашні супрацоўнік «BYP*L» расказаў, што ў жніўні 2020 года каля 40% ГУБАЗіКа былі на баку народа. Але, паводле слоў Лупаносава, калі палітычная сітуацыя змянілася, амаль ніхто не звольніўся — яны засталіся працаваць у сістэме:

«У першы час пасля выбараў каля 40% ГУБАЗіКу адназначна было на баку народа. Яны гэта не паказвалі, проста нічога не рабілі. Яны нічога не выконвалі.

Другая частка бегала разам з Карпянковым, разам з Бедункевічам, з байцамі сілаў спецыяльных аперацый міністэрства абароны. Тыя кадры, якія мы бачылі, гэта рабілі яны».

Як сведчыць былы сілавік, практычна з кожным супрацоўнікам ГУБАЗіКа размаўлялі асабіста — «пра палітыку», даводзілі, што «за намі Расія». Пасля гэтага звальненні ў ведамстве скончыліся.

Паводле «Салідарнасці»